Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сеціва трапілі зьвесткі кліентаў беларускага сэрвісу «Атлас» па продажы квіткоў на аўтобусы і маршруткі


Ілюстрацыйнае фота. Маршруткі ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Маршруткі ў Менску

У сеціва трапілі нумары тэлефонаў кліентаў сэрвісу «Атлас» і тэхнічная інфармацыя пра замовы квіткоў на аўтобусы і маршруткі, паведаміла прэс-служба сэрвісу.

«Служба інфармацыйнай бясьпекі „Атлас Бас“ выявіла выцек дадзеных пра замовы ў сэрвісе, у сувязі з узломам. У інтэрнэт трапілі нумары тэлефонаў нашых кліентаў і тэхнічная інфармацыя пра замовы: дата стварэньня, склад і іншыя падрабязнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце atlas.by.

У сэрвісе запэўніваюць, што выцек не закрануў банкаўскія і плацёжныя дадзеныя кліентаў, а таксама іх лагіны і паролі — яны ў бясьпецы.

«Атлас» — беларускі сэрвіс, які аб’ядноўвае перавозчыкаў і пасажыраў і дазваляе набываць квіткі на міжгароднія і міжнародныя маршруткі або аўтобусы.

  • У лістападзе 2023 году ў сілавікоў паўсталі прэтэнзіі да агрэгатара «Атлас» і яго заснавальнікаў — Андрэя Данцова і Ўладзімера Фундатара. КДБ завёў супраць кампаніі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў, сярод абвінавачаных і падазраваных — 20 чалавек. Паводле вэрсіі КДБ, яны сфармавалі «злачынную схему»: абʼядналі больш за 300 перавозчыкаў і далі ім доступ да кліенцкіх базаў, а наўзамен папрасілі перадаваць няўлічаную гатоўку.
  • Таксама ў лістападзе Лукашэнка правёў нараду аб пасажырскіх перавозках, на якой абвінаваціў нелегальных перавозчыкаў у стратах бюджэту і запатрабаваў, каб інтэрнэт-агрэгатары разьмясьцілі свае інфармацыйныя сыстэмы ў Беларусі.
  • 25 студзеня Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім дыспэтчары павінны адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны, а таксама даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі пра выкананыя замовы.
  • Агрэгатар «Атлас Бас» пачаў перанос дадзеных на сэрвэры ў Беларусь. «У сувязі з тэхнічнымі працамі па лякалізацыі плятформы магчымыя нязначныя перабоі ў працы сэрвісу», — паведамлялася на сайце «Атласа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG