Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін узаконіў дэпартацыю жыхароў анэксаваных тэрыторый Украіны, якія адмовіліся прыняць расейскае грамадзянства


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ, датычны грамадзянаў Украіны, якія пражываюць на анэксаваных тэрыторыях.

У падпісаным Пуціным указе гаворыцца, што грамадзяне Ўкраіны, якія пражываюць на анэксаваных тэрыторыях і вырашылі захаваць украінскае грамадзянства, могуць пражываць там да 1 ліпеня 2024 году. Пасьля чаго іх могуць дэпартаваць.

Згодна з указам, замежнікамі будуць лічыцца тыя грамадзяне, якія «заявілі аб сваім жаданьні захаваць існуючае ў іх грамадзянства або застацца асобамі без грамадзянства», а таксама не прынесьлі прысягу грамадзяніна Расеі.

Асобны пункт указу датычыцца дэпартацыі тых, хто «стварае пагрозу нацыянальнай бясьпецы» Расеі. Жыхароў анэксаваных рэгіёнаў, якія выступаюