Да кожнай песьні будзе прыкладзены QR-код для праслухоўваньня плюс караоке. Зараз абвешчаны збор на выдачу кніжкі.
У размове са Свабодай аўтарка расказала пра ідэю кнігі і пра выхаваньне дзяцей у рэчышчы беларускай культуры.
«Выхаваньне па-беларуску — моцная глеба, на якой захаваецца і сьвядомасьць, і краіна»
Тацяна 20 гадоў займаецца падрыхтоўкай матэрыялу для беларускіх школаў, гурткоў, для дзяцей і іхных бацькоў. І хоць апошнія 4 гады сьпявачка і кампазытарка вымушана жыве ў Стамбуле, яна не пакідае і на чужыне беларускай справы.
«Выхаваньне па-беларуску — моцная глеба, на якой захаваецца і сьвядомасьць, і краіна. Я час ад часу чытаю чат беларускіх настаўнікаў музыкі. Яны абмяркоўваюць праблемы, дзеляцца матэрыяламі, даюць парады, як правесьці ўрокі. І што я сабе адзначыла: толькі зрэдку выкарыстоўваюцца на занятках беларускія песьні, а праблема папросту ў тым, што іх няма, асноўныя ж матэрыялы для працы — гэта расейскія песьні, яны ёсьць на любы густ, на любую тэму. Калі набліжаўся мінулы Новы год, я адчула патрэбу ў стварэньні навагодніх песень, бо не хапае свайго, беларускага матэрыялу на любую тэму, і навагоднюю ў тым ліку» — дзеліцца Тацяна.
Сёлета кампазытарка сабрала зімовыя і навагоднія вершы і клясыкаў, і сучасных паэтаў: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Ларысы Геніюш, Цёткі, Васіля Жуковіча, Янкі Журбы, Уладзімера Някляева, Валянціны Аксак. А Сяржук Сокалаў-Воюш акурат для гэтага праекту напісаў словы «Зімовай песьні».
За два месяцы Тацяна напісала музыку на тыя вершы. Цягам году рыхтаваўся зборнік і мастацкае аздабленьне яго. Зараз 23-гадовы сын Тацяны Адась Матафонаў, які вучыцца музыцы ў магістратуры Люблінскага ўнівэрсытэту імя Марыі Складоўскай-Кюры, дарабляе аранжыроўкі гэтых песень. Летась Адась абараніў бакаляўрскую працу пра творчасьць маці на тэму «Тatiana Hrynevich-Matafonava i jej muzyczna działalność animacyjna» («Тацяна Грыневіч-Матафонава і яе музычна-анімацыйная творчасьць»).
«Нават калі бацькі ня ўмеюць чытаць ноты, песенькі можна будзе паслухаць па QR-коду, вывучыць і засьпяваць зь дзеткамі пад караоке, якое цяпер таксама рыхтуецца. Ад Новага году нікуды не падзенесься, а настрой павінен быць сьвяточны — калядны і навагодні і, натуральна, беларускі. Заклікаю ўсіх, хто ўмее пісаць песьні, вершы, складанкі: рабіце гэта на розныя тэмы — чым больш, тым лепш! І трэба, каб гэта было па-беларуску», — тлумачыць Тацяна.
Кампазытарка зь цеплынёй успамінае працу над папярэднім альбомам навагодніх песень ды вершаў, які выйшаў у 2011 годзе.
«Паэт Сяргей Мінскевіч прапанаваў: маўляў, „добра было б навагодні альбом для дзяцей зрабіць!“ Гэта было дзесьці ў кастрычніку. Я кажу: „Не, мабыць, не атрымаецца, зусім мала часу“. Але гэтая думка не дала спакою ў канцы лістапада — ёсьць яшчэ цэлы месяц, трэба рабіць! З сынам за два тыдні вывучылі і запісалі ў студыі нізку навагодніх песень, але яны ўсе былі караценькія і для дыску іх было малавата. Юры Несьцярэнка параіў „разбавіць“ іх навагоднімі вершамі, якія ўрэшце начытаў Юрась Жыгамонт. І атрымаўся дыск!» — прызнаецца Тацяна Грыневіч-Матафонава.
«Трэба выхоўваць дзяцей на беларускіх песьнях і вершах, тады яны выгадуюцца беларусамі»
Кампазытарка, якая сама вымушаная жыць за мяжой, разумее, што шмат беларускіх дзетак апынуліся з бацькамі на чужыне.
А зь дзяцей пачынаць і трэба: выхоўваць іх на беларускіх песеньках і вершах, толькі тады яны выгадуюцца беларусамі, — перакананая Тацяна.
Адукацыйнай тэматыкай для дзяцей яна пачала займацца больш за 20 гадоў таму, калі яе сын быў маленькі і яна адчула ў Беларусі брак менавіта беларускіх матэрыялаў. Першыя два «Дзіцячыя альбомы» Тацяна рабіла ў супрацы з музыкам і кампазытарам Зьмітром Сідаровічам, а песьні выконвалі іхныя дзеці — Адась Матафонаў і Тамаш Сідаровіч. Для трэцяга «Дзіцячага альбома» аранжыроўкі рабіў, падросшы, ужо сын Адась, а сьпявалі іншыя дзеці.
Таксама быў падрыхтаваны дапаможнік па беларускай літаратуры «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі. Альбом школьных вершаў» — складанка са 106 паэтычных твораў, якія чыталі самі аўтары (Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Сяржук Сокалаў-Воюш), а таксама Зінаіда Бандарэнка, Зьміцер Бартосік, Сяргей Дубавец, Юры Жыгамонт. Другі дапаможнік, «Сотня вершаў», складаўся з твораў, выкінутых са школьнай праграмы, а трэці называўся «Галасы паэтаў».
Летась Тацяна Грыневіч-Матафонава выставіла ў сваім ютуб-канале дзіцячыя песенькі, якія яна напісала на вершы палітвязьня Андрэя Кузьнечыка — «Гілі» і «Верабейка-гаспадар». Анімацыю наклала сама Тацяна (за час эміграцыі яна асвоіла гэтую новую для сябе працу), а аранжыроўкі, як заўжды, зрабіў яе сын Адась Матафонаў.
«Толькі маці закладае дзіцяці цікавасьці — у раньнім дзяцінстве, да 3 гадоў»
Тацяна падзяліся прыёмамі і сакрэтамі выхаваньня свайго сына, які цяпер дапамагае маці ва ўсіх яе праектах — як яна прывівала дзіцяці любоў да музыкі, паэзіі, творчасьці, усяго беларускага.
«Калі я была цяжарнай, я чытала беларускія казкі, сьпявала песенькі, размаўляла з сыночкам у жываце. А пасьля Адась вельмі любіў опэры. У тры гады сын з захапленьнем слухаў любімыя опэры ў Тэатры опэрным і балета, праўда, першыя разы пускалі нас туды зь вялікім недаверам, але я пераконвала кантралёраў на ўваходзе, што толькі цяпер яму гэта цікава, а ў старэйшым узросьце ён не захоча ў тэатар. У старэйшым узросьце ў сына ўжо зьявіліся іншыя цікавасьці: цяпер Адась любіць джаз. І сам у опэрны тэатар сын схадзіў толькі ў 20 гадоў. Зараз атрымаў заданьне аранжыраваць дзіцячыя навагоднія песьні», — расказвае пра выхаваньне свайго сына Тацяна.
Яна перакананая, што ў выхаваньні дзяцей беларусамі толькі маці закладае цікавасьці, захапленьні роднай мовай, культурай, літаратурай, прычым у раньнім дзяцінстве — да 3 гадоў.
Форум