Палітзьняволены ксёндз Генрых Акалатовіч у лістах з-за кратаў піша, што ні ў чым не вінаваты. Высьветлілася, што разам зь ім арыштавалі дваіх парафіянаў. Паводле вернікаў, на жанчыну ціснуць, каб сьведчыла супраць сьвятара, паведамляе Katolik.life.
Прайшло паўгода з затрыманьня і ўзяцьця пад варту пробашча каталіцкай парафіі Сьвятога Юзафа ў Валожыне Генрыха Акалатовіча. З таго часу пра ксяндза практычна нічога не вядома.
Паводле вернікаў парафіі, зь якімі паразмаўляў Katolik.life, і тых, хто знаёмы з блізкімі ксяндза Акалатовіча, сьледзтва ў ягонай справе яшчэ працягваецца. Афіцыйна так і не паведамілі, у чым абвінавачваюць сьвятара, але мяркуецца, што за нібыта «здраду дзяржаве».
Стала вядома, што разам са сьвятаром арыштавалі і дваіх прыхаджан. Гэта гаспадыня, якая гатавала ежу для сьвятара, а таксама пэнсіянэр, былы камандзір мясцовай вайсковай часткі, які ў апошнія гады працаваў у сельгаспрадпрыемстве, быў дэпутатам, дапамагаў парафіі. Вайсковая частка і касьцёл знаходзяцца побач.
«На жанчыну, як мы чулі, ціснуць, каб яна дала паказаньні. Бо доказаў віны ксяндза Генрыха няма. Гэта паважаны, заслужаны сьвятар. Нездарма менавіта яго арыштавалі. Праз гэтую справу ціснуць на ўвесь Касьцёл», — выказалі меркаваньне вернікі.
Апошнія два месяцы лістоў ад ксяндза Генрыха Акалатовіча не было, а раней ён пісаў, што не прызнае абвінавачаньня:
«Пасьля цэнзуры даходзілі толькі абрыўкі лістоў. Ён пісаў, што ні ў чым не вінаваты, што гэта нейкае непаразуменьне,, і заўсёды прасіў аб малітве, бо мае надзею толькі на Бога».
Нягледзячы на адсутнасьць лістоў, вядома, што ксёндз Генрых і зараз трымаецца ў добрым духу, ня скардзіцца:
«Ён не прывык скардзіцца. Але можна ўявіць, як яму цяжка па здароўі пераносіць зьняволеньне — у яго практычна выразаны страўнік, было некалькі апэрацыяў».
Вернікам перадавалі, што пра справу ведаюць у Ватыкане і займаюцца ім, «хоць працэс ідзе павольна».
Афіцыйна пра меркаваны клопат Ватыкана з гэтай нагоды нічога не паведамлялі — у адрозьненьне ад выпадку, калі праз аналягічнае абвінавачаньне ў СІЗА КДБ трымалі іншага каталіцкага сьвятара, а праз паўгода адпусьцілі, не атрымаўшы доказаў ягонай віны.
Генадзь Акалатовіч — вядомы ў Беларусі сьвятар, які яшчэ з савецкіх атэістычных часоў дапамагаў адраджаць Каталіцкую царкву ў рэгіёнах. Ня раз станавіўся героем публікацый і сюжэтаў дзяржаўнай прэсы, у адным з матэрыялаў падкрэсьлівалася, што ксёндз размаўляе па-беларуску ня толькі ў парафіі, але і дома.
Акалатовіч перанёс інфаркт, нядаўна яму зрабілі апэрацыю на страўніку ў сувязі з анкалягічным захворваньнем. Ён мае патрэбу ў мэдыцынскім назіраньні і пастаянным прыёме лекаў.
Форум