У раскладзе судоў зьявіліся імёны Васіля, Ларысы і Паўла Прохаравых. Пра іх затрыманьне стала вядома ў сьнежні 2023 году.
Дачку Анастасію, якую затрымлівалі разам зь імі, падобна, судзіць ня будуць, піша «Наша Ніва».
Уся сямʼя жыла ў вёсцы Грабоўка Гомельскага раёну — яна за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Украінай і за 25 кілямэтраў ад Гомля.
Васілю Прохараву 54 гады. Ён родам з гораду Чарнобылю. Служыў у дэсантных войсках. Потым працаваў на будоўлях і падпрацоўваў грузаперавозкамі, а таксама вёў невялікі блог.
У блогу Васіль расказвае пра свае вандроўкі ў Чарнобыльскую зону, асаблівасьці працы і свой побыт. Вядома, што ён пацярпеў у аварыі на ЧАЭС.
Ягонаму сыну Паўлу 27 гадоў. Ён нарадзіўся ў Грабоўцы, працаваў на будоўлі.
Ларыса Прохарава нарадзілася ў 1975 годзе ў Грабоўцы, дзе пражыла ўсё жыцьцё. Працавала санітаркай у мясцовай лякарні.
Зь імі разам па справе праходзяць Фёдар Аксененка і Руслан Прахарэнка. Пра іх нічога не вядома.
Групу абвінавачваюць па чатырох артыкулах — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «распальваньне варожасьці ці звады» (ч. 1 арт. 130 КК), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «неданясеньне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406 КК).
Не вядома дакладна, каго зь іх вінавацяць па якім артыкуле.
«Гомельская Вясна» паведамляла, што за «здраду дзяржаве» затрымлівалі менавіта Прохаравых. Суд пачнецца 20 траўня ў Гомельскім гарадзкім судзе.
Форум