Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вярхоўнай радзе пракамэнтавалі словы Лукашэнкі аб «украінскіх дронах». Мінабароны Беларусі паказала відэа са «зьбітымі БПЛА»


Старшыня камітэту Вярхоўнай рады Ўкраіны па зьнешняй палітыцы і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Аляксандар Меражко.
Старшыня камітэту Вярхоўнай рады Ўкраіны па зьнешняй палітыцы і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Аляксандар Меражко.

Заява Аляксандра Лукашэнкі аб ўкраінскіх бесьпілётніках, якія заляцелі ў Беларусь, не заслугоўвае даверу. Пра гэта «Люстэрку» заявіў старшыня камітэту Вярхоўнай рады Ўкраіны па зьнешняй палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандар Меражко.

«Беларускі дыктатар не прывёў ніякіх доказаў сваёй безадказнай і правакацыйнай заявы. Ведаючы яго папярэднія непраўдзівыя заявы, яму нельга давяраць. Па ўсёй бачнасці, Лукашэнка спрабуе зладзіць нейкую правакацыю ў інтарэсах Расеі», — заявіў Аляксандар Меражко.

Дэпутат асабліва зазначыў, што з пункту гледжаньня міжнароднага права Беларусь зьяўляецца саўдзельнікам расейскай агрэсіі.

Крыху пазьней Мінабароны Беларусі апублікавала кадры зь нібыта «зьбітымі над тэрыторыяй Беларусі БПЛА». На відэа — фрагмэнты чагосьці падобнага да крыла дрона, якія вісяць на дрэвах і ляжаць на зямлі. Яны ня маюць ніякіх маркіровак і апазнавальных знакаў, якія дазволілі б адназначна сьцьвярджаць, што гэта рэшткі ўкраінскіх дронаў:

Ніякіх іншых доказаў таго, што ўкраінскія дроны перасеклі ўвечары 9 жніўня беларускую мяжу, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Міністэрства абароны Беларусі не прывялі.

  • 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Узброеныя сілы Ўкраіны ў нібыта парушэньні паветранай прасторы Беларусі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускія войскі зьбілі некалькі цэляў. Неўзабаве пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўказанане Лукашэнкі ўзмацняецца групоўка войскаў «на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках з мэтай рэагаваньня на любыя магчымыя правакацыі».
  • Лукашэнка ў гэты ж дзень упершыню згадаў падзеі ў Курскай вобласці РФ, куды ў ноч на 6 жніўня зайшлі ўкраінскія войскі, якія ў далейшым усталявалі кантроль над шэрагам населеных пунктаў. Пасля яго слоў МЗС Беларусі выказала занепакоенасьць сытуацыяй у гэтым расейскім рэгіёне і салідарызавалася зь яго жыхарамі, а таксама асудзіла Ўкраіну за «бессэнсоўную авантуру».
  • Адметна, што ў сытуацыі, якая склалася ў Курскай вобласці, расейская прапаганда абвінавачвала ў тым ліку Лукашэнку, які раней загадаў адвесьці войскі ад мяжы з Украінай, з прычыны чаго ўкраінскія фарміраваньні, што нібыта знаходзіліся з іншага боку, вызваліліся для правядзеньня апэрацыі ў РФ.
  • У ноч з 30 на 31 ліпеня адбылося ўваходжаньне ў паветраную прастору Беларусі дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед», якімі Расея атакуе Ўкраїну: на тэрыторыю краіны заляцела ня менш як пяць дронаў, заявіла маніторынгавая група «Беларускі гаюн». Тады ў Беларусі ніяк не рэагавалі на ўваходжанне расейскіх дронаў на тэрыторыю краіны.
  • Аляксандр Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 года, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG