Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) абвясьціла шорт-ліст прэміі Prix Voltaire 2024 у гонар выключнай мужнасьці ў адстойваньні свабоды кнігавыданьня. У яго трапіў беларускі кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч.
«Выдавецтва Янушкевіча кідае выклік ціску на свабоду кнігавыданьня ў Беларусі, дзе выдаўцы сутыкаюцца зь перасьледам, штрафамі і арыштамі. Дырэктар Андрэй Янушкевіч сутыкнуўся з адвольнымі затрыманьнямі, канфіскацыяй кніг і прызнаньнем выдадзеных ім кніг „экстрэмісцкімі“. У 2023 годзе ён быў вымушаны ўцячы ў Польшчу, дзе працягнуў выдавецкую дзейнасьць і адкрыў кнігарню ў Варшаве», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Сёлета ў шорт-ліст прэміі ўвайшлі пяць чалавек і арганізацый, якія прадэманстравалі стойкасьць і адвагу перад абліччам цэнзуры і прыгнёту, гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце прэміі.
Разам з Андрэем Янушкевічам у шорт-ліст прэміі трапілі:
- Турэцкі выдавец Асман Кавала. Займаўся прасоўваньнем культурнага абмену, правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў у сваёй краіне. Затрыманы ў 2017-м і ў 2022 годзе асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне паводле абвінавачаньняў, якія многія лічаць палітычна матываванымі.
- Душан Гойкаў, сэрбскі радыёрэжысэр, драматург, паэт, празаік, кампазытар і выдавец. У 1994 годзе заснаваў «Балканскі літаратурны весьнік». Абаронца свабоды слова, выступае за бясьпеку аўтараў, якія знаходзяцца пад пагрозай, і іх вываз у бясьпечнае месца.
- Расейскі выдавец Асламбек Ежаеў. Выдае перакладную ісламскую літаратуру. Быў арыштаваны ў красавіку 2021 году па «абвінавачаньні ў фінансаваньні ісламскіх тэрарыстаў» і ў лютым 2023 году асуджаны на 17 гадоў зьняволеньня.
- Палестынскі выдавец Самір Мансур. Ягоныя кнігарня і выдавецтва больш за 20 гадоў былі найважнейшай часткай мясцовай супольнасьці ў Газе, выдаючы палестынскіх аўтараў і захоўваючы тысячы кніг на розных мовах. Разбураная ў 2021 годзе, адноўленая ў 2023-м, кнігарня зноў была пашкоджаная ў вайне паміж Ізраілем і ХАМАС.
«Сёлетні шорт-ліст паказвае, наколькі важныя выдаўцы для гарантаваньня свабоды выказваньня. Мы дзякуем ім усім за іх адвагу», — адзначыла старшыня Камітэту IPA па свабодзе кнігавыданьня Крыстэн Эйнарсан.
Цырымонія ўручэньня прэміі адбудзецца ў сьнежні 2024 году.
- Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) заснаваная ў 1896 годзе. Яе місіяй — спрыяць кнігавыданьню, абараняць яго і павышаць абазнанасьць пра выдавецкую дзейнасьць. Ва ўсім сьвеце IPA актыўна змагаецца супраць цэнзуры і спрыяе захаваньню аўтарскіх правоў, пісьменнасьці і свабоды друку. Гэта прафэсійная асацыяцыя праваабарончага кірунку. У Асацыяцыю ўваходзяць 60 арганізацый больш як з 50 краінаў. Цэнтральны офіс месьціцца ў Жэнэве.
Форум