Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ж не ІП, гэта царква!». У Беларусі пачынаецца масавая перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый


Малітва ў закрытай уладамі царкве «Новае жыцьцё». Менск, 2012. Архіўнае фота
Малітва ў закрытай уладамі царкве «Новае жыцьцё». Менск, 2012. Архіўнае фота

1 ліпеня ў Беларусі пачынаецца масавая перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый. Частку прыходаў могуць закрыць. Вернікі чакаюць, што гэта закране найперш пратэстантаў і каталікоў.

Заснавальнікам прыходу ня можа быць «экстрэміст»

Зьмены ў законы пра дзейнасьць рэлігійных арганізацый у Беларусі ўнесьлі ў канцы мінулага году. Вядома пра гэта стала на пачатку гэтага году.

Асноўная зьмена — усе рэлігійныя арганізацыі павінны прайсьці перарэгістрацыю да канца 2024 году. Працэдура пачнецца 1 ліпеня. Да рэлігійных арганізацый адносяцца, сярод іншых, усе прыходы праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкіх цэркваў.

Фарны касьцёл, Горадня, 2021 год. Архіўнае фота
Фарны касьцёл, Горадня, 2021 год. Архіўнае фота

Новы закон увёў паняцьце «заснавальнікі прыходу». Гэта людзі, якія будуць адказваць за прыход. Іх патрэбна 20 дарослых асобаў. Раней для перарэгістрацыі было дастаткова 10 чалавек, а для стварэньня новага прыходу — 20. Да зьменаў падобны орган называўся «Сход прыходу» ці «Рада прыходу», расказаў Свабодзе каталіцкі сьвятар (мы не называем імя дзеля ягонай бясьпекі. — РС).

«Да таго ж выканкамы заўсёды правяралі пэрсанальна ды індывідуальна тых, хто ўваходзіў у склад Рады прыходу. У сёньняшніх умовах такія праверкі-размовы — гэта заўсёды рэпрэсіўны інструмэнт ціску на чалавека», — ананімна пракамэнтаваў Свабодзе яшчэ адзін ксёндз.

Сярод заснавальнікаў рэлігійнай арганізацыі, паводле новага заканадаўства, ня можа быць людзей, «датычных да экстрэмісцкай ці тэрарыстычнай дзейнасьці».

Дзеля перарэгістрацыі рэлігійная арганізацыя мае падаць дакумэнты мясцовым органам улады. Сярод іх — новая рэдакцыя статуту арганізацыі. Яе павінен прыняць і зацьвердзіць сход парафіянаў. Таксама патрэбныя старыя дакумэнты аб рэгістрацыі арганізацыі, першапачатковы статут і папера пра тое, што супольнасьць вернікаў мае права зьбірацца там, дзе яна зьбіраецца.

«Практычна гэта так выглядае, што павінен прайсьці сход, на якім мы мусім прыняць рашэньне пра перарэгістрацыю прыходу. Прымаем новую рэдакцыю статуту з улікам новага закону. Падаём дакумэнты», — пракамэнтаваў Свабодзе сьвятар.

«Гэта ж не ІП, гэта царква!»

Некаторым парафіям касьцельныя ўлады рассылаюць інструкцыі, як зьліквідаваць зарэгістраваныя раней рэлігійныя арганізацыі, якія ня маюць шанцаў прайсьці перарэгістрацыю — бо мала вернікаў або няма юрыдычнага адрасу. Таксама даюць інструкцыі, як зьліквідаваць парафію і пры гэтым ня страціць парафіяльную маёмасьць, расказаў ксёндз.

Некаторым сьвятарам цывільныя ідэалягічныя ўлады прапануюць закрыцца самастойна. Але ня ўсе плянуюць слухацца такіх парадаў.

«Сьвятар, вядома, будзе перарэгістроўваць парафію. Бо што рабіць? Людзі хочуць вызнаваць сваю веру. Гэта ня так, што вы закрыеце свой ІП, і чалавек пойдзе ў іншы ІП. Гэта ж не ІП, гэта царква!» — кажа сьвятар.

Суразмоўца Свабоды ведае, што частка прыходаў, дзе мала людзей, усё ж ня будзе падаваць дакумэнты на перарэгістрацыю.

«Яны самі закрываюцца. Яны ўлічваюць, што ня пройдуць гэтую перарэгістрацыю. Гэта прыходы ў вёсках або на ўсходзе Беларусі», — камэнтуе суразмоўца.

