Гісторыя
«Трызуб і Пагоня»
Гэта праект кампаніі «Будзьма беларусамі». Ён расказвае пра 1000 гадоў супольнай гісторыі ўкраінцаў і беларусаў. Канал мае 62 тысячы падпісчыкаў. Перадачы пачалі выходзіць больш за два гады таму на беларускай мове. Цяпер праект налічвае 70 відэа. Яны доўжацца па 7-15 хвілін.
Вядоўца — культурная дзяячка і музыка Кацярына Ваданосава (гісторык адукацыяй). Яна расказвае, за што палілі ведзьмароў у ВКЛ, разважае, чый Смаленск і тлумачыць, адкуль узяліся вікінгі над Дняпром. З сэрыі перадач можна бліжэй пазнаёміцца зь беларускай і ўкраінскай вышыванкай, даведацца пра роль жанчын у гісторыі гэтых дзьвюх краін і пачуць, дзе шукаць беларускія народныя песьні.
Самае папулярнае відэа з пытаньнем «Хто спаліў Хатынь?» набрала амаль 870 тысяч праглядаў.
«Вусы Скарыны»
Гэта адзін з гістарычных праектаў тэлеканалу «Белсат». На Youtube-канале «Белсат History» 29 тысяч падпісчыкаў. Канал на беларускай мове. Быў створаны больш за 2 гады таму. Апошнія выпускі выйшлі 4 месяцы таму. Усяго на канале звыш 90 відэа. Сярэдняя даўжыня выпускаў 15-20 хвілін.
Вядоўца — гісторык Цімох Акудовіч. Ягоныя сувядоўцы — намаляваныя коцікі. Адметнасьць відэа — у дадатковых ілюстрацыях. Аўтары пазыцыянуць «Вусы Скарыны» як праграму пра нечаканыя павароты беларускае гісторыі.
Зь відэа гледачы даведаюцца, адкуль узялося слова «Русь», хто такія ўніяты і як у Смаргонскай акадэміі вучылі мядзьведзяў. Частка выпускаў прысьвечана Ўкраіне: як яе хацелі падзяліць, навошта Расеі Кіеў і чаму ўкраінскія казакі — эўрапейцы. Большасьць перадач расказваюць пра асобаў беларускай гісторыі: ад Францішка Скарыны да Цёткі, ад Барбары Радзівіл да Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Самае папулярнае відэа называецца «Нашто Расеі сталіца Ўкраіны?». Яго праглядзелі 75 тысяч разоў.
«Загляне сонца»
Youtube-канал на беларускай мове існуе адзін год. У яго 11,5 тысячы падпісчыкаў. На ім больш за 50 відэа. Яны выходзяць прыкладна раз на тыдзень. Сярэдняя даўжыня выпускаў 15-20 хвілін.
Вядоўца — журналіст Мікіта Мелказёраў, які называе сябе нэафітам. Ён расказвае пра гісторыю Беларусі і выдатных беларусаў, а таксама іншых дзеячоў, зьвязаных зь Беларусьсю. Ахоплівае часы ад Вялікага Княства Літоўскага да незалежнай Беларусі. Успамінае пэрыяд Беларускай Народнай Рэспублікі, разважае пра Другую ўсясьветную вайну і ўдзел беларусаў у афганскай вайне. Аналізуе дачыненьні Беларусі і Расеі.
Зь відэа гледачы могуць даведацца, чаму Беларусь — гэта Эўропа, якія галоўныя міты пра партызанаў стварыла прапаганда і чым для беларусаў значны чачэнскі генэрал Джахар Дудаеў. Самае папулярнае відэа — пра Берасьцейскую крэпасьць — паглядзелі 70 тысяч чалавек.
Праз гэты канал Мікіта заклікае «беларусець разам».
«Тутэйшы шляхціч»
Гэта аўтарскі праект 24-гадовага блогера Ўсяслава Пашкевіча зь Менску. Ён называе сябе «папулярызатарам гісторыі Беларусі і беларускай мовы». Вучыўся ў каледжы на экскурсавода. Пасьля 2020 году зьехаў у Польшчу. Весьці Youtube-канал пачаў 5 гадоў таму па-беларуску. Цяпер на канале 11,4 тысячы падпісчыкаў і 79 відэа.
З канала «Тутэйшага шляхціша» можна даведацца, як беларусы кіравалі Масквой, як Беларусь пазбавілася мільёна габрэяў і як узьнікла беларуская лацінка. Самае папулярнае відэа пра тое, як фармаваліся межы Беларусі і як Сталін «парэзаў» Беларусь, набрала 49 тысяч праглядаў.
Мова
«Пакрысе»
Аўтарка канала — філёляг і былая выкладчыца ліцэя БДУ Паліна Масьлянкова. Яна прэзэнтуе свой праект як «моўная хвілінка ў ваша жыцьцё».
На старонцы «Пакрысе» можна знайсьці папулярныя памылкі, якія людзі робяць у беларускай мове, моўныя тэсты і заданьні, падборкі беларускіх кніжых навінак, фольк-гуртоў, блогераў, падкастаў і песень на вершы расстраляных паэтаў. А таксама — лексыку, якую можна ўжываць на трэніроўцы і на кухні, у адрас каханых і супрацоўнікаў сэкс-індустрыі.
