Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы хацелі беспарадкаў? Вось яны». Як афіцэры ФСБ плялі змову для распальваньня варожасьці ў ЗША


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзясяткі старонак чатаў, прадстаўленых у судовых разглядах у ЗША, раскрываюць, як расейскія супрацоўнікі ФСБ абмяркоўвалі свае намаганьні ў распальваньні палітычнай варожасьці ў Амэрыцы, а таксама абменьваліся жартамі на розныя тэмы — ад напружаных адносінаў з начальствам да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Дасьледаваньне карэспандэнтаў Свабоды Майка Экеля, Марка Крутава і Сяргея Дабрыніна.

12 сакавіка 2018 году, за некалькі хвілін да 18:00 паводле маскоўскага часу, расейскі грамадзянін Аляксандар Іёнаў адправіў сэрыю паведамленьняў на мясцовы нумар, абмяркоўваючы спробу дабіцца выхаду Каліфорніі са складу Злучаных Штатаў.

За два гады да гэтага Іёнаў, які ўзначальваў няўрадавую арганізацыю «Антыглябалісцкі рух», дапамагаў маргінальнай групе актывістаў з Каліфорніі, якія выступаюць за аддзяленьне штату, адкрыць офіс у Маскве. Ён таксама арганізоўваў канфэрэнцыю «Дыялёг нацый», дзе прымаў актывістаў з усяго сьвету.

Першыя два паведамленьні Іёнава зьмяшчалі спасылкі на артыкулы ў амэрыканскіх СМІ аб руху за выхад Каліфорніі са складу ЗША.

«Вы хацелі беспарадкаў, — напісаў Іёнаў. — Вось яны».

Паводле зьвестак уладаў ЗША, атрымальнікам паведамленьня быў Ягор Папоў, афіцэр ФСБ Расеі. Ягоным начальнікам быў Аляксей Сухадолаў, кіраўнік расейскага падразьдзяленьня, вядомага як Служба аховы канстытуцыйнага ладу і барацьбы з тэрарызмам.

Гэтыя паведамленьні зьмяшчаюцца ў дзясятках старонак чатаў, атрыманых уладамі ЗША і апублікаваных падчас судовага разбору. Яны раскрываюць унутраныя абмеркаваньні афіцэраў ФСБ каардынацыі з амэрыканскімі актывістамі, некаторыя зь якіх паўсталі перад фэдэральным судом у Флорыдзе на гэтым тыдні.

Раней у абвінаваўчых заключэньнях фігуравалі толькі асобныя цытаты з гэтых чатаў. Дэталёвыя расшыфроўкі — каля 40 старонак — да гэтага не публікаваліся.

Акрамя падрабязнасьцяў працы афіцэраў ФСБ, накіраванай на ўмяшаньне ў амэрыканскую палітыку, паведамленьні таксама зьмяшчаюць абмеркаваньні імі крытыкаў улады, бюракратыі ФСБ, незалежных СМІ і поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Іёнаў, Папоў і Сухадолаў, а таксама яшчэ двое афіцэраў ФСБ — Яўген Вістарпоўскі і Аляксей Міцягін — нібыта бралі ўдзел у шматгадовай кампаніі ўзаемадзеяньня з амэрыканскімі актывістамі, якія, па сьцьвярджэньнях, «давалі ФСБ інфармацыю для таго, каб сеяць варожасьць у ЗША».

Іёнаў і афіцэры ФСБ былі публічна ідэнтыфікаваныя, і летась Міністэрства юстыцыі ЗША выставіла абвінавачаньні Папову, Сухадолаву і Іёнаву. Вельмі малаверагодна, што хто-небудзь зь іх паўстане перад судом у ЗША.

29 ліпеня 2022 году, у дзень абвяшчэньня першага абвінаваўчага заключэньня, Іёнаў адправіў Папову паведамленьне з эўфэмізмам, які прыкладна перакладаецца як «чорт пабяры».

«Зьнішчыце тэлефоны», — напісаў ён.

У агульных рысах намаганьні, арганізаваныя Іёнавым і ягонымі куратарамі з ФСБ, упершыню былі апісаныя ў 24-старонкавым абвінаваўчым заключэньні, вынесеным у ліпені 2022 году, а потым у другім абвінавачаньні, выпушчаным празь 10 месяцаў.

Дэталёвыя расшыфроўкі чатаў былі прадстаўленыя ў фэдэральным судзе Флорыды 21 жніўня 2024 году, незадоўга да пачатку суду над амэрыканскімі актывістамі, абвінавачанымі ў каардынацыі з афіцэрамі ФСБ. Расшыфроўкі былі ўключаныя ў матэрыялы абароны аднаго з актывістаў — Пэні Хэс, чый адвакат сьцьвярджаў, што яны не павінны быць дапушчаныя ў суд, назваўшы іх «чуткамі».

Пракуроры ЗША не пагадзіліся, заявіўшы, што «праца Іёнава з гэтымі групамі ў ЗША вялася ад імя ФСБ, якая зьяўляецца часткай расейскага ўраду, што складае важны элемэнт учыненых злачынстваў».

Паведамленьні «былі неад’емнай часткай гэтай змовы, даючы ФСБ інфармацыю, неабходную для таго, каб „выкарыстоўваць“ абвінавачаных, каб, паводле іх уласных словаў, „сеяць рознагалосьсі ў ЗША“», — сказалі пракуроры.

Управа пракурора ЗША ў Тампе, штат Флорыда, дзе праходзіць судовы працэс, пацьвердзіла, што файлы з чатамі былі перададзеныя Міністэрствам юстыцыі ў рамках раскрыцьця доказаў — бо існуе патрабаваньне, каб любыя доказы, прадстаўленыя ў судзе, былі прадастаўленыя супрацьлегламу боку да пачатку судовага разбору.

Прэс-сакратарка пракуратуры адмовілася ўдакладніць, як былі атрыманыя чаты — напрыклад, ці былі тэлефоны афіцэраў ФСБ узламаныя амэрыканскімі спэцслужбамі. Аднак сьпісы доказаў, заплянаваных для выкарыстаньня ў судзе, і мэтададзеныя, якія суправаджаюць паведамленьні, указваюць на тое, што ўлады ЗША атрымалі большую частку гэтых чатаў праз рэзэрвовую копію ў iCloud — хмарным сэрвісе Apple.

Гэта азначае, што Іёнаў і Папоў, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвалі iPhone, які ствараў рэзэрвовыя копіі некаторых іх чатаў, у тым ліку паведамленьняў у WhatsApp, на сэрвэрах Apple. А гэта дазволіла пракурорам ЗША атрымаць чаты з дапамогай ордэра на ператрус.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG