Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў КР: удзельнікі прызнаюць, што кампанія не прыцягнула належнай увагі, але абяцаюць агучыць колькасьць галасоў, «колькі б іх ні было»


На Канфэрэнцыі 19 траўня
На Канфэрэнцыі 19 траўня

Рэпартаж Свабоды з канфэрэнцыі кандыдатаў у Каардынацыйную раду і шмат ФОТА.

19 траўня, за некалькі дзён да выбараў у Каардынацыйную раду, палітычныя групы арганізавалі канфэрэнцыю, каб сустрэцца з выбарнікамі, а таксама падзяліцца плянамі і стратэгіямі.

Крытыка і скандалы

За апошні месяц кампанія выбараў у КР выклікала шэраг скандалаў. Сярод іншага, для выбарнікаў стала нечаканасьцю, што некалькі апазыцыянэраў са сьпісаў у КР калісьці пісалі даносы ў КДБ ці ў свой час галасавалі за Лукашэнку. Абурэньне ў іншых выклікала, напрыклад, выказваньне кандыдата, які заявіў, што яму «не шкада» беларусаў, якія праводзяць на мяжы ў аўтамабілях і аўтобусах па некалькі дзён, каб трапіць у ЭЗ.

Не засталіся бяз хвалі крытыкі і стваральнікі праграмы для галасаваньня, калі высьветлілася, што ўцекачы безь беларускіх пашпартоў на руках ня змогуць выбраць свайго кандыдата, паколькі ідэнтыфікаваць іх асобу з дакумэнтамі іншых краін будзе немагчыма.

Пры гэтым, паводле экспэртаў, заангажаванасьці ў выбарчы працэс вялікай часткі беларускага грамадзтва чакаць не прыходзіцца. «Ня думаю, што будуць сотні тысяч» галасаваць», — заявіў Павал Лібер. А аналітык Вадзім Мажэйка ўвогуле сумняваецца, што набяруцца «хаця б дзясяткі тысяч».

Тэхніка галасаваньня

«Самае галоўнае, каб да выбарчага працэсу далучыліся самі беларусы. Гэта зробіць выбары сапраўднымі. Нават калі прагаласуе 100 чалавек. Але хацелася б больш», — зазначыла старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька.

Яна патлумачыла, што 20 траўня ў інтэрнэце зьявіцца праграма для галасаваньня Belarus ID. Аднак тых, хто знаходзіцца ўнутры краіны, Прыходзька заклікала спампаваць яго не раней за 25-26 траўня, а потым выканаць адпаведныя інструкцыя для ўласнай бясьпекі: выдаліць аплікацыю, пачысьціць гісторыю і г.д.

Алена Прыходзька
Алена Прыходзька

Таксама Прыходзька заклікала крытычна ставіцца да exit poll, якія могуць зьявіцца ў інтэрнэце, і чакаць толькі афіцыйных вынікаў галасаваньня.

Праграмы, пляны і самапрэзэнтацыя

Канфэрэнцыя дзялілася на блёкі.

Падчас першага блёку 12 кандыдатаў — Яўген Дудкін («Салідарнасьць»), Сяргей Кедышка («Воля»), Аліна Коўшык («Эўрапейскі выбар»), Роза Турарбекава («Наша справа»), Аляксандар Азараў («Закон і правапарадак»), Раман Кісьляк («Голас дыяспар»), Сяргей Бяспалаў («Незалежныя беларусы»), Аляксандар Кныровіч («Блёк Пракоп’ева — Ягорава»), Павал Латушка (Рух «За свабоду»), Тацяна Мартынава («Хопіць баяцца!»), Віталь Савюк («Краіна для жыцьця»), Aлана Гебрэмaрыям («Моладзевы наступ») — агучылі свае лідэрскія прамовы.

Яны падкрэсьлілі важнасьць салідарнасьці ў час расколу сярод дэмакратычных сіл. «Мы мусім аб’яднацца і дамовіцца, нягледзячы на тое, што ідзём рознымі сьпісамі», — казалі яны.

Аліна Коўшык нагадала важнасьць разуменьня палітычнага статусу Сьвятланы Ціханоўскай.

«Яна галоўны рэсурс дэмакратычных сілаў, які дае ўсім, тут сабраным, легітымнасьць і суб’ектнасьць. У нашых інтарэсах узмацняць гэта і выкарыстаць для супольнай перамогі».

Аліна Коўшык
Аліна Коўшык

У сваю чаргу Павал Латушка заклікаў Ціханоўскую публічна падтрымаць выбары ў КР. Свой выступ ён пачаў словамі „Мы не абяцаем, а робім,“ — пасьля чаго пералічыў дасягненьні сваёй каманды: ордэры на арышт Лукашэнкі, 500 супрацоўнікаў рэжыму пад санкцыямі, эвакуацыя сотні людзей, дапамога сем’ям добраахвотнікаў, Кадравая рэзэрва Беларусі і іншае.