На канале ў Instagram 8,8 тысячы падпісчыкаў. Праекту больш за 2 гады.
Паліна таксама стварыла онлайн-курсы беларускай мовы для дарослых «Беларуская мова пакрысе».
Блог Лізы Ветравай
У Лізы Ветравай 91,7 тысячы падпісчыкаў у TikTok і 52 тысячы ў Instagram. «Беларускае — гэта стыль, сэкс, любоў», «Мая мова не ідэальная, але сапраўдная», — заяўляе на сваіх старонках блогерка і мэдыяэкспэртка.
У блогу Лізы можна знайсьці інтым-слоўнічак, ветлівыя звароты, дыялектныя беларускія словы. Яна паказвае частыя памылкі ў беларускай мове. Міні-лекцыі праводзіць пэрсанаж блашчыца. Дапамагае ў навуцы і кот Лізы Бубця. Блогерка разважае на тэмы пражываньня эмоцый, хэйту, зьнешняга выгляду, правоў жанчын, стомы ад сацыяльных сетак. Нядаўна Ліза абвесьціла, што блог будзе мяняць кірунак з гульнявога на больш глыбокі.
«Толькі пра мову»
У аднайменнай моўнай суполцы ў Instagram 22,8 тысячы падпісчыкаў, у Facebook — 10 тысяч удзельнікаў.
У іх можна знайсьці выразы на штодзень, міжмоўныя пасткі, тэсты і апытанкі, тлумачэньне паходжаньня словаў, слушныя гістарычныя назвы мясьцінаў, правілы граматыкі, факты пра беларускіх дзеячоў. Экспэртам у суполцы выступае мовазнаўца Вінцук Вячорка.
Старонка ў Facebook выконвае ролю пляцоўкі для абмеркаваньня. Кожны ахвочы можа задаць пытаньне, як правільна сказаць нешта па-беларуску, або падзяліцца, як тую ці іншую зьяву называлі ў ягонай мясцовасьці.
Культура
«Міністэрства сэпультуры»
Гэта канал пра беларускую музыку. «Ад „Ляпіса Трубяцкога“ да Molchat Doma, ад „Петли Пристрастия“ да Gods Tower, ад Nizkiz да „Дай дарогу“».
Ягоны аўтар і вядоўца — журналіст і пісьменьнік Аляксандар Чарнуха. Канал існуе паўтара года. У яго 9,6 тысячы падпісчыкаў. Усяго на канале 56 відэа. Выпускі ідуць па 20-30 хвілін.
Журналіст крытыкуе Лявона Вольскага, Сяргея Міхалка і Макса Каржа, а Іну Афанасьеву называе каралевай. Разважае, хто самая ўплывовая жанчына ў беларускай музыцы і які беларускі гімн галоўны. Знаёміць суайчыньнікаў зь беларускімі выканаўцамі, вядомымі ў сьвеце або не. Знаходзіць невядомыя факты пра музыкаў і шоўбізнэс пры Лукашэнку. Рэкамэндуе беларускіх аўтараў і выканаўцаў, якіх варта паслухаць.
«Каля культуры»
Гэта канал пра тое, як атрымліваць задавальненьне ад культурных прадуктаў. Пра тое, як і навошта хадзіць у музэі і тэатры.
«Мы расказваем пра мінулае, калі гэта дапамагае разумець цяперашняе. Мы гаворым пра мастацтва без прыдыханьня і грэблівасьці. Мы вывучаем сваё, каб расьці як нацыя», — пішуць аўтары канала.
Канал існуе чатыры гады. На ім 129 відэа і 22 тысячы падпісчыкаў. Апошнім часам кантэнт выходзіць па-беларуску.
Аўтар і вядоўца канала — мастацтвазнаўца і экскурсавод Мікіта Моніч. Ён расказвае пра беларускае і сусьветнае мастацтва. Знаёміць зь беларускімі мастакамі. Раіць, што варта паглядзець на выставах у Менску. Разважае, дзе шукаць традыцыйную беларускую культуру. Знаёміць з мастакамі мінулага і сучаснасьці: Шагалам, Суціным, Данцыгам. І заахвочавае «спажываць культуру».
Хадановіч
Гэта літаратурны канал беларускага паэта, літаратуразнаўца і перакладчыка Андрэя Хадановіча.
«Тут я распавядаю пра літаратуру, якая стала актуальнай у нашы часы, пра літаратуру, у якой мы з вамі цяпер жывём. У сытуацыі, у якой апынулася Беларусь, у сытуацыі, калі з унівэрсытэтаў звольненыя найлепшыя выкладчыкі і адлічаныя студэнты, мы самі робім сваю культуру, мы самі робімся інстытуцыямі. Мы самі сабе ўнівэрсытэты, бібліятэкі і школы», — напісаў пра свой канал аўтар.
Канал існуе 2,5 года. На ім 99 відэа і 12 тысяч падпісчыкаў.
Форум