Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Васьміног», «Кніжны воз», «Раю». Топ-5 беларускіх адукацыйных праектаў для дзяцей


Каляж
Каляж

Свабода сабрала топ-5 беларускамоўных праектаў для дзяцей — забаўляльных і адукацыйных.

Навучыцца пісаць, даведацца пра пустыні Афрыкі, пасьпяваць калядныя песьні, паглядзець мультфільмы, паслухаць казкі. Усё гэта можна па-беларуску і онлайн. Свабода сабрала топ-5 беларускамоўных праектаў для дзяцей.

«Кніжны воз»

Гэта вялізная аўдыёбібліятэка дзіцячых казак і песень па-беларуску. Бацькі тут знойдуць творы і для самай малечы, і для падлеткаў. Запісы ёсьць і кароткія, і шматгадзінныя.

Дзеці змогуць паслухаць народныя казкі, вершы Андрэя Хадановіча, гісторыі ў перакладзе пра Віню Пыха, швэдзкіх пэрсанажаў Пэтсана і Фіндуса, а таксама Малога і Мядзьведзіка.

Падлеткам прапануюць «Хронікі Нарніі», «Дзікае паляваньне караля Стаха», гісторыі пра Шэрлака Голмса, Тома Соера, Рабінзона Круза, Алісу ў Залюстроўі, Маўглі, пра подзьвігі Геракла.

Старонка зьмяшчае больш за тузін музычных альбомаў — ад калыханак да калядных сьпеваў. Калядным кнігам таксама прысьвяцілі асобны разьдзел.

Праект паўстаў у кастрычніку 2020 году. Цяпер на ім каля паўтары сотні прафэсійна агучаных твораў. Стварыў «Кніжны воз» Міхась Бутылін, сузаснавальніца праекту агучваньня — акторка Крысьціна Дробыш. Гэта некамэрцыйны праект. «Кніжны воз» можна знайсьці і ў якасьці аплікацыі на App Store i Google Play.

«Школьны воз»

Адукацыйная ініцыятыва, падобная назвай, але іншая зьместам да папярэдняй. Гэта цыкль відэаўрокаў паводле школьнай праграмы. Ужо можна глядзець урокі па гісторыі Беларусі за 6-ю і 7-ю клясы ў праекце «Альгерд ужо ня той», сэрыю ўрокаў па ангельскай мове для пятай клясы, а таксама «Геаграфію з Маляванычам» для сёмай.

Сэрыі падзеленыя на параграфы. Доўжацца ў сярэднім 15-20 хвілін. Лекцыі ілюстраваныя ў відэа.

Аўтары заахвочваюць настаўнікаў далучацца да ініцыятывы, каб запісаць відэаўрокі па іншых прадметах і для іншых узростаў. Яны запрашаюць глядзець урокі ня толькі школьнікаў, але і бацькоў, і пэдагогаў.

Праект паўстаў у верасьні 2023 году. У яго 4,4 тысячы падпісантаў.

«Васьміног»

Адукацыйны праект «Васьміног» зьявіўся ў пачатку 2023 году. Ягоным кіраўніком пазначаны Аляксей Канстанцінаў. Праект пазыцыянуе сябе як пазашкольныя онлайн-курсы. Некаторыя зь іх бясплатныя, іншыя платныя. Але, каб атрымаць доступ нават да бясплатных курсаў, трэба зарэгістравацца.

Праект прапаноўвае навучыць малых чытаць, дапамагчы хуткачытаньню, ёсьць курсы з хіміі, геаграфіі, лёгікі, дзіцячага праграмаваньня, жаночай гісторыі Беларусі.

На старонцы можна знайсьці падручнікі па беларускай мове для пачатковай школы і аблічбаваны архіў Віленскага беларускага музэя імя Івана Луцкевіча, забаўляльны кантэнт для дзяцей і матэрыялы для настаўнікаў.

У «Васьмінога» таксама ёсьць канал на Youtube. Ён паўстаў сёлета ў студзені. Там ёсьць цыкль карацелек (да дзьвюх хвілін) па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, у сэрыі для маленькіх «Літары» пакуль зьявілася толькі гісторыя пра літару «А», а таксама апублікавана больш за 20 кароткіх відэагісторый пра календарныя зьявы «Чароўны карагод года». На канале ёсьць і адукацыйныя даўжэйшыя відэа пра культуру і гісторыю Беларусі з тэлевядоўцай Кацярынай Барушкай.

Baybus

«Найлепшы сябра маленькіх гарэз і дарослых жэўжыкаў. Канал з клопатам і павагай, з хітрыкамі ды цікавосткамі, зь пяшчотай і весялосьцю», — так прадстаўляюць праект аўтары. Яны публікуюць забаўляльны, навучальны і разьвіцьцёвы кантэнт. Абяцаюць разам усьміхацца, адкрываць новае, зьдзіўляцца неверагоднаму.

На старонцы ёсьць анімаваныя або інсцэнаваныя вершы, песьні, мультфільмы, казкі. Baybus зьявіўся больш за тры гады таму. На канале амаль 300 відэа і больш за 10 тысяч падпісантаў.

Студыя «Раю»

Праект паўстаў два гады таму. Ён прапануе забаўляльны і пазнавальны кантэнт. Там больш за паўсотні відэа і больш за 700 падпісантаў.

На старонцы малыя могуць навучыцца пісаць літары разам са Сьлімачком і дзецьмі-вядоўцамі; знайсьці мультфільмы-гульні з Козачкай; даведацца пра традыцыі беларускіх Калядаў і гуканьня вясны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG