Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі дасьледчык генацыду: «Я перакананы, што гвалт Расеі ва Ўкраіне — гэта генацыд»


Эксгумацыя целаў мірных жыхароў, забітых падчас расейскай акупацыі ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці. 8 красавіка 2022 году
Эксгумацыя целаў мірных жыхароў, забітых падчас расейскай акупацыі ў горадзе Буча Кіеўскай вобласьці. 8 красавіка 2022 году

Паводле ацэнак ААН, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году былі забітыя ці параненыя больш за 30 тысяч мірных жыхароў, але гэтыя лічбы не канчатковыя.

Украінскія ўлады заявілі, што расьсьледуюць 120 тысяч меркаваных ваенных злачынстваў.

Заходнія афіцыйныя асобы сабраліся ў Гаазе 2 красавіка, каб абмеркаваць намаганьні па прыцягненьні Расеі да адказнасьці за меркаваныя зьверствы, учыненыя яе войскамі ва Ўкраіне.

З гэтай нагоды Балканская служба Радыё Свабода пагутарыла з прафэсарам зь Нью-Ёрку, выканаўчым дырэктарам Інстытуту вывучэньня генацыду Эрнэста Вэрдэха пра масавыя забойствы, зьнішчэньне ідэнтычнасьці і пра тое, ці зьяўляецца тое, што Расея робіць ва Ўкраіне, генацыдам. Пераказваем сьцісла ягоныя высновы.

Паводле Эрнэста Вэрдэха, адну з самых вялікіх праблем становіць той факт, што тэрмін «генацыд» мае розныя значэньні ў залежнасьці ад спосабу яго выкарыстаньня — існуе юрыдычнае вызначэньне тэрміну «генацыд» згодна зь міжнародным правам, ёсьць крыху адрознае ад яго вызначэньне, якое выкарыстоўвае большасьць навукоўцаў, і ёсьць больш ёмістае, крыху шырэйшае вызначэньне генацыду, якое шырока выкарыстоўваюць палітыкі, аналітыкі, праваабаронцы і г. д. Паводле яго, спрэчка пра тое, ці зьяўляецца тое, што Расея робіць ва Ўкраіне, генацыдам, круціцца вакол гэтых розных інтэрпрэтацый.

Выканаўчы дырэктар Інстытуту вывучэньня генацыду Эрнэста Вэрдэха
Выканаўчы дырэктар Інстытуту вывучэньня генацыду Эрнэста Вэрдэха

«Галоўнае, што генацыд у міжнародным праве азначае наўмыснае зьнішчэньне груп, цалкам або часткова. Такім чынам, справа ня ў колькасьці ўчыненага гвалту, ня ў долі забітых цывільных асобаў. Гаворка ідзе пра гвалт, накіраваны на поўнае або частковае зьнішчэньне цывільнай групы», — тлумачыць прафэсар.

Даказаць наўмыснасьць дзеяньняў Расеі даволі складана, бо, паводле яго, Расея прыводзіць мноства розных апраўданьняў і прычын вайны, якую яна распачала ва Ўкраіне: гэта і ідэя «дэнацыфікацыі», і нібыта «пагроза NATO», і тое, што «Ўкраіна насамрэч частка Расеі і павінна вярнуцца ў яе склад».

На думку Эрнэста Вэрдэха, ёсьць дастаткова доказаў таго, што дзеяньні Расеі ва Ўкраіне — генацыд, бо гэта ня толькі вялікая колькасьць гвалту супраць цывільнага насельніцтва: расейскае кіраўніцтва ўвесь час адмаўляла існаваньне ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

«Расея — дакладней, расейскі ўрад — адмаўляе саму думку аб існаваньні ўкраінцаў як такіх. Гэта сапраўды ключ да пытаньня аб генацыдзе, праўда? Бо гэта паказвае, што Расея спрабуе разбурыць любую калектыўную ідэнтычнасьць украінцаў. Яна фактычна спрабуе прымусіць украінцаў стаць расейцамі. Такім чынам, гаворка ідзе ня толькі пра перасьлед і фактычны гвалт. Гэта надзвычай важна.

Гаворка ідзе ня толькі пра забойствы, але і пра разбурэньне ідэнтычнасьці. Гэта масавая дэпартацыя ўкраінскіх цывільных асобаў, асабліва дзяцей, у Расею... каб іх выхавалі расейцамі. Гэта зноў сьведчыць пра ідэю разбурэньня любой калектыўнай украінскай ідэнтычнасьці. Таму я думаю, што гэта даволі пераканаўчы аргумэнт за існаваньне намеру зьнішчыць цывільную групу — на падставе ня толькі таго, што расейскія лідэры робяць, але і што яны кажуць», — падкрэсьлівае Эрнэста Вэрдэха.

На падставе вывучаных фактаў прафэсар Вэрдэха заявіў:

«Я перакананы, што гвалт Расеі ва Ўкраіне — генацыд. Безумоўна. І я паўтараю гэта яшчэ раз, таму што гэта ня толькі дзеяньні, якія ёю зьдзяйсьняюцца, якія ўключаюць у сябе шмат гвалту ў дачыненьні да мірнага насельніцтва. Яны ня проста атакуюць раёны, важныя ў ваенным сэнсе. Яны тэрарызуюць і перасьледуюць мірнае насельніцтва. Яны пускаюць па цывільных раёнах ракеты і скідаюць на іх цяжкія бомбы».

Тым ня менш, паводле яго, у шматлікіх міжнародных судах, у тым ліку ў Міжнародным крымінальным судзе, значна лягчэй даказаць факты ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці, чым факты генацыду, бо ў гэтых выпадках не патрэбен доказ «наўмыснасьці».

Больш за тое, міжнародныя суды, паводле яго, працуюць вельмі марудна, таму шанцы на прызнаньне ў міжнародных судах фактаў генацыду, які Расея зьдзяйсьняе ва Ўкраіне, у кароткатэрміновай пэрспэктыве вельмі нізкія.

Інтэрвію цалкам у арыгінале (на ангельскай мове) можна пачытаць па спасылцы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG