Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Турэччыне на некалькі сэкундаў разьвітаўся зь жыцьцём». Беларус прайшоў пехатой 2,5 тысячы кілямэтраў праз 7 краін


Яўген Гуцалаў падчас падарожжа
Яўген Гуцалаў падчас падарожжа

Яўген Гуцалаў, які расказваў Свабодзе пра сваё падарожжа, калі быў яшчэ ў Сэрбіі, дайшоў да канчатковага пункту ў Стамбуле.

Яўген Гуцалаў у 2019 годзе прабег Беларусь з поўначы на поўдзень. Пасьля 2020-га жыў у Турэччыне, дапамагаў там пасьля землятрусу. Атрымаў крымінальную справу на Радзіме і пасядзеў за гэта ў турме ў Армэніі.

У 2024-м ён прайшоў па шляху султана Сулеймана — гэта 2,5 тысячы кілямэтраў, праз 7 краінаў, зь Вены ў Стамбул.

Яўген Гуцалаў на шляху зь Вены ў Стамбул
Яўген Гуцалаў на шляху зь Вены ў Стамбул

Дажджы, бруд і паўтара кіляграма гліны на ботах

2500 кілямэтраў Яўген прайшоў пехатой за 56 дзён. Рэчаў меў з сабой мінімум — заплечнік, намёт, трохі адзеньня на зьмену.

«Я нічога не плянаваў. Пляны і я — такое сабе», — сьмяецца Гуцалаў. Ён узгадвае, што ў фізычным пляне найцяжэй было ў гарах Сэрбіі. Ішлі дажджы, шлях ляжаў па гарах, было брудна, сьлізка. На боты наліпла гліна, «недзе паўтара кіляграма». Перасоўваўся Яўген так: крок наперад, два назад.

«Быў проста трындзец. Як даваў рады? Ніяк. Проста прымаў як ёсьць. Глядзеў прагноз надвор’я, і калі набліжаўся трындзец з дажджом і маланкамі — то ставіў намёт на начлег раней, каля 17 гадзіны. Пры спрыяльным надвор’і ў гэты час яшчэ мог бы ісьці», — кажа вандроўнік.

Ён дадае, што падпісчыкі ў Іnstagram папярэджвалі яго: маўляў, сэрбы часта маюць прарасейскія погляды.

«Але я пераканаўся, што гэта ня так. Такія толькі тыя, хто глядзіць тэлевізар. Вось яны могуць казаць: „Пуцін, Лукашэнка, братушкі“. Нармальныя людзі, сэрбы ўсё разумеюць, што робіцца ў сьвеце. Гавораць і пра карупцыю, і пра залежнасьць ад Масквы. Дарэчы, для мяне Сэрбія стала другой краінай па гасьціннасьці пасьля Турэччыны. Дзе праходзіў па Сэрбіі — часта прапаноўвалі чарку ракіі (мясцовы алькагольны напой. — РС)», — кажа Яўген.

Дзікія сабакі ледзьве не загрызьлі

Калі Яўген трапіў на тэрыторыю Турэччыны, то вельмі ўзрадаваўся. Гэта заўважылі і пісалі яму і падпісчыкі блогу. Але далей пачаліся чарговыя выпрабаваньні. Па словах суразмоўцы, на некалькі сэкундаў ён нават разьвітаўся з жыцьцём. Гэта адбылося, калі напала зграя дзікіх сабак — кангалаў (парода накшталт аўчаркі. — РС). Яўген кажа, што іх было каля 30.

«Я толькі падумаў: ды ну на фіг такую сьмерць — быць разарваным на кавалкі сабакамі. І, як нейкі сахаты, пераскочыў празь некалькі платоў, залез на нейкі хлеў і там хаваўся ад іх, чакаў, што страцяць да мяне цікавасьць. Да гэтага я сьвіснуў у сьвісток — думаў, што людзі пачуюць і дапамогуць мне, але гэтым яшчэ больш толькі раззлаваў сабак, раздражніў іх», — узгадвае Яўген.

У Стамбуле Яўген пасьля падарожжа адчуў шок — ад шуму вялікага гораду, натоўпу людзей, гукаў машынаў. Паступова прыйшоў у сябе, памыўся, пастрыгся.

«Сваячка напісала, што я, пасьля таго як памыўся, пастрыгся, стаў як „дамавёнак Кузя“ з мультфільму. Цяпер мне трэба разабрацца з нагамі, бо зьвязкі, цягліцы маюць запаленьне», — кажа Яўген.

Што пасьля? Каля месяца ён думае пабыць у Турэччыне, наведаць Кападокію (турыстычны рэгіён Турэччыны. — РС).

«Потым некуды паеду. Пакуль ня ведаю куды, праўда», — дадаў Яўген.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG