Сьцісла:
- Афіцыйная прапаганда, спрабуючы прынізіць, асудзіць і высьмеяць парыскую Алімпіяду-2024 і яе арганізатараў, выкарыстоўвае старыя прыёмы і мэтады савецкай прапаганды часоў позьняга СССР.
- Байкот маскоўскай Алімпіяды 1980 году быў прыкметным, але ўсё ж не выглядаў прыніжэньнем ці правалам для гаспадароў Гульняў. Гэта было выразнае і бачнае ўсяму сьвету ідэалягічнае супрацьстаяньне, у якім удзельнічалі з абодвух бакоў магутныя супернікі.
- Галоўнае расчараваньне двух дыктатараў — тое, што іх не падтрымаў, ня выказаў салідарнасьці ніхто з тых, каго яны лічаць сваімі блізкімі сябрамі і саюзьнікамі — ці то з СНД і АДКБ, ці то з БРІКС, ці то з «глябальнага Поўдня». У парыскіх гульнях удзельнічаюць 206 алімпійскіх нацыянальных зборных. У тым ліку ўсе краіны АДКБ, апроч Расеі і Беларусі. І нават Іран і Паўночная Карэя.
- Ніякіх новых («сваіх») Алімпійскіх гульняў Пуцін і Лукашэнка ня вынайдуць, а Беларусь і Расея немінуча вернуцца ў сусьветную алімпійскую сям’ю. Зусім магчыма, што ўжо і бяз Пуціна, і без Лукашэнкі.
У Лукашэнкі заўсёды былі сантымэнты да Алімпіяд. Як, зрэшты, і ў многіх людзей ягонага пакаленьня, якія памятаюць часы, калі спорт для таталітарнай савецкай краіны быў чымсьці большым і важнейшым, чым проста спорт. На ўлюбёную забаву Лукашэнка ніколі не шкадаваў дзяржаўных грошай. На Алімпійскія гульні традыцыйна выпраўляў спартоўцаў, як на вайну. Доўгія гады асабіста ўзначальваў НАК, а потым даверыў гэту пасаду старэйшаму сыну. Уганароўваў алімпійцаў-пераможцаў як нацыянальных герояў. І ніколі раней за трыццаць гадоў пры ўладзе не назіраў такога прыніжэньня і краху сваіх спартовых амбіцый, як цяпер, падчас Алімпіяды 2024 году.
Чаму так сталася? Зь якой прычыны і для Лукашэнкі, і для Пуціна, і для іншых постсавецкіх аўтакратаў старой загартоўкі алімпійская тэма такая важная і такая балючая? Адказаць на гэтае пытаньне наўрад ці магчыма, не азірнуўшыся на 70-80-я гады мінулага стагодзьдзя — час, калі сёньняшнія пажылыя дыктатары былі маладымі 20-гадовымі хлопцамі.
Водбліск маскоўскай Алімпіяды
Сярэдзіна 70-х, калі СССР упершыню ў гісторыі атрымаў права прыняць у сябе Алімпійскія гульні, — адметны час. Подых і водбліск маскоўскай Алімпіяды адчуваўся ў грамадзкай атмасфэры ўсю другую палову 70-х гадоў. Зразумела, камуністычны рэжым меў на ўвазе свае ўласныя мэты і задачы: сьвет павінен быў убачыць доказы «пераваг» савецкай сыстэмы і савецкага ладу жыцьця. Не магло быць і гаворкі пра тое, каб найбольшую колькасьць мэдалёў на той Алімпіядзе заваяваў нехта іншы, а не савецкія атлеты. Ня надта заможная савецкая дзяржава не шкадавала грошай дзеля алімпійскага прэстыжу, шчодра інвэстуючы ў сучасныя спартовыя і інфраструктурныя аб’екты, у падрыхтоўку спартоўцаў, у прапаганду спорту. Вядома, ільвіная доля ўсёй той нечуванай для савецкага чалавека раскошы асядала недзе ў Маскве. Там вялося ўсё асноўнае будаўніцтва, туды ж накіроўвалася найбольш грошай. У дні Алімпіяды ў маскоўскіх крамах можна было свабодна купіць фінскі сэрвэлят альбо бразыльскую каву, ашаламляльныя для савецкага чалавека прыкметы дабрабыту. Зразумела, да правінцыі тыя даброты амаль не даходзілі. Але сёе-тое перападала. Асабліва для такіх гарадоў, як Менск, Кіеў, Ленінград і Талін, якім даверылі правядзеньне некаторых другарадных футбольных матчаў і ветразевай рэгаты. Менск таксама прыхарошваўся да Алімпіяды: рэканструяваўся стадыён «Дынама», зьявіліся новыя гатэлі, у кавярнях стала магчыма выпіць сапраўднай кавы з італьянскіх кававых апаратаў... Усю Беларусь ад Берасьця да Оршы перасекла «алімпійка» — новая аўтамагістраль, па якой з Эўропы ў Маскву павінны былі зьяжджацца шматлікія эўрапейскія заўзятары.
Адзін час, да 1979 году, крыху прыціхла жорсткая антызаходняя прапаганда, тэлевізар і газэты загаварылі пра «агульначалавечыя каштоўнасьці» і «спорт, які аб’ядноўвае сьвет». І ўвогуле, для вельмі многіх савецкіх людзей сярод тагачаснай шэрай будзённасьці гэта стала прачыненым вакном у вялікі шматколерны навакольны сьвет.
Байкот-1980
Як вядома, бяз жорсткага ідэалягічнага і палітычнага супрацьстаяньня на Алімпіядзе-80 не абышлося. У 1979 годзе Савецкі Саюз уводзіць войскі ў Афганістан. У адказ краіны Захаду і многія іхныя саюзьнікі спрабуюць арганізаваць байкот маскоўскай Алімпіяды.
Байкот быў даволі прыкметным. Агулам маскоўскую Алімпіяду-80 у той ці іншай форме праігнаравалі 64 дзяржавы (праўда, пэўная іх частка з эканамічных, а не палітычных прычынаў). Адчувальным было тое, што да байкоту далучыліся многія моцныя спартовыя дзяржавы (акрамя ЗША, гэта былі Канада, Заходняя Нямеччына, Турэччына, Японія, Паўднёвая Карэя). Урады Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі і Гішпаніі дазволілі сваім Алімпійскім камітэтам самастойна прымаць рашэньні аб удзеле ў Алімпіядзе. У выніку большасьць спартоўцаў са згаданых і некаторых іншых заходнеэўрапейскіх краін на Гульні прыехалі ў індывідуальным парадку і выступала пад алімпійскім сьцягам. Пад сваімі нацыянальнымі сьцягамі з краін капіталістычнай Эўропы выступалі толькі каманды Аўстрыі, Грэцыі, Мальты, Фінляндыі і Швэцыі.
Па звестках Daily Telegraph, у амэрыканцаў тады зьявіліся пляны правядзеньня «альтэрнатыўнай Алімпіяды» ў дзяржаве Бераг Слановай Косьці. Праўда, да эрзац-Алімпіяды ў Заходняй Афрыцы не дайшло, але атлеты з 29 краін, якія падтрымалі байкот, узялі ўдзел у спэцыяльна арганізаваных ЗША альтэрнатыўных Гульнях «Званы Свабоды» (англ. Liberty Bell Classic) у Філядэльфіі, якія ўвайшлі ў гісторыю як Алімпійскія байкот-гульні.
Помста па-савецку
Вядома, гэта было прыкметна, але ўсё ж не выглядала прыніжэньнем ці правалам для гаспадароў Алімпіяды. Гэта было выразнае і бачнае ўсяму сьвету ідэалягічнае супрацьстаяньне, у якім удзельнічалі з абодвух бакоў магутныя супернікі. «Ворагі ў бясьсільнай злосьці скрыгічуць зубамі, назіраючы трыюмф савецкага спорту», — патасная фраза аднаго з тагачасных маскоўскіх тэлекамэнтатараў, якая запала ў памяць. Савецкая прапаганда абуралася і абаранялася, але не аж занадта. Спрабавала нават іранізаваць: прыгадайце савецкі мультфільм «Баба-Яга супраць!», зьняты «Саюзмультфільмам» знарок да маскоўскай Алімпіяды.
Пры гэтым мала хто сумняваўся: помста за байкот будзе непазьбежна. Тым больш што наступная Алімпіяда (1984) мела адбыцца акурат у Злучаных Штатах, у Лос-Анджэлесе. Прыкметы помсты ўсе заўважылі ўжо ў апошні дзень маскоўскай Алімпіяды: амэрыканскі сьцяг у Лужніках арганізатары не паднялі (хоць традыцыя гэтага вымагала): абмежаваліся сьцягам горада Лос-Анджэлеса.
Адметна, што тэма помсты і байкоту амэрыканскай Алімпіяды ў савецкай прапагандзе да 1984 году практычна адсутнічала. У сьнежні 1982-га адзін з найбольш уплывовых членаў Палітбюро Гейдар Аліеў падчас сустрэчы з тагачасным кіраўніком МАК Хуанам Антоніё Самаранчам нават абяцаў: «Мы ніколі не апусьцімся да ўзроўню Картэра» (маючы на ўвазе амэрыканскага прэзыдэнта, які ініцыяваў байкот маскоўскай Алімпіяды).
Але папраўдзе байкот рыхтаваўся. Проста абвесьцілі пра яго ў самы апошні момант, ажно ў траўні 1984 году. Пра помсту ў афіцыйным рашэньні, зразумела, ня згадвалі: прыдумалі куды больш важкую прычыну. У пастанове Палітбюро ЦК КПСС ад 5 траўня 1984 году, падпісанай Канстанцінам Чарненкам, было запісана:
«Лічыць немэтазгодным удзел савецкіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях у Лос-Анджэлесе з прычыны грубага парушэньня амэрыканскім бокам Алімпійскай хартыі, адсутнасьці належных захадаў гарантаваньня бясьпекі для дэлегацыі СССР і разгорнутай у ЗША антысавецкай кампаніі. Распрацаваць прапагандысцкія меры, якія дазволілі б стварыць спрыяльную для нас грамадзкую думку ў сьвеце і пераканаўча паказаць адказнасьць ЗША за няўдзел савецкіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях. У даверлівым парадку інфармаваць ЦК братніх партый сацыялістычных краін аб нашай пазыцыі і выказаць просьбу яе падтрымаць».
У «братніх сацыялістычных краінах» вялікага энтузіязму з гэтай нагоды не было (спартоўцы рыхтаваліся да Алімпіяды), але пярэчыць Крамлю адважыліся нямногія. Праігнаравалі настойлівую просьбу Масквы Кітай, Югаславія і, што асабліва выглядала яўным выклікам, румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску. Як паказалі далейшыя падзеі, румынская каманда без братоў з «сацыялістычнага лягеру» выступіла ў Лос-Анджэлесе бліскуча: упершыню ў сваёй гісторыі здабыўшы ажно 53 мэдалі, заняла другое месца ў агульным заліку пасьля ЗША.
А савецкія тэлегледачы ўлетку 1984 году вымушаныя былі замест Алімпіяды пакорліва глядзець трансьляцыю з «эрзац-гульняў» «Дружба-84», арганізаваных для ўдзельнікаў байкоту ў якасьці альтэрнатывы, суцяшальнага прызу.
У цэлым байкот, арганізаваны ў 1980 годзе краінамі Захаду, быў, несумненна, больш маштабным і балючым, чым савецкі байкот 1984 году. Але і Алімпіяда ў Лос-Анджэлесе без савецкіх і ўсходненямецкіх атлетаў не выглядала паўнавартаснай. Увогуле, калі ў СССР у канцы 80-х пачалася перабудова і стала зразумела, што ніякіх байкотаў у блізкай пэрспэктыве болей не прадбачыцца, з палёгкай уздыхнулі ўсе — і на Ўсходзе, і на Захадзе.
«Трэба забраць у іх алімпійскую назву»
Калі ўважліва прааналізаваць тое, як цяпер афіцыйная прапаганда спрабуе прынізіць, асудзіць, высьмеяць парыскую Алімпіяду і яе арганізатараў, цяжка не разгледзець і не пачуць старых прыёмаў і мэтадаў савецкай прапаганды часоў позьняга СССР. Праўда, у яшчэ больш цынічнай і непрыхаванай форме. Адметныя ў гэтым сэнсе камэнтары вядучых лукашэнкавых прапагандыстаў (Івана Эйсманта, Пятра Пятроўскага, Ірыны Акуловіч, Вадзіма Ялфімава), якія прагучалі напярэдадні адкрыцьця Алімпіяды ў праграме БТ «Клюб рэдактараў». Вось некалькі цытат:
«Алімпійскія гульні ў Парыжы ня маюць нічога агульнага з сапраўдным спортам і сумленнай канкурэнцыяй. Алімпіяда фактычна ператварылася ў палітычнае шоў. Гэта анты-Алімпіяда. ...Трэба забіраць у іх гэтую алімпійскую назву, каб у нас быў алімпійскі спартовы рух, а ня ў іх. Калі яны захочуць, то вернуцца да нас, але толькі калі выправяцца, зразумеюць, што такое сапраўдная павага да краін і народаў».
«Тое, што адбываецца ў Парыжы, я б Алімпіядай не назваў. Абсалютна ангажаваныя, палітызаваныя, расісцкія спаборніцтвы. Ганебныя гульні. Ганебны кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту. Перакрэсьлілі ўсе свае хартыі, няма ім веры. Махляры, знаходзяцца пад абцасам у фінансавых, эканамічных, палітычных эліт. Як нам зь імі размаўляць?»
«Яны самі адлучылі, аддалілі нас ад сваіх пляцовак. Сёньня так званая Алімпіяда, па вялікім рахунку, перастала быць міжнароднай пляцоўкай. Гэта іхны заходні міжсабойчык. Калі мы будзем у рамках ШАС, БРІКС, СНД, калектыўнага Усходу фармаваць альтэрнатыўныя пляцоўкі, будзе канкурэнцыя, тады ўся гэтая палітызацыя рана ці позна скончыцца. Бо 50 заходніх краін застануцца сам-насам і са сваёй пляцоўкай».
Выказваньні адметныя тым, што ў іх, хутчэй за ўсё, агучаныя крыўды і патаемныя жаданьні і памкненьні галоўнага беларускага «алімпійца» — забраць Алімпіяду ў «махляроў», «сфармаваць альтэрнатыўныя пляцоўкі», «пакінуць 50 заходніх краін сам-насам»... Іншымі словамі, адпомсьціць тым функцыянэрам МАК, якіх Лукашэнка пасьля іхнага рашэньня адхіліць беларусаў і расейцаў ад паўнавартаснага ўдзелу ў Алімпіядзе назваў «мярзотнікамі» і пагражаў «палітычна набіць морду».
Мы ня ведаем дакладна, ці спрабавалі Пуцін і Лукашэнка наладзіць нешта падобнае на кампанію салідарнасьці ці байкоту Гульняў-2024. Ведаючы іхную прыхільнасьць да савецкіх мэтадаў міжнароднай палітыкі, зусім магчыма... Што было дакладна, дык гэта спроба правесьці нешта накшталт «альтэрнатыўнай» Алімпіяды — Гульні БРІКС у Казані сёлета ў чэрвені. Але расейскім атлетам там фактычна не было з кім спаборнічаць: самыя буйныя спартовыя дзяржавы ўдзельнікаў альбо не прыслалі, альбо абмежаваліся ня самымі моцнымі атлетамі. На верасень таксама былі заплянаваныя «Гульні дружбы — 2024» (у Маскве і Екацерынбургу), але ў апошнія дні арганізатары загаварылі пра тое, што іх давядзецца адкласьці прынамсі налета: надта мала ахвотнікаў удзельнічаць. Так што паўтарыць сцэнар 1984 году яўна ня ўдасца.
Але галоўнае расчараваньне двух дыктатараў — тое, што іх не падтрымаў, ня выказаў салідарнасьці ніхто з тых, каго яны лічаць сваімі блізкімі сябрамі і саюзьнікамі — ці то з СНД і АДКБ, ці то БРІКС, ці то з «глябальнага Поўдня». У парыскіх гульнях удзельнічаюць 206 алімпійскіх нацыянальных зборных. Усе краіны АДКБ, апроч Расеі і Беларусі. І нават Іран і Паўночная Карэя. І гэта асабліва яскрава дэманструе: ніякага рэальнага саюзу ізгояў насамрэч няма, як няма і салідарнасьці паміж імі. Масква ў гэтай справе ня здольная камандаваць ніводнай зь незалежных краін — нават тымі, якія лічыць сваёй «сфэрай уплыву». Прынамсі, так, як гэта яна рабіла 40 гадоў таму ў дачыненьні да краін — удзельніц Варшаўскага блёку, якія гвалтам былі змушаныя праяўляць «салідарнасьць» з СССР.
Тое, што расейскія (як і беларускія) улады ў апошні момант прынялі рашэньне не трансьляваць на нацыянальных каналах Алімпіяду-2024, у пэўным сэнсе выглядае лягічным і прадказальным. Грамадзяне не павінны бачыць сорам і ганьбу двух дыктатарскіх рэжымаў. Зрэшты, гэта зусім не азначае, што такой мэты (схаваць ад людзей Алімпіяду) уладам удалося дасягнуць. Усё ж на дварэ не 1984 год.
Ніякіх новых («сваіх») Алімпійскіх гульняў Пуцін і Лукашэнка, зразумела, ня вынайдуць, а Беларусь і Расея немінуча вернуцца ў сусьветную алімпійскую сям’ю. Зусім магчыма, што ўжо і бяз Пуціна, і без Лукашэнкі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум