Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Частка грузінскіх футбалістаў падтрымала пратэстоўцаў у змаганьні супраць закону аб «іншаземных агентах»


Нападнік зборнай Грузіі Буду Зіўзівадзэ сьвяткуе перамогу зборнай Грузіі і выхад на Эўра-2024
Нападнік зборнай Грузіі Буду Зіўзівадзэ сьвяткуе перамогу зборнай Грузіі і выхад на Эўра-2024

Замест усеагульнага сьвяткаваньня першага выхаду зборнай у фінал чэмпіянату Эўропы грузінскі футбол напаткаў палітычны раскол.

Гэтым летам у Нямеччыне адбудзецца чэмпіянат Эўропы ў футболе. Упершыню ў фінальную частку спаборніцтваў прабілася зборная Грузіі — гэта першы важкі посьпех грузінскага футболу на міжнароднай арэне з 1981 году, калі тбіліскае «Дынама» заваявала Кубак уладальнікаў кубкаў.

Але цяпер мільёны грузінаў знаходзяцца ў палоне як футбольнай маніі, так і палітычнага крызісу дэмакратычных каштоўнасьцяў і геапалітычнай ідэнтычнасьці, памкненьні далучыцца да Эўропы — да вялікага футболу і Эўрапейскага Зьвязу — усё больш пераплятаюцца, піша Цэнтральная служба Радыё Свабода.

Футбалісты Грузіі сталі нацыянальнымі героямі пасьля драматычнай перамогі над Грэцыяй у адборачным матчы 26 сакавіка, які вывеў каманду ў фінальную частку Эўра. Цяпер некаторыя гульцы нацыянальнай зборнай рашуча выступаюць супраць паўторнага ўвядзеньня законапраекту аб «замежных агентах» і жорсткага разгону паліцыяй пратэстаў супраць яго. Закон у грузінскім грамадзтве трывала асацыюецца з Расеяй, дзе аналягічны законапраект правялі раней.

Пасьля некалькіх месяцаў нарастаючых пратэстаў з пачатку красавіка напружанасьць рэзка ўзмацнілася праз слуханьні законапраекту ў парлямэнце, а паліцыя ў адказ прымяніла сьлёзацечны газ, вадамёты і гумовыя кулі.

«Мне цяжка бачыць, як яны супрацьстаяць маім суайчыньнікам, асабліва жанчынам і дзецям, — напісаў паўабаронца зборнай Георгі Чакветадзэ ў Instagram. — Нішто ня большае за наш народ, няма закону, важнейшага за яго. Скасуйце гэты закон, і мы зноў будзем жыць дружна, як 26 сакавіка — не Расеі і наперад у Эўропу!»

На ўсіх пратэставых акцыях у Тбілісі гучаць у тым ліку футбольныя песьні ў гонар нацыянальнай каманды. Калі раней асноўнымі героямі былі рэгбісты, якія ўваходзяць у сьпіс наймацнейшых зборных сьвету, дык цяпер футбалісты таксама карыстаюцца высокім аўтарытэтам.

Але шэраг вядомых у мінулым грузінскіх футбалістаў, якія праславілі сваю краіну ў папярэднія дзесяцігодзьдзі, знаходзяцца па іншы бок барыкадаў. Былы гулец і цяперашні прыхільнік кіроўнай партыі «Грузінская мара», дэпутат Міхеіл Кавелашвілі абвінаваціў галоўную зорку сёньняшняй зборнай Грузіі Хвічу Кварацхелію ў заахвочваньні да гвалту ў сваім паведамленьні ў сацыяльных сетках. Кварацхелія, які летась разам з «Напалі» здабыў золата першынства Італіі, а цяпер быў лідэрам зборнай Грузіі ў яе змаганьні за выхад на Эўра, выступіў з рэзкім асуджэньнем законапраекту.

«Квара, вашая заява была выкарыстаная апазыцыяй, і так пачыналася грамадзянская вайна ў 90-я гады», — сказаў Кавелашвілі прэс-службе правай партыі «Сіла народа», якая зьяўляецца філіяй «Грузінскай мары».

«Калі грузін сутыкаецца з грузінам праз вашую заяву, адказнасьць ляжыць на вас», — напісаў Кавелашвілі на адрас Кварацхеліі.

«Грузінскую мару» прадстаўляюць таксама дзьве міжнародныя зоркі грузінскага футболу Кахабэр Каладзэ, які ў найлепшыя гады выступаў за «Мілян» і заваёўваў Кубак чэмпіёнаў, а таксама Леван Кабіяшвілі, які правёў галоўныя гады кар’еры ў аўтарытэтным нямецкім клюбе «Шальке-04». Каладзэ з 2017 году мэр Тбілісі, а Кабіяшвілі сябра парлямэнту і кіраўнік футбольнай фэдэрацыі.

Спартовы журналіст Армаз Ахвелдыяні называе гэта «пагадненьнем» Кабіяшвілі з «Грузінскай марай». Той нібыта дазволіў партыі выкарыстоўваць сваё імя ў выбарчай кампаніі, каб здабываць сымпатыі народу на папулярнасьці футбаліста, а сам папрасіў узамен зямлю пад стадыёны і пачаў аднаўляць інфраструктуру спорту.

Паведамленьне ў Facebook, якое стала вірусным, паказвае, як яшчэ адзін цяперашні гулец Ніка Квеквескіры праводзіў сваё жыцьцё ў паселішчы для грузінаў, пераселеных з Абхазіі ў выніку сэпаратысцкай вайны 1990-х гадоў.

Калі летась хаўрусьнікі «Грузінскай мары» ўнесьлі аналягічны расейскаму законапраект на разгляд у парлямэнт, яго можна было адразу параўнаць з расейскімі законамі, якія цягам апошняга дзесяцігодзьдзя выкарыстоўвалі азначэньне «замежны агент» для ўстойлівага задушэньня іншадумства. Грузінскія апанэнты закляймілі іх «расейскім законам», і такая назва замацавалася і за другой вэрсіяй законапраекту.

Лідэры ЗША і ЭЗ рэзка раскрытыкавалі гэта як патэнцыйны замах на грамадзянскія свабоды. Больш за тое, шэраг экспэртаў з Захаду падазрае, што інтэграцыя Грузіі ў Эўропу істотна запаволіцца ці нават спыніцца праз закон аб «іншаземных агентах».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG