Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначылі дату завочнага суду над праваабаронцам Судаленкам


Леанід Судаленка, 2024
Леанід Судаленка, 2024

У Гомельскім абласным судзе на 12 чэрвеня прызначылі пачатак завочнага суду над былым палітвязьням і праваабаронцам Леанідам Судаленкам.

Новая крымінальная справа ў фармаце спэцвядзеньня была пачатая ў лістападзе 2023 году. Леаніда Судаленку абвінавачваюць паводле частак 1 і 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу.

Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», справу будзе разглядаць судзьдзя Анатоль Сотнікаў.

Леанід Судаленка — вядомы праваабаронца, быў кіраўніком Гомельскага адзьдзяленьня Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Яго затрымалі раніцай 18 студзеня 2021 году па дарозе на офіс у рамках крымінальнай справы, распачатай па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Трэцяга верасьня 2021 году ў судзе Цэнтральнага раёна Гомля распачаўся закрыты працэс супраць Судаленкі, а 3 лістапада 2021-га яго асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

21 ліпеня 2023 году праваабаронца выйшаў на волю з ПК № 3, цалкам адбыўшы тэрмін, і выехаў з краіны.

Камэнтуючы пачатак спэцвядзеньня, Леанід Судаленка раней адзначыў, што, як толькі 1 лістапада 2023 году супраць яго завялі крымінальную справу ў Гомельскім раённым СК, ён даслаў сьледчым паперу, дзе пазначыў, што праз рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць краіну і пераехаць у Літву, і пакінуў ім свой літоўскі нумар мабільнага тэлефона для сувязі. Аднак ніхто яму не адказаў: ні сьледчыя, ні адвакат, якога прызначыла дзяржава.

Судаленка лічыць, што ягонае права на абарону ігнаруецца.

«Фактычна гэта адмова ў прававой абароне. Пасылаю лісты сваёй адвакатцы, званю на яе тэлефонны нумар, званю па Viber, але слухаўкі не бярэ і на лісты, дасланыя па электроннай пошце, не адказвае. Прававая сваволя адносна мяне працягваецца, бо і скаргі выніку не даюць. Адказ, які я атрымаў, проста сьмешны», — камэнтуе Леанід Судаленка сытуацыю, у якой апынуўся.

Цяпер Судаленка жыве ў Вільні, працягвае займацца праваабарончай дзейнасьцю. У тым ліку ён рэзка крытыкаваў беларускія ўлады за працяг рэпрэсій супраць грамадзянаў, якія выказвалі нязгоду з вынікамі выбараў 2020 году.

Судаленка мяркуе, што ягоная актыўнасьць спрычынілася да завядзеньня супраць яго на радзіме новай крымінальнай справы — цяпер паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу — за «іншае садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Летась у лістападзе Леанід Судаленка таксама даведаўся, што ў ягоным доме прайшоў ператрус і быў арыштаваны зямельны ўчастак непадалёк ад Гомля, які яму належыць.

Свабодзе Леанід раней паведаміў, што праінфармаваў Гомельскі абласны суд аб сваёй гатоўнасьці ўдзельнічаць у працэсе праз Skype, але адказу таксама не атрымаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG