У Мінабароны заявілі, што падразьдзяленьні «аднаго з мэханізаваных злучэньняў прывялі ў гатоўнасьць да выкананьня задач па прызначэньні».
«Вайскоўцы ажыцьцяўляюць пагрузку вайсковай тэхнікі на чыгуначны транспарт і пачынаюць зьдзяйсьненьне маршу камбінаваным спосабам у прызначаныя раёны», — гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны.
Там таксама апублікавалі відэа пагрузкі вайсковай тэхнікі:
- 10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня а 18.10 сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі прывялі ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў раёне Касьцюковіцкага раёну. На думку Лукашэнкі, яе парушылі Ўзброеныя Сілы Ўкраіны. Як сьцьвярджае Лукашэнка, у 19.04 беларускія сілы СПА нібыта зьнішчылі некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі, а астатнія перадалі Расеі — іх, паводле Генштабу Расеі, «паразілі пад Яраслаўлем». «Іх было каля дзясятка, — заявіў Лукашэнка. — Мы падазраём, што гэта ўдарныя бесьпілётнікі», — заявіў Лукашэнка.
- Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках. Паводле Хрэніна, «воінскія часткі сіл спэцапэрацый, сухапутных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».
- Пазьней Мінабароны Беларусі апублікавала кадры зь нібыта «зьбітымі над тэрыторыяй Беларусі БПЛА». На відэа — фрагмэнты чагосьці падобнага да крыла дрона, якія вісяць на дрэвах і ляжаць на зямлі. Яны ня маюць ніякіх маркіровак і апазнавальных знакаў, якія дазволілі б адназначна сьцьвярджаць, што гэта рэшткі ўкраінскіх дронаў:
- Ніякіх іншых доказаў таго, што ўкраінскія дроны перасеклі ўвечары 9 жніўня беларускую мяжу, ні Аляксандар Лукашэнка, ні Міністэрства абароны Беларусі не прывялі.
- МЗС Беларусі ўручыла часовай паверанай у справах Украіны ў Беларусі Вользе Цімуш ноту пратэсту ў сувязі з «парушэньнем мяжы» Беларусі, а таксама прыгразіла «адказам для абароны сваёй тэрыторыі» і закрыцьцём укранскай амбасады ў Беларусі.
- У Вярхоўнай радзе Ўкраіны ў адказ на заявы Лукашэнкі падкрэсьлілі, што «беларускі дыктатар не прывёў ніякіх доказаў сваёй безадказнай і правакацыйнай заявы» і што «па ўсім відаць, Лукашэнка спрабуе зладзіць нейкую правакацыю ў інтарэсах Расеі».
Форум