Дата дня
8 верасьня 1514 году пад Воршай, на рацэ Крапіўне, адбылася найбуйнейшая бітва вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512–1522 гадоў, у якой войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Канстанціна Астроскага разьбіла войска Масковіі. Аршанская бітва — адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы ў пачатку XVI ст. Перамога ў ёй дала ВКЛ магчымасьць вярнуць захопленыя праціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў.
У Беларусі нацыянальна арыентаваная частка грамадзтва цяпер адзначае гэтую дату як Дзень беларускай вайсковай славы.
Першае сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы 8 верасьня 1992 году ў Менску зладзіла грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне» пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Сьвята таксама адзначылі ў Берасьці, Горадні і іншых гарадах. З таго часу неафіцыйна гэты дзень сьвяткавалі даволі шырока, але дзяржаўнага статусу сьвята так і не набыло.
Таксама ў гэты дзень
1380 — адбылася Кулікоўская бітва, войскі Маскоўскага княства на чале зь Дзьмітрыем Данскім перамаглі войска Залатой Арды.
1636 — заснаваны Гарвардзкі ўнівэрсытэт — найстарэйшы і адзін з найбольш аўтарытэтных унівэрсытэтаў ЗША.
1655 — швэдзкія войскі занялі Варшаву.
1708 — расейскія войскі, якімі камандаваў генэрал Радзівон Боўр, на загад расейскага цара Пятра I спалілі Магілёў. Гэта быў акт помсты за паўстаньне магілёўцаў, якія за адну ноч выразалі ў Магілёве ўвесь расейскі гарнізон.
1844 — выйшла першая кніга «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага.
1973 — перакрытая рака Вяльля, створанае самае вялікае ў Беларусі Вілейскае вадасховішча.
1989 — заснавалі Народны Рух Украіны.
1990 — у Полацку адкрыўся Музэй беларускага кнігадруку.
1991 — Македонія абвясьціла незалежнасьць.
1992 — на плошчы Незалежнасьці ў Менску адбылася прысяга на вернасьць Бацькаўшчыне вялікага мноства дзейных афіцэраў і афіцэраў запасу. Былыя савецкія вайскоўцы такім чынам станавіліся абаронцамі Беларусі. Наладзілі прысягу дэпутаты Апазыцыі БНФ і Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў.
2020 — Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па транзыце ўлады Марыя Калесьнікава на мяжы парвала свой пашпарт, прадухіліўшы сваю высылку з краіны.
2020 — у Беларусі адбыліся стыхійныя «Маршы ў падтрымку рэпрэсаваных». Шмат людзей тады затрымалі.
У гэты дзень нарадзіліся
1910 — Жан-Люі Баро, францускі актор і рэжысэр.
1907 — Ісідар Балоцін, артыст опэры (лірычны тэнар), народны артыст Беларусі.
1922 — Альгерд Малішэўскі, беларускі мастак-жывапісец.
1938 — Анатоль Грачанікаў, беларускі паэт, перакладчык.
1960 – Сяржук Цімохаў, беларускі мастак.
1967 — Ганна Кісьліцына, беларуская літаратуразнаўца і крытык.
У памяці
1873 — Яўстах Тышкевіч, беларускі археоляг.
2003 — Лені Рыфэншталь, нямецкая кінарэжысэрка.