Павал Латушка
Павал Латушка

Вялікая колькасьць выступоўцаў рабіла стаўку менавіта на працу з дыяспарамі, а не зь беларусамі ўнутры краіны. Беларусам унутры, як пазьней зазначыў прадстаўнік блёку Пракоп’ева — Ягорава, былы добраахвотнік Андрэй Кушняроў: «Мы тут [за мяжой] можам толькі дапамагчы».

Сяргей Кедышка, былы прадстаўнік Паспалітага рушаньня, адзначыў, што вызваленчай арміі недастаткова. Ён параіў кожнаму жыхару краіны ўзяць адказнасьць за свой лёс у свае рукі і, напрыклад, «ісьці ў цір і вывучаць зброю...»

Сяргей Кедышка
Сяргей Кедышка

«Наступнага прэзыдэнта няма ў гэтай залі. Ён унутры Беларусі — ці за кратамі, ці ў міністэрстве (...) Таму роля КР у тым, каб гаварыць голасам тых, хто ўнутры Беларусі», — заявіў Аляксандар Кныровіч ад сьпісу «Пракоп’ева — Ягорава».

Алякандар Азараў са сьпісу «Закон і правапарадак» падкрэсьліваў важнасьць працы зь сілавікамі, паколькі «менавіта дзякуючы ім Лукашэнка ўтрымлівае ўладу». Ён заявіў пра праекты распрацоўкі адпаведных рэформ, выкарыстоўваючы досьвед эўрапейскіх дзяржаваў.

Алякандар Азараў
Алякандар Азараў

Сяргей Бяспалаў з блёку «Незалежныя беларусы» заявіў аб неабходнасьці празрыстай працы дэмсілаў і заявіў, што яго каманда ў КР ініцыюе 2 камісіі: па кантролі фінансавых паступленьняў і камісіі па этыцы.

Сяргей Бяспалаў
Сяргей Бяспалаў

«Ключ да свабоды Беларусі не ў Крамлі, як тут казалі неаднойчы, а ва Ўкраіне», — зазначыла Тацяна Мартынава, якая прыехала з Кіева. Яна падкрэсьліла важнасьць сваёй працы там: дапамогі добраахвотнікам, сустрэчаў з украінскімі дэпутатамі, удзелу ў круглых сталах з мэтай данесьці, што Беларусь — гэта не рэжым.

Тацяна Мартынава
Тацяна Мартынава

Сілавы сцэнар

Наступны блёк канфэрэнцыі тычыўся пытаньня аб неабходнасьці сілавога сцэнару для вызваленьня Беларусі. Тут кандыдаты падзяліліся — хтосьці за мірныя рашэньні, хтосьці супраць. А Сяргей Макар з «Закону і правапарадку» заявіў, што эфэктыўны сцэнар — гібрыдны.

Сяргей Макар
Сяргей Макар

Падчас выступу ў блёку пра тое, як прыцягнуць міжнародную ўвагу да беларусаў, кандыдат ад «Нашай справы» Віталь Рымашэўскі заявіў, што дэмакратычным сілам трэба адмовіцца ад палітычных праектаў і прызнаць свае памылкі. Ня трэба, паводле яго, абяцаць беларусам тое, што рэалізаваць немагчыма, напрыклад пашпарты Беларусі.

І растлумачыў, як і раней лідэрка яго сьпісу Роза Турарбекава, што «Наша справа» ставіць перад сабой рэальныя прыярытэты: «не» «жалезнай заслоне», падтрымка тых, хто ваюе ва Ўкраіне і тых, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі».

Роза Турарбекава
Роза Турарбекава

Выратаваньне палітвязьняў

Падчас апошняга блёку пра вызваленьне палітвязьняў слова ўзялі ў тым ліку і самі былыя палітзьняволеныя.

Але агульнай працоўнай канцэпцыі ў выратаваньні закладнікаў рэжыму агучана не было. «Няма адзінай стратэгіі ў вызваленьні нашых герояў. Але мы ня спынім змаганьне за нашых сяброў», — заявіў Валер Мацкевіч.

Агулам шмат, хто падкрэсьліў, што, на жаль, кампанія выбараў у Каардынацыйную раду і блізка не прыцягнула столькі ўвагі колькі хацелася. Тым ня менш арганізатары паабяцалі агучыць дакладную колькасьць галасоў: «колькі б іх ні было».

  • Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца 3 дні. Да ўдзелу ў іх дапусьцілі 12 сьпісаў, якія налічваюць 265 кандыдатаў. Па выніку ў склад прадстаўнічага органа дэмакратычных сілаў абяруць 80 прадстаўнікоў апазыцыі на 2-гадовы тэрмін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG