Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША адзначае, што ў Беларусі ўлады працягвалі выкарыстоўваць законы, якія рэгулююць «масавыя мерапрыемствы», супраць прадстаўнікоў духавенства і рэлігійных групаў, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху, а таксама супраць групаў, якія пратэстуюць супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну.
«У сувязі з гэтымі пратэстамі 2020 і 2022 гадоў улады затрымалі шмат якіх рэлігійных лідэраў, у тым ліку настаўніка рэлігіі ў рымска-каталіцкім саборы ў Менску. Да канца году настаўнік заставаўся ў папярэднім зьняволеньні па крымінальных абвінавачваньнях у распальваньні рэлігійнай і сацыяльнай варожасьці, абвінавачаны ў выкарыстаньні вежаў сабору для назіраньня за перасоўваньнем сілаў бясьпекі і папярэджаньня пратэстоўцаў. Рэжым затрымліваў рэлігійных лідэраў за разьмяшчэньне ў сацыяльных сетках матэрыялаў, якія палічылі экстрэмісцкімі, такіх як сымбалі дэмакратычнай апазыцыі, і правядзеньне малітваў у падтрымку добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну».
Акрамя таго, адзначаецца, што закон, падпісаны ў канцы сьнежня, які павінен набыць моц у ліпені 2024 году, прадугледжвае перарэгістрацыю рэлігійных групаў на працягу году і забараняе зарэгістраваным рэлігійным групам займацца палітычнай дзейнасьцю або падтрымліваць і фінансаваць палітычныя партыі.
Таксама ў дакумэнце гаворыцца пра перасьлед пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» і становішча вакол рымска-каталіцкага Чырвонага касьцёла, які дагэтуль стаіць зачынены.
Адзначаецца і тое, што новы закон прызнае «вызначальную ролю» БПЦ, Беларускага экзархату (філіі) Расейскай Праваслаўнай Царквы, у разьвіцьці традыцый народу, а таксама гістарычнае значэньне чатырох іншых рэлігійных групаў, на якія ўрад звычайна спасылаўся як на «традыцыйныя» канфэсіі: рымскі каталіцызм, юдаізм, іслам і эвангельскае лютэранства. Закон пры гэтым ня лічыць традыцыйнымі веравызнаньнямі новыя рэлігійныя групы або старыя групы, такія як стараверы, грэка-каталікі і кальвінісцкія цэрквы, якія маюць карані ў краіне з XVII стагодзьдзя.
Сярод практык, якія прымяняе рэжым Лукашэнкі супраць рэлігійных супольнасьцяў і вернікаў, вылучаюць чатыры пункты.
У пункце «злоўжываньні, зьвязаныя з гвалтам, затрыманьнем або масавым перасяленьнем» згадваецца 3-гадовы прысуд выкладчыку катэхізісу ў менскім архікатэдральным касьцёле Ўладзіславу Беладзеду. Таксама гаворыцца пра выезд двух каталіцкіх сьвятароў, якія празь небясьпеку перасьледу мусілі пакінуць Беларусь. Згадваюцца затрыманьні каталіцкіх ксяндзоў у Ідолце, Полацку і Мёрах.
У асобным абзацы справаздачы гаворыцца пра перасьлед Генрыха Акалатовіча ў Валожыне.
У пункце «Злоўжываньні, зьвязаныя са здольнасьцю асоб займацца рэлігійнай дзейнасьцю ў адзіночку або ў супольнасьці зь іншымі» гаворыцца пра перашкоды, якія ўлады чыняць супраць вяртаньня вернікам касьцёла ў гонар сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага). А таксама спробам цэнзуры рэлігійнага гімна беларускіх хрысьціян «Магутны Божа».
Пералічваюцца штрафы, якія выпісвалі за «парушэньне грамадзкага парадку» сьвятарам, у тым ліку баптысцкаму пастару Ўладзімеру Бурштыну.
У падразьдзеле «Злоўжываньні, зьвязаныя з дыскрымінацыяй або няроўным абыходжаньнем» адзначаецца, што «ўлады па-ранейшаму дазвалялі БПЦ зьбіраць дабрачынныя ахвяраваньні ў грамадзкіх месцах, а таксама на рэлігійнай тэрыторыі. Нягледзячы на тое, што закон не забараняе іншым рэлігійным групам публічна зьбіраць ахвяраваньні, прадстаўнікі гэтых групаў заявілі, што ўлады па-ранейшаму абмяжоўваюць іхную дзейнасьць у зборы сродкаў іх уласнымі месцамі культу або іншай уласнасьцю».
Групы заявілі, што сутыкаліся зь перасьледам і небясьпекай затрыманьня, калі спрабавалі атрымаць ахвяраваньні ў іншых месцах.
Рымска-каталіцкае духавенства працягвала заяўляць, што замежныя сьвятары сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі, у тым ліку з працяглым працэсам зацьвярджэньня перад атрыманьнем дазволу на цэлебрацыю імшы, і што чыноўнікі часта выдавалі дазволы толькі на тэрмін ад 3 да 6 месяцаў.
У падразьдзеле «Іншыя парушэньні», сярод іншага, ідзе гаворка пра тое, што «Хрысьціянскую візію» прызналі экстрэмісцкай групай, а за распаўсюд яе інфармацыі людзей адпраўлялі за краты на 15 дзён.
17 лістапада Мінабароны паведаміла, што з 1 лістапада створана новая пасада рэлігійнага настаўніка ва Ўзброеных сілах. Як адзначылі ў міністэрстве, інструктарамі будуць прызначацца «духоўныя асобы з адпаведнай духоўнай адукацыяй», якія атрымалі сан і прыдатныя да прызыву на вайсковую службу. Яны будуць займацца духоўна-маральным выхаваньнем і задавальненьнем духоўных і рэлігійных патрэбаў вайскоўцаў.
Форум