Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агучылі ўдакладненыя вынікі выбараў у Каардынацыйную раду

абноўлена

Каардынацыйная рада, архіўнае фота
Каардынацыйная рада, архіўнае фота

Выбарчая камісія паведаміла папярэднія вынікі галасаваньня ў Каардынацыйную раду. У галасаваньні ўзялі ўдзел 6723 чалавекі.

Галасы разьмеркаваліся наступным чынам:

  • «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» (Павал Латушка) — 2358 (35,1%),
  • Блёк Пракоп’ева — Ягорава (Вадзім Пракоп'еў) — 1050 (15,6%),
  • «Незалежныя беларусы» (Максім Шабуцкі) — 616 (9,2%),
  • «Эўрапейскі выбар» (Аляксандар Дабравольскі) — 605 (9%),
  • «Моладзевы наступ» (Лізавета Пракопчык) — 598 (8,9%),
  • «Наша справа» (Роза Турарбекава) — 489 (7,3%),
  • «Воля» (Аляксандар Кабанаў) — 432 (6,4%),
  • «Хопіць баяцца» (Тацяна Мартынава) — 226 (3,4%).

Астатнія блёкі — «Салідарнасьць»,«Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі» і «Краіна для жыцьця» — набралі менш за 3% галасоў тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні.

Апоўні 28 траўня выбарчая камісія заявіла, што дапусьціла адну памылку ў фармаваньні сьпісаў У табліцы Excel занесьлі непраўдзівыя зьвесткі. Пасьля разбору ў сьпісу Розы Турарбекавай «Наша справа» забралі адзін мандат, і на адзін мандат стала больш у сьпісу Лізаветы Пракопчык «Моладзевы наступ».

Такім чынам, замест Лізаветы Жучковай зь першага сьпісу ў Каардынацыйную раду прайшоў Аляксандар Аўтушка-Сікорскі.

Мандаты сьпісаў, якія набралі больш за 3% галасоў, разьмеркаваныя наступным чынам:

  • Каманда Латушкі і рух «За свабоду» — 28,
  • Блёк Пракопʼева — Ягорава — 13,
  • «Незалежныя беларусы» — 8,
  • «Эўрапейскі выбар» — 8,
  • «Моладзевы наступ» — 8,
  • «Нашая справа» — 6,
  • «Воля» — 6,
  • «Хопіць баяцца» — 3.

Выбары ў Каардынацыйную раду адбываліся з 25 па 27 траўня. На падачу і разгляд скаргаў закладзены пэрыяд з 29 траўня па 8 чэрвеня. А канчатковыя вынікі выбараў абвесьцяць 8 чэрвеня.

Першае паседжаньне Каардынацыйнай рады 3-га склiканьня адбудзецца 15 чэрвеня.

Раней на старонцы выбараў у КР апублікавалі інфармацыю, чаму галасаваньне зрабілі бясьпечным:

  • захоўваньне пэрсанальных зьвестак, неабходных для галасаваньня, дэцэнтралізава — няма ніякага адзінага рэестру зьвестак, сабраных у адным месцы. Гэта выключае магчымасьць узлому або крадзяжу дадзеных;
  • да ўсіх крокаў галасаваньня зрабілі дэталёвыя інструкцыі, як выканаць лічбавую гігіену, каб засьцерагчы тых, хто ўнутры Беларусі, ці тых, хто езьдзіць у краіну;
  • для людзей унутры Беларусі дадалі асобнае рашэньне, каб яны паўнавартасна маглі ўдзельнічаць у выбарах, але пры гэтым з дадатковай абаронай ад таго, каб рэжым мог даведацца пра гэты ўдзел праз даступныя яму інструмэнты кантролю за інтэрнэт-трафікам;
  • пры галасаваньні ўсе дадзеныя абараняліся такім чынам, каб немагчыма было ідэнтыфікаваць пэрсанальныя зьвесткі ўдзельнікаў.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
  • З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
  • Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
  • У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG