Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На міжнароднай канфэрэнцыі ў Кіеве забаранілі выкарыстаньне беларускай мовы


Шыльда на Нацыянальнай акадэміі навук Украіны
Шыльда на Нацыянальнай акадэміі навук Украіны

Арганізатары адзначаюць, што ведаюць пра гаротны стан беларускай мовы ў Беларусі і пра русыфікацыю, аднак спасылаюцца на рашэньне Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

Выкарыстаньне беларускай мовы як працоўнай забаранілі на дыялекталягічнай канфэрэнцыі, якую ладзіць Інстытут украінскай мовы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Фактычна беларускую прыраўнялі да расейскай, якую таксама забаранілі.

Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Дыялекты ў сынхраніі і дыяхраніі» пройдзе 9–10 кастрычніка 2025 году ў Кіеве. Арганізатары пазначылі ў афіцыйным паведамленьні, што працоўнымі мовамі канфэрэнцыі будуць украінская, іншыя славянскія (акрамя расейскай і беларускай) і ангельская.

Тэмы канфэрэнцыі ахопліваюць шырокі спэктар дыялекталягічных напрамкаў, ад мэтадалёгіі і новай эмпірычнай базы да дыялектнай лексыкаграфіі і лінгвагеаграфіі. Усе гэтыя кірункі традыцыйна важныя і для беларускага мовазнаўства, аднак самі беларускамоўныя дасьледнікі цяпер ня маюць магчымасьці паўдзельнічаць у падзеі на сваёй роднай мове.

У камэнтары «Белсату» сакратарка арганізацыйнага камітэту Людміла Калесьнік адказала, што такую пастанову выдаў прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра пастанову прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Украіны № 22 ад 24 студзеня 2024 году пад назваю «Аб недапушчальнасьці ўдзелу ў рыхтаваньні выдавецкай прадукцыі з навукоўцамі, афіляванымі з установамі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь». У гэтым дакумэнце гаворыцца пра неабходнасьць спыніць любую супрацу з навукоўцамі, зьвязанымі з расейскімі ці беларускімі навуковымі ўстановамі, а таксама з выданьнямі і выдаўцамі гэтых краінаў.

Людміла Калесьнік удакладніла, што ў апошняй канфэрэнцыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны навукоўцы зь Беларусі бралі ўдзел, але пазыцыянавалі сябе як незалежныя дасьледнікі.

«А зараз мы ня можам друкаваць беларускіх навукоўцаў. Магчыма, калі мы аформім як незалежных дасьледнікаў... Вы ведаеце, я б з радасьцю хацела вам дапамагчы, каб вы ўзялі ў нас удзел. Але гэты момант нам яшчэ трэба будзе высьветліць з нашай дырэкцыяй. Проста каб у нас не было юрыдычных праблемаў. На жаль», — патлумачыла яна.

Прадстаўніца арганізацыйнага камітэту адзначыла, што ведае пра ціск рэжыму Лукашэнкі на беларускую мову.

«Так, мы таксама гэта ўсё разумеем, мы таксама гэта ведаем. Мы ж супрацоўнічалі зь беларускімі навукоўцамі... Мы гэта ўсё як людзі разумеем. Але ж проста ёсьць гэтыя дакумэнты, таму мы так трошкі імі абмежаваныя», — дадала яна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG