Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паказвае абсурд, які адбываецца зь Беларусьсю». Кніга пра дыскрымінацыю беларускай мовы выйшла па-ангельску


Аліна Нагорная з новай кнігай
Аліна Нагорная з новай кнігай

Кніга пра дыскрымінацыю беларускай мовы ў Беларусі выйшла па-ангельску. Аўтарка Аліна Нагорная расказала Свабодзе, для каго гэты пераклад, як чытаўся папярэдні расейскамоўны і навошта перакладаць кнігу на мову суседзяў.

Кніга 404 Language Not Found — гэта пераклад беларускамоўнай кнігі «Мова 404» праваабаронцы Аліны Нагорнай. У кнізе больш за 100 гісторый моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі.

«Існуе лжывае меркаваньне, што беларусы самі, без усялякага ціску і прымусу абіраюць расейскую мову і адмаўляюцца ад беларускай. Беларусы кожны дзень сутыкаюцца зь цяжкасьцямі і перашкодамі, спрабуючы карыстацца беларускай мовай. Я хачу паказаць сутнасьць і маштаб праблемы для людзей ва ўсім сьвеце», — адзначыла аўтарка.

Тыраж кнігі 150 асобнікаў. Сто зь іх перадалі праваабарончым арганізацыям, дыпляматам. Яшчэ 50 можна набыць у аўтаркі, у крамах «Кропка» і «The.Bookest.word». Ёсьць бясплатнаяэлектронная вэрсія.

«Я рыхтавала гэтую кніжку ў першую чаргу для людзей і арганізацый, якія могуць у доўгатэрміновай пэрспэктыве паўплываць на беларускую палітыку, і для навуковых бібліятэк», — тлумачыць Аліна.

Яна мяркуе, што дыскрымінацыя беларускай мовы можа быць прадметам перамоваў з прадстаўнікамі іншых дзяржаваў, бо гэта таксама парушэньне правоў беларусаў.

Праца над кнігай ішла каля паўгода. Імёны рэдактара, перакладчыкаў, дызайнэра застаюцца ў сакрэце дзеля бясьпекі людзей.

«Самае галоўнае ў гэтай кнізе — каб людзі даведаліся, што адбываецца», — кажа аўтарка.

Раней зьявіўся пераклад кнігі на расейскую мову. Нагорная ведае, што яе праглядалі онлайн людзі зь Беларусі і з-за мяжы, у тым ліку з Расеі. У старонкі на сёньня больш за 2 тысячы наведваньняў.

Аліна Нагорная прэзэнтуе выхад кнігі ў перакладзе на расейскую мову, архіўнае фота
Аліна Нагорная прэзэнтуе выхад кнігі ў перакладзе на расейскую мову, архіўнае фота

«Гэта вельмі клясны вынік, што расейцы чытаюць кніжку», — адзначае суразмоўца.

У будучыні яна хацела б перакласьці кнігу на мовы ўсіх краін-суседак Беларусі.

«Незалежна ад таго, што ёсьць цяпер, далей нам трэба неяк існаваць, рабіць супольныя рэчы. Было б клясна, каб людзі ведалі, што адбываецца ў нашай краіне», — кажа яна.

Аўтарка мяркуе, што ейная кніга добра паказвае абсурд, які адбываецца зь Беларусьсю ў разрэзе мовы.

«Ёсьць закон, дзе беларуская мова дзяржаўная, і ёсьць больш за сто рэальных гісторыяў, дзе быццам бы беларуская мова ўвогуле не прапісаная. Мне здаецца, што гэтая кніжка добра паказвае, у якім амбівалентным стане мы жывём», — мяркуе Аліна.

У новае выданьне кнігі аўтарка ўключыла храналягічныя факты пра беларускую мову, пачынаючы з Х стагодзьдзя, калі зьявілася пісьменнасьць.

«Я хачу паказаць, наколькі недарэчнае становішча расейскай мовы, нягледзячы на той прыгнёт і дыскрымінацыю, якая адбываецца зь беларусамі, якія карыстаюцца сваёй мовай у Беларусі. Усё адно расейскай мове нават прыхільнікі пераменаў хочуць надаваць нейкія асаблівыя статусы. Калі ведаць гісторыю беларускай моўнай палітыкі, гэта выглядае вельмі недарэчна», — разважае Аліна.

Яна хоча, каб беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі. Каб на ёй пісалі дакумэнты, інфармацыю на таварах, каб на ёй дзейнічала армія, адукацыя.

«Яна мусіць быць мовай дзяржавы. Ва ўсіх нашых суседзяў толькі адна дзяржаўная мова... Гэта ня значыць, што будуць забараняць размаўляць на расейскай мове. Канечне, не», — кажа яна.

Аліна кажа, што на продажы кніг можна зарабіць няшмат. Прыбытак не пакрывае выдаткаў часу. Раней, прыкладам, каб папрацаваць, трэба было наймаць няньку.

У Instagram Аліна стварыла старонку пра моўную сытуацыю ў Беларусі. Неўзабаве мае выйсьці яшчэ адна Алініна кніга — для дзяцей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG