Мабільная праграма, якая зьявіцца ў Арр Store i Google Play Market ужо 20 траўня, дапаможа грамадзянам Беларусі зрабіць свой выбар, прытрымліваючыся нескладаных інструкцыяў, запэўніваюць яе стваральнікі.
Асаблівасьць Belarus ID — дэцэнтралізацыя захоўваньня зьвестак: дзякуючы выкарыстаньню тэхналёгіі «блокчэйн» не ствараецца цэнтральнае сховішча зьвестак, а адпаведна няма адзінага пункту іх захоўваньня як аб'екту для патэнцыйнай атакі або крадзяжу. Кожны чалавек пасьля праверкі асобы захоўвае свае асабістыя зьвесткі толькі ў сябе ў тэлефоне.
Карыстальнік павінен спампаваць мабільную праграму Belarus ID і прайсьці ў ёй працэдуру праверкі асобы, пасьля гэтага ён зможа прагаласаваць наўпрост у праграме.
Асноўны модуль праверкі асобы працуе праз праверку беларускага пашпарта (для гэтага трэба будзе адсканаваць апошнюю старонку пашпарта), сканаваньне асобы ўладальніка і супастаўленьня атрыманай выявы з пашпартам. Альгарытмы вызначаць, што асоба зьяўляецца сапраўднай (ня фота ці відэа) і супадае з прадстаўленым беларускім пашпартам.
Для дадатковай бясьпекі для карыстальнікаў даюцца інструкцыі, як выдаліць мабільную праграму з гісторыі загрузак, каб не заставалася ніякіх сьлядоў спампоўваньня і выкарыстаньня.
Мабільная праграма будзе апублікаваная ў выглядзе Open Source рашэньня з праходжаньнем аўдыту бясьпекі. Дадзены модуль зьяўляецца самым надзейным і дазваляе дабіцца максымальнай ступені праверкі ўнікальнасьці карыстальнікаў і іх грамадзянства пры захаваньні ананімнасьці, сьцьвярджаюць яго стваральнікі.
Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца 3 дні — да 23:59 27 траўня.
Форум