Чацьвёра амэрыканскіх грамадзян зьяўляюцца сябрамі Афрыканскай народнай сацыялістычнай партыі, трое зь іх таксама ўдзельнічаюць у так званым руху Ўхуру, які выступае за самавызначэньне афрыканцаў, якія жывуць па ўсім свеце.
Паводле абвінавачаньня, кіраўнік партыі Амалі Ешытэла і трое яго паплечнікаў, якія праходзяць у гэтай справе, супрацоўнічалі на працягу васьмі гадоў з расейскім грамадзянінам Аляксандрам Іёнавым, кіраўніком «Антыглябалісцкага руху Расеі».
Гэтая арганізацыя мела штаб-кватэру ў Маскве і фінансавалася расейскім урадам. Іёнаў, у сваю чаргу, дзейнічаў па ўказаньнях двух супрацоўнікаў ФСБ Аляксея Сухадолава і Ягора Папова, якім таксама былі выстаўленыя абвінавачаньні ў гэтай справе.
Як сьцьвярджае пракуратура, у 2015 годзе Ешытэла наведаў Маскву. Паездкі былі аплачаныя Іонавым. Пасьля яго група пачала праводзіць акцыі ў ЗША на заданьне ФСБ. Сярод апэрацый была падтрымка «Пэтыцыі аб генацыдзе афрыканцаў у Злучаных Штатах», якая была пададзена ў ААН. У 2019 годзе група падтрымлівала кандыдата ў члены гарадзкой рады Санкт-Пецярбургу ў Флорыдзе, якім, як дакладваў Іёнаў ФСБ, «мы кіруем». У 2022 годзе Іёнаў аплаціў паездку сяброў групы ў Сан-Францыска, дзе праводзіліся пратэсты супраць абмежаваньняў на прарасейскія публікацыі ў адной з сацыяльных сетак пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Пазьней, як гаворыцца ў абвінаваўчым заключэньні, адзін з абвінавачаных удзельнічаў па ўказаньні Іёнава ў дэманстрацыі супраць амэрыканскай палітыкі ў дачыненьні да Расеі.
Усе абвінавачаныя адмовіліся прызнаць віну, заявіўшы, што іх перасьледуюць за выказваньне палітычных поглядаў. Ешытэла сьцьвярджае, што ён наведваў Расею і іншыя краіны ў якасьці ўдзельніка розных канфэрэнцый, што ні ён, ні яго паплечнікі не дзейнічалі па ўказаньні ці пад кантролем Расеі. Група разглядала выплаты Іёнава як палітычныя ахвяраваньні руху Ўхуру.
У выпадку прызнаньня вінаватымі абвінавачаным можа пагражаць пакараньне да 10 гадоў зьняволеньня за дзейнасьць у якасьці незарэгістраванага агента замежнай дзяржавы і да 5 гадоў за спробы прыцягнуць іншых да такой дзейнасьці.
Форум