79 сэнатараў супраць 18 патрымалі прасоўваньне пакету з чатырох законапраектаў пасьля таго, як Палата прадстаўнікоў нечакана выйшла з тупіку, які доўжыўся некалькі месяцаў, і ўхваліла дапамогу на мінулым тыдні, паведамляе «Голос Америки».
Адзін з законапраектаў прадугледжвае выдзяленьне 61 мільярда даляраў Украіне, другі — 26 мільярдаў даляраў Ізраілю і гуманітарную дапамогу цывільнаму насельніцтву ў зонах канфліктаў па ўсім сьвеце, трэці — 8,12 мільярда даляраў на «процідзеяньне камуністычнаму Кітаю» ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. Чацьвёрты ўключае патэнцыйную забарону на сацыяльную сетку TikTok, меры для перадачы канфіскаваных расейскіх актываў Украіне і новыя санкцыі супраць Ірану.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў падпісаць законапраекты, як толькі яны паступяць яму на стол. Яго адміністрацыя ўжо рыхтуе першы вайсковы пакет дапамогі Ўкраіне на суму 1 мільярд даляраў, паведамілі дзьве крыніцы агенцтву Reuters.
Амаль усе галасы «супраць» былі ад рэспубліканцаў, многія зь якіх зьяўляюцца блізкімі саюзьнікамі былога прэзыдэнта ЗША і цяперашняга кандыдата ў прэзыдэнты Дональда Трампа, скептыка ў дачыненьні да дапамогі Ўкраіне, які абвяшчае палітыку «Амэрыка вышэй за ўсё».
Частка грошай Украіне — 10 мільярдаў даляраў у выглядзе эканамічнай падтрымкі — даецца ў выглядзе пазыкі, ідэю якой прапанаваў Трамп. Але законапраект дазваляе прэзыдэнту сьпісаць пазыку, пачынаючы з 2026 году.
Новыя пастаўкі зброі павінны палепшыць шанцы Кіева пазьбегнуць буйнога прарыву расейскіх войскаў на ўсходзе, кажуць аналітыкі, хаця гэта было б больш карысна, калі б дапамога паступіла бліжэй да моманту, калі Байдэн запрасіў яе летась.
Не зусім зразумела, як грошы для Ізраіля паўплываюць на канфлікт у Газе, бо Ізраіль ужо атрымлівае мільярды даляраў у выглядзе штогадовай вайсковай дапамогі. Прыхільнікі новага пакету дапамогі спадзяюцца, што гуманітарная дапамога дапаможа палестынцам у Газе, якая была разбураная ізраільскай кампаніяй супраць ХАМАС у адказ на атакі 7 кастрычніка, у выніку якіх загінулі каля 1200 чалавек. Улады аховы здароўя Газы сьцьвярджаюць, што вайна ўжо прывяла да гібелі больш як 34 тысяч цывільных у палестынскім анкляве.
Сэнат ЗША ўжо другі раз за гэты год ухваліў вайсковую дапамогу Ўкраіне, Ізраілю і краінам Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну. Апошні законапраект быў зацьверджаны больш за два месяцы таму.
Цяперашні пакет дапамогі можа стаць апошнім зацьверджаным для Ўкраіны да выбараў у лістападзе, калі ў ЗША будуць выбіраць новага кіраўніка Белага дома, новых чальцоў Палаты прадстаўнікоў і адну траціну Сэнату.