Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская памежная служба заяўляе, што дадатковых беларускіх войскаў каля мяжы пакуль няма


Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка
Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка

Сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю застаецца «кантраляванай», сьцягваньня да мяжы дадатковых беларускіх войскаў на гэты момант не фіксуецца, паведаміў у эфіры ўкраінскага тэлемарафону прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

«Сытуацыя непасрэдна на мяжы не зьмяняецца. Гэта цалкам кантралюецца», — запэўніў ён.

Заяву Мінабароны Беларусі наконт «умацаваньня» мяжы з Украінай прэс-сакратар назваў «нагнятаньнем, каб працягваць падыгрываць Расеі». Дземчанка адзначыў, што «Беларусь неаднаразова абвінавачвала Ўкраіну ў недружалюбных дзеяньнях».

«Але цяпер мы не фіксуем перамяшчэньня ні тэхнікі, ні асабістага складу каля нашай мяжы. Хутчэй за ўсё, у рамках інфармацыйнага ўздзеяньня Беларусь будзе вымушана рабіць фота- і відэаматэрыялы, магчыма, некаторыя часткі будуць знаходзіцца на мяжы», — падкрэсьліў прэс-сакратар украінскай памежнай службы.

Ён адзначыў, што «разьведка актыўна сочыць за развіцьцём падзей на тэрыторыі Беларусі».

Міністэрства абароны Беларусі з раніцы 11 жніўня заявіла, што «накіроўвае дадатковую вайсковую тэхніку ў прымежныя з Украінай рэгіёны».

Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што 9 жніўня сілы супрацьпаветранай абароны нібыта «зьнішчылі над тэрыторыяй Беларусі некалькі паветраных цэляў, якія ляцелі з тэрыторыі Ўкраіны».

Пазьней беларускі міністар абароны Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь будзе «ўзмацняць» прымежныя з Украінай рэгіёны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG