У Нацыянальны цэнтар абароны пэрсанальных дадзеных (НЦЗПД) паступіла апавяшчэньне пра парушэньне сыстэмы абароны пэрсанальных зьвестак ТАА «РыэлтБай» — папулярнага парталу жылой і камэрцыйнай нерухомасьці ў Беларусі, паведаміў цэнтар 21 траўня.
Паводле зьвестак рэгулятара, «арыенціровачная колькасьць» карыстальнікаў, якіх «закрануў інцыдэнт», складае 900 тысяч.
НЦЗПД рэкамэндаваў карыстальнікам зьмяніць лягіны і паролі сваіх акаўнтаў на сайце realt.by, а таксама на афіляваных парталах kvartirant.by і mls.realt.by.
16 траўня дырэктар НЦЗПД Андрэй Гаеў паведаміў, што з пачатку 2024 году ў сеціва несанкцыянавана трапілі пэрсанальныя зьвесткі каля 1 мільёна жыхароў Беларусі, кліентаў кампаніі, якая займаецца перавозкамі. Назву кампаніі дырэктар не назваў, але ў лютым 2024 году паведамлялі, што ў сеціва трапілі нумары тэлефонаў кліентаў сэрвісу «Атлас» і тэхнічная інфармацыя пра замовы квіткоў на аўтобусы і маршруткі.
Паводле Андрэя Гаева, у рамках папераджальнай працы толькі сёлета зь дзейнасьці арганізацый выключылі каля 9,5 мільёна адзінак інфармацыі пра грамадзян Беларусі. Гэтыя зьвесткі не пасьпелі трапіць у сеціва, але іх апрацоўвалі незаконна.
У 2023 годзе, паводле дырэктара НЦЗПД, колькасьць зваротаў у НЦЗПД павялічылася ў паўтара разы, колькасьць скаргаў вырасла амаль удвая.
Форум