Хочуць судзіць памерлых
Беларускія суды змогуць судзіць і мёртвых, калі справа датычыць генацыду, ваенных злачынстваў і яшчэ некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Такія зьмены ў заканадаўства прадугледжвае праект закону «Аб зьменах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу». Ён падрыхтаваны Саўмінам і ўнесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў.
Паводле новага закону, беларускія органы змогуць пачынаць крымінальныя справы супраць мёртвых па наступных злачынствах:
— падрыхтоўка альбо вядзеньне агрэсіўнай вайны (артыкул 122);
— акт міжнароднага тэрарызму (артыкул 126);
— генацыд (артыкул 127);
— злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва (артыкул 128);
— вытворчасьць, назапашваньне альбо распаўсюджваньне забароненых сродкаў вядзеньня вайны (артыкул 129);
— экацыд (артыкул 131);
— прымяненьне зброі масавага паражэньня (артыкул 134);
— парушэньне законаў і звычаяў вайны (артыкул 135);
— злачынныя парушэньні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас збройных канфліктаў (артыкул 136);
— бязьдзейнасьць або адданьне злачыннага загаду падчас збройнага канфлікту (артыкул 137).
Тэрміну даўнасьці гэтыя артыкулы ня мелі і раней, але асудзіць па іх можна было толькі жывых.
Памерлым абвінавачаным па такіх справах будуць вылучаць адваката. Адмовіцца ад яго паслуг будзе нельга, нават калі гэтага захочуць сваякі абвінавачанага.
Дагэтуль беларускія суды выносілі выракі завочна палітычным апанэнтам, якія знаходзяцца за мяжой.
Замежным інвэстарам нельга прадаваць бізнэс
Год таму беларускія ўлады забаранілі замежным інвэстарам прадаваць свой бізнэс у Беларусі бяз згоды саміх уладаў. Але ня ўсім, а склалі адмысловы сьпіс. Напачатку ў «чорным» сьпісе было 197 кампаній, але сёлета сьпіс пашырылі ў 10 разоў. Цяпер 1849 кампаній з замежным капіталам ня могуць прадаць свой бізнэс у Беларусі.
Яскравы прыклад — фінскі інвэстар «Лідзкага піва» кампанія Olvi. Актыў значна ўпаў у цане, але прадаць яго беларускія ўлады не дазволілі. Да таго, у лютым, Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі правёў праверку ААТ «Лідзкае піва», выявіў парушэньні і аштрафаваў кампанію на 35,8 млн рублёў (€12 млн эўра па курсе Нацбанку на 20 лютага 2023 году). Кампанія са штрафам не пагадзілася і зьвярнулася зь пярэчаньнем у раённы суд.
Дазволілі лічбавае пірацтва
Сёлета 3 студзеня ў Беларусі прынялі закон «Аб абмежаваньні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці». Гэты закон дапускае выкарыстаньне лічбавых матэрыялаў бяз згоды замежнага праваўласьніка. Цяпер навінкі сусьветнага кінэматографу, якія паказваюць у беларускіх кінатэатрах, — гэта пірацкія копіі.
Таксама закон дазваляе выкарыстоўваць замежныя кампутарныя праграмы безь ліцэнзіі.
Чыноўнікаў дазволілі расстрэльваць «за здраду»
Беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў могуць расстраляць за «здраду дзяржаве». Такі закон на пачатку году канчаткова зацьвердзілі беларускія дэпутаты.
Робіцца гэта «ў мэтах аказаньня стрымальнага ўзьдзеяньня на дэструктыўныя элемэнты, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве».
У панятак «дзяржаўнай здрады» ў Беларусі ўваходзіць «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай дзяржаве ці арганізацыі», шпіянаж, а таксама «аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве ці арганізацыі, якая нясе шкоду нацыянальнай бясьпецы».
У «нязгодных» могуць забіраць грамадзянства і маёмасьць
На пачатку студзеня сёлета ў Беларусі прынялі закон, паводле якога беларуса могуць пазбавіць грамадзянства, нададзенага пры нараджэньні. Для гэтага чалавека мусяць асудзіць па адным з двух дзясяткаў крымінальных артыкулаў, пералічаных у законе. Гэта ў асноўным артыкулы, зьвязаныя з «экстрэмізмам», то бок з палітычнай дзейнасьцю, у сьпісе ёсьць нават «абраза прэзыдэнта». Праўда, прысуд па гэтых артыкулах не азначае аўтаматычнага пазбаўленьня грамадзянства. Рашэньне аб гэтым па законе прымае асабіста Лукашэнка. Пакуль грамадзянства яшчэ нікога не пазбаўлялі, закон уступае ў сілу толькі праз паўгода пасьля прыняцьця, то бок у ліпені.
Летась у ліпені таксама прынялі закон, які дазваляе канфіскоўваць маёмасьць у беларускіх актывістаў паводле завочных судоў. Калі чалавека асудзілі, а ён за мяжой, то суд можа прыняць такое рашэньне.