Алімпійскія гульні ў Францыі сёлета стартуюць 26 ліпеня. Там плянуюць удзельнічаць 17 беларускіх спартоўцаў:
- Роварны спорт: Ганна Церах.
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
- Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
- Барацьба: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў.
- Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
- Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
- Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
- Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
- Тэквандо: Георгі Гурцыеў.
З прычыны саўдзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны беларускія атлеты сёлета змогуць выступаць на Алімпіядзе толькі пад нэўтральным сьцягам. БТ упершыню не плянуе паказваць трансьляцыі з гульняў. Расказваем пра некаторых прадстаўнікоў Беларусі, якія сёлета пазмагаюцца за мэдалі ў Парыжы.
Дар’я Чупрыс
Стральба
Ёй 16 гадоў. Вучыцца ў 11-й клясе гімназіі № 19 Менску. Плянуе паступаць ва ўнівэрсытэт фізкультуры ў Менску. Спачатку займалася плаваньнем. У 8-9 гадоў пераключылася на стральбу.
«Вінтоўка мне адразу спадабалася. Пісталет спрабавала, калі толькі прыйшла ў стралковы спорт. Не маё гэта. Хаця было б прасьцей, таму што ён значна лягчэйшы. Да таго ж у стральбе зь пісталета ў спартоўцаў у рыштунку няма нічога незвычайнага. А тым, хто страляе зь вінтоўкі, неабходны спэцыяльны касьцюм. Дзякуючы яму зброю трымаць прасьцей і нагрузка на хрыбетнік меншая», — расказвала пра свой спорт Дар’я Чупрыс.
Дасягненьні. Срэбраная прызэрка чэмпіянату Эўропы ў Харватыі 2024 году.
Алімпіяда-2024. НАК Украіны патрабаваў, каб Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў Чупрыс ад удзелу ў Алімпіядзе. Яна, гаворыцца ў лісьце, «зьяўляецца сябрам спартовага камітэту Ўзброеных сіл».
«Афіцыйны інфармацыйны рэсурс Міністэрства абароны Беларусі паведамляў пра членства Чупрыс у беларускім войску ў 2023 годзе. Дар’я Чупрыс таксама «любіць фатаграфавацца зь іншымі беларускімі вайскоўцамі», — адзначаецца ў дакумэнце.
Віялета Бардзілоўская
Скачкі на батуце
Ёй 19 гадоў. Нарадзілася ў Магілёве.
Трэнавалася ў магілёўскай гарадзкой дзіцячай спартовай школе.
Дасягненьні. Чэмпіёнка Эўропы ў 2021 годзе.
Палітычная пазыцыя невядомая.
Абубакар Хаслаханаў
Барацьба
Яму 20 гадоў. Паходзіць з Махачкалы, Дагестан. З шасьці гадоў жыве ў Беларусі, у Менску. У 10 гадоў прыйшоў у сэкцыю грэцка-рымскай барацьбы. Цяпер вучыцца ў БДУ.
Дасягненьні. У 2021 годзе перамог на першынстве Беларусі сярод кадэтаў, на першынстве сьвету і ўзяў бронзу на першынстве Эўропы сярод кадэтаў. У 2022 годзе выйграў першынство Беларусі сярод юніёраў, а таксама міжнародны турнір сярод юніёраў у Дагестане. У студзені 2023 году ўпершыню стаў чэмпіёнам Беларусі сярод дарослых. У жніўні 2023 году выйграў II Гульні краін СНД і першынство сьвету сярод юніёраў. У лютым 2024 году стаў бронзавым мэдалістам чэмпіянату Эўропы ў Румыніі.
Палітычная пазыцыя. Не выказваўся пра гэта публічна. У 2020 годзе, калі праходзілі апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, Хаслаханаву было ўсяго 16 гадоў.
«Гісторыю ня толькі вывучаюць, але яшчэ і пішуць. У гэты дзень мы пачалі новы разьдзел», — напісаў Хаслаханаў у верасьні 2023 году ў сацыяльных сетках. У той час ён выйграў на двух спаборніцтвах. Допуску да Алімпіяды ў Парыжы ў яго тады яшчэ не было.
Алімпіяда-2024. Хаслаханаў адзін з двух спартоўцаў у гэтым відзе барацьбы, які будзе выступаць ад Беларусі на Алімпіядзе ў Парыжы. Лідэраў беларускай зборнай МАК не дапусьціў да ўдзелу, яшчэ пяць запрашэньняў адхіліў беларускі бок. Хаслаханаў будзе выступаць як індывідуальны спартовец — бязь сьцяга і сымболікі краіны, якую прадстаўляе.
Георгі Гурцыеў
Тэквандо
Яму 23 гады. Нарадзіўся ва Ўладзікаўказе. Расейскі і беларускі спартовец. Пачаў займацца тэквандо з 5-6 гадоў. Мае расейскую вышэйшую юрыдычную адукацыю, якую атрымаў у Паўночна-Каўкаскім горна-мэталюргічным інстытуце. Пад сьцягам Беларусі пачаў выступаць пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, з сакавіка 2022 году.
Дасягненьні. Срэбраны прызэр чэмпіянату сьвету 2023 году. Пераможца першынства Эўропы ў Швэцыі ў 2019 годзе. Чэмпіён Расеі 2018-2019 гадоў.
Палітычная пазыцыя. Падтрымлівае Пуціна і вайну Расеі супраць Украіны.
Алімпіяда-2024. НАК Украіны патрабаваў, каб МАК адхіліў Гурцыева ад удзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы. Ён, паводле аўтараў ліста, паставіў падабайкі пад праваеннымі і антыўкраінскімі пастамі трэнэра зборнай Расеі ў тэквандо Балата Ізутдзінава ў Instagram. Ізутдзінаў у гэтых пастах паўтарае довады расейскай прапаганды, падтрымлівае вайну супраць Украіны і асабіста Пуціна. Таксама Гурцыеў упадабаў пост у гонар расейскага салдата, які загінуў ва Ўкраіне.
Іван Літвіновіч
Скачкі на батуце
Яму 23 гады. Нарадзіўся ў Вілейцы Менскай вобласьці. Маці — майстар спорту СССР у спартовай акрабатыцы. Іван з раньняга дзяцінства таксама займаўся акрабатыкай, а з 8 гадоў пачаў скакаць на батуце. Мае спэцыяльнасьць аўтасьлесара. Вучыцца ва ўнівэрсытэце фізкультуры ў Менску. Іван, напэўна, адзін з самых вядомых беларускіх удзельнікаў сёлетняй Алімпіяды.
Дасягненьні. Станавіўся чэмпіёнам сьвету ў 2019 і 2021 гадах, чэмпіёнам Эўропы ў 2020 годзе. Літвіновіч ужо браў удзел у Алімпіядзе ў Японіі ў 2020 годзе і выйграў там золата. Тады гэта быў адзіны залаты мэдаль Беларусі.
Палітычная пазыцыя. Падпісаў ліст спартоўцаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля алімпійскай перамогі на пытаньне аб палітычным крызісе ў Беларусі сказаў: «Мяне гэта не датычыцца, мяне гэта не закранула». Таксама пацьвердзіў, што падпісаў пралукашэнкаўскі ліст. Абгрунтаваў гэта тым, што «спорт па-за палітыкай, і я заўсёды гэтага прытрымліваўся». Літвіновіча ўзнагародзілі ордэнам Айчыны III ступені ў 2022 годзе.
Алімпіяда-2024. Літвіновіч адзначыў перад Алімпіядай, што яму было псыхалягічна складана прайсьці адбор, бо два гады ён ня ўдзельнічаў ні ў якіх спаборніцтвах. Рыхтаваўся з дапамогай псыхоляга і трэнэра. Ён паказаў наўмысна досыць простую праграму на кваліфікацыйных этапах Кубку сьвету, каб выканаць яе чыста і прайсьці ў фінал.
НАК Украіны патрабаваў, каб МАК адхіліў Літвіновіча ад удзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы. Ён, паводле аўтараў ліста, у 2022 годзе «заклікаў беларусаў галасаваць на незаконным рэфэрэндуме Лукашэнкі», у 2023 годзе ўдзельнічаў у «прапагандысцкім мерапрыемстве разам з сынам Лукашэнкі Віктарам», які знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі «за падтрымку расейскай агрэсіі», а таксама «лайкнуў пасты з Пуціным і паплечніцай Лукашэнкі [лёгкаатлеткай, дэпутаткай Анастасіяй] Мірончык-Івановай».
Ганна Церах
Роварны спорт
Ёй 25 гадоў. Нарадзілася ў Менску. У дзяцінстве гуляла ў футбол, крыху займалася дзюдо і танцамі. Школьніцай прыйшла ў роварны спорт. Ад трэніровак пагоршылася пасьпяховасьць у школе. Вучылася ў школе алімпійскай рэзэрвы ў Менску. Скончыла ўнівэрсытэт фізкультуры. З 2017 году выступае за Менскі роварны клюб.
Дасягненьні. Заняла 1-е месца на этапе Кубка сьвету Міжнароднага зьвязу раварыстаў у 2021 годзе, 2-е месца на чэмпіянаце Эўропы ў 2020 годзе, 3-е месца на Эўрапейскіх гульнях у 2019 годзе. Станавілася чэмпіёнкай Беларусі. Займала прызавыя месцы ў спаборніцтвах у Турэччыне, Італіі, Кітаі, Ісьляндыі, Сэрбіі, Украіне, Расеі.
Палітычная пазыцыя. Падпісала ліст спартоўцаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. У канцы 2023 году яна перайшла ў клюб «Сіці Любляна». Сёлета Церах удзельнічала ў спаборніцтвах у Італіі ў складзе славенскай каманды.
Алімпіяда-2024. Марай раварысткі было трапіць на Алімпійскія гульні. НАК Украіны патрабаваў, каб МАК адхіліў Церах ад удзелу ў Алімпіядзе. Яна, як заяўляюць аўтары ліста, «падзялілася прапагандысцкім пастом і фота Віктара Лукашэнкі», які знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі за падтрымку расейскай агрэсіі.
Сюзанна Валадзько
Цяжкая атлетыка
Ёй 23 гады. Нарадзілася ў Магілёве. На міжнародных спаборніцтвах у цяжкай атлетыцы выступае з 2023 году.
Дасягненьні. Сёлета ўзяла срэбра на чэмпіянаце сьвету ў Баўгарыі. Чэмпіёнка Беларусі 2018 году.
Палітычная пазыцыя. Не выказвалася публічна на тэму палітыкі. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ёй было 19 гадоў.
Алімпіяда-2024. «Усё толькі пачалося, толькі пайшоў вынік», — казала Валадзько сёлета, калі прайшла на Алімпіяду.
Яўген Ціханцоў
Цяжкая атлетыка
Яму 25 гадоў. Паходзіць з Гомля. У дзяцінстве гуляў у футбол, баскетбол. Першы трэнэр Ціханцова ў барацьбе Юры Вярбіцкі расказваў, што Яўген у дзяцінстве «нічога зь сябе не ўяўляў», а посьпехаў у спорце дасягнуў упартай працай. Вучыўся на спартова-тэхнічным факультэце БНТУ.
Дасягненьні. У 2019 годзе стаў чэмпіёнам сьвету і чэмпіёнам Эўропы. Удзельнічаў у Алімпіядзе ў Токіё ў 2020 годзе. Аднак тады выступіў няўдала. Ён тлумачыў гэта траўмай (грыжай) і выказваў спадзеў на посьпех на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. У 2023 годзе ён выступаў ў «нэўтральным статусе» як беларускі спартовец на чэмпіянаце сьвету ў Саўдаўскай Арабіі. Ціханцоў заваяваў тады бронзу. Узяў золата на чэмпіянаце Эўропы ў 2024-м. Ён заяўляў, што ўжо аднавіўся пасьля траўмы.
Палітычная пазыцыя. У 2019 годзе Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў тады яшчэ студэнта Ціханцова дзяржаўнай узнагародай. У 2020 годзе Ціханцоў не падпісаў ліста ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Тацяна Клімовіч
Веславаньне
Ёй 29 гадоў. Нарадзілася ў аграгарадку Івакі Гомельскай вобласьці. Пачынала спартовы шлях у Добрускай дзіцяча-юнацкай спартовай школе. Працавала ў Гомельскім абласным цэнтры алімпійскай рэзэрвы. Клімовіч ня надта публічны чалавек, пра яе згадак у мэдыя вобмаль.
Дасягненьні. Майстар спорту Беларусі міжнароднай клясы ў акадэмічным веславаньні. Удзельнічала ў Алімпіядзе 2020 году, але нічога ня выйграла.
Палітычная пазыцыя невядомая.
Алімпіяда-2024. Выйграла вырашальны заезд у эўрапейскай адборачнай рэгаце ў акадэмічным веславаньні ў Вугоршчыне. Апярэдзіла прадстаўніц Азэрбайджану і Ўкраіны.
Анастасія Шкурдай
Плаваньне
Ёй 21 год. Нарадзілася ў Берасьці, там жыве і трэнуецца. Вучыцца ў вучэльні алімпійскай рэзэрвы ў Берасьці.
Дасягненьні. Чэмпіёнка Эўропы 2019 году. Чэмпіёнка Эўропы сярод юніёраў у 2017 годзе. У 2017-м заваявала яшчэ шэраг прызавых месцаў. У тым жа годзе стала самым маладым майстрам спорту міжнароднай клясы сярод беларускіх плыўцоў. Калі ёй было 16 гадоў, Анастасія абнавіла рэкорд Беларусі на дыстанцыі 100 мэтраў на сьпіне — праплыла за 1 хвіліну і 0,62 сэкунды. Папярэдні рэкорд належаў Аляксандры Герасімені. Шкурдай удзельнічала ў Алімпіядзе ў Токіё. Заняла там восьмае месца на дыстанцыі 100 мэтраў батэрфляем. У чэрвені 2024 году стала чэмпіёнкай Спартовых гульняў у расейскай Казані.
Палітычная пазыцыя. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Шкурдай было 17 гадоў. Яна не падпісвала ні ліста ў падтрымку Лукашэнкі, ні звароту спартоўцаў супраць гвалту.
Алімпіяда-2024. НАК Украіны патрабаваў, каб МАК адхіліў Шкурдай ад удзелу ў Алімпіядзе, бо яна «зьяўляецца часткай беларускай арміі», гаворыцца ў лісьце. 23 лютага яна «ўзяла ўдзел у прапагандысцкім мерапрыемстве са старшынём Берасьцейскага аблвыканкаму Юрыем Шулейкам», пра што «пісалі многія СМІ, кантраляваныя рэжымам Лукашэнкі, які падтрымлівае вайну супраць Украіны». У лісьце падкрэсьліваецца, што Шулейка знаходзіцца пад санкцыямі Захаду «за падтрымку расейскай агрэсіі».
Форум