У пятніцу, 14 чэрвеня ў Нямеччыне стартуе чарговы чэмпіянат Эўропы ў футболе. На стадыёне ў Мюнхэне, а 22-й гадзіне менскага часу ў матчы-адкрыцьці сустрэнуцца нацыянальныя каманды Нямеччыны і Шатляндыі. Але беларускія гледачы на дзяржаўнай тэлевізіі прадстаўнічага турніру не пабачаць.
У апублікаванай Белтэлерадыёкампаніяй праграме тэлеперадач няма трансьляцый Эўра-2024. Замест іх у пятніцу пакажуць сынхроннае плаваньне і самба на Гульнях БРІКС, у якіх удзельнічаюць 93 краіны, але якія па прадстаўніцтве і папулярнасьці значна саступаюць футбольнаму чэмпіянату.
Раней Міністэрства спорту і турызму афіцыйна дазволіла дзяржаўным тэлеканалам выкарыстоўваць пірацкія паказы гульняў. Аднак, праўдападобна, пасьля папярэджаньня ад Эўрапейскай фэдэрацыі футбольных асацыяцый (УЭФА) пра магчымыя санкцыі ўлады вырашылі зрабіць крок назад. Акрамя таго, першы намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Андрэй Васілевіч у камэнтары для Smartpress.by прызнаўся, што ніводзін апэратар не купіў правы для тэлетрансьляцый Эўра на тэрыторыі Беларусі.
Раней Белтэлерадыёкампанія шмат гадоў набывала правы на паказ футболу найвышэйшага ўзроўню, усе гульні чэмпіянату Эўропы паказваліся ў жывым этэры. Аднак з увядзеньнем супраць Беларусі санкцый за задушэньне пратэстаў у краіне і саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскім нападзе на Ўкраіну становішча зьмянілася. Акрамя таго, зборную Расеі цалкам выключылі з усіх міжнародных турніраў, а беларускай камандзе забаранілі прымаць супернікаў на сваёй тэрыторыі.
Такім чынам, для прагляду Эўра-2024 беларусам унутры краіны давядзецца карыстацца замежнымі спадарожнікавымі спартовымі каналамі або глядзець афіцыйныя і «пірацкія» трансьляцыі ў сеціве.
Першынство Эўропы сёлета на фінальным этапе прыме 24 каманды. Зборная Беларусі на турнір не прабілася.
Апошні раз такія вялікія праблемы з паказам вялікага футболу на грамадзкай тэлевізіі ў Беларусі былі ў 2002 годзе. Тады непасрэдна перад пачаткам чэмпіянату сьвету ў Японіі і Паўднёвай Карэі расейскія тэлеканалы, зь якіх ішлі трансьляцыі, заявілі, што ня будуць дзяліцца паказамі на тэрыторыю Беларусі.
У Менску ў выніку гэтага нават адбылася дэманстрацыя футбольных заўзятараў, якія раптоўна пазбавіліся магчымасьці глядзець турнір. У той раз Белтэлерадыёкампанія хутка выкупіла неабходныя правы і запусьціла трансьляцыі з наступных гульняў. Цяпер сытуацыя выглядае іначай і ня ўсё залежыць ад беларускага боку.
Раней Палата прадстаўнікоў прыняла адмысловы закон, які дазваляе красьці трансьляцыі. Закон «Аб абмежаваньні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці» прынялі 3 студзеня 2023 году. Гэты закон дапускае выкарыстаньне лічбавых матэрыялаў бяз згоды замежнага праваўласьніка. Цяпер навінкі сусьветнага кінэматографу, якія паказваюць у беларускіх кінатэатрах, — гэта пірацкія копіі. У тым жа студзені летась у беларускіх кінатэатрах пачалі паказваць пірацкую копію знакамітага галівудзкага фільму «Аватар».
Таксама закон дазваляе выкарыстоўваць замежныя кампутарныя праграмы безь ліцэнзіі.
Форум