Імавернасьць закрыцьця некаторых прыходаў павялічваецца, бо ў апошнія гады шмат людзей павыяжджалі зь Беларусі ад рэпрэсій і з эканамічных прычын. Для кагосьці гэта можа стаць крытычным, бо ня хопіць 20 чалавек, неабходных для перарэгістрацыі.

Суразмоўца адзначае, што настроі сярод сьвятароў і вернікаў розныя.

«Хтосьці, можа, і баіцца, што ня пройдзе перарэгістрацыю. Я гляджу аптымістычна. Думаю, што калі б што, то ўжо было б зразумела. Некаторыя прыходы, дзе сьвятары ці прыхаджане былі «заўважаныя» (у пратэставай, «экстрэмісцкай» дзейнасьці. — РС), перажываюць», — адзначае сьвятар.

«Улада помсьціць»

Суразмоўца мяркуе, што зьмены ў закон аб рэлігійных арганізацыях унесьлі менавіта дзеля таго, каб закрыць частку прыходаў.

«Каб навесьці парадак у рэлігійным жыцьці нашай Рэспублікі Беларусь», — камэнтуе ён.

«Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый — гэта карны інструмэнт дзяржавы. Улада помсьціць», — мяркуе яшчэ адзін ксёндз.

Служба ў пратэстанцкай царкве Новае жыцьцё. Архіўнае фота
Служба ў пратэстанцкай царкве Новае жыцьцё. Архіўнае фота

Колькасьць рэлігійных арганізацый, на ягоную думку, па ўсёй краіне можа зьменшыцца на 30 адсоткаў. Асаблівыя складанасьці сустрэнуць пратэстанцкія і каталіцкія прыходы.

«За апошні год-два ўлады вельмі націснулі на грэка-каталікоў. У выніку былі вымушаныя пакінуць краіну ажно чатыры сьвятары. Для невялікай супольнасьці гэта вельмі шмат. Безумоўна, гэта вельмі нэгатыўна адаб’ецца на перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый гэтай царквы», — перакананы ксёндз.

Пасьля 2020 году зь Беларусі праз палітычны перасьлед выехалі таксама некалькі праваслаўных і рымска-каталіцкіх сьвятароў, пратэстанцкіх прапаведнікаў.

Ксёндз прадбачыць таксама ціск на герархаў каталіцкай царквы.

«Выканкамы будуць прапаноўваць лёгкі спосаб рэгістрацыі ўзамен на большую ляяльнасьць. Можна меркаваць, некаторых сьвятароў біскуп вымушаны будзе прыбраць, перасунуць на іншае месца, калі такі сьвятар засьвяціўся ў выказваньнях і дзеяньнях, выступаючы супраць гвалту і беззаконьняў», — мяркуе суразмоўца Свабоды.

Аляксандар Лукашэнка на Вялікдзень наведаў Сьвята-Ільінскі храм Сьвята-Ўсьпенскага жаночага манастыра ў Воршы, 2024. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка на Вялікдзень наведаў Сьвята-Ільінскі храм Сьвята-Ўсьпенскага жаночага манастыра ў Воршы, 2024. Архіўнае фота

Свабода зьвярнулася па камэнтар да некалькіх праваслаўных сьвятароў. Яны сказалі, што пакуль ня ведаюць дэталяў перарэгістрацыі. Каталіцкія суразмоўцы Свабоды адзначалі, што закрыцьцё прыходаў падчас перарэгістрацыі, на іхную думку, найменш закране праваслаўную царкву.

У 2020 годзе шэраг хрысьціянскіх сьвятароў выказаліся супраць гвалту сілавікоў і фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Некаторыя выходзілі разам з усімі на мірныя акцыі пратэсту. Пасьля 2020 году дзясяткі хрысьціянскіх сьвятароў прайшлі праз затрыманьні і арышты.

Цяпер за кратамі знаходзіцца праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч, які праходзіў у «справе Аўтуховіча», каталіцкі ксёндз Генадзь Акалатовіч, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве», каталіцкі манах Анджэй Юхневіч, якому далі агулам 55 дзён адміністрацыйнага арышту. Таксама за кратамі знаходзяцца некалькі пратэстанцкіх прапаведнікаў.

З 2021 году рэжым Лукашэнкі зьнішчыў сотні грамадзкіх арганізацый. Летась у Беларусі зьліквідавалі пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё», прыстасаваны для набажэнстваў будынак зьнесьлі. У 2022 годзе пасьля дробнага пажару закрылі Чырвоны касьцёл у Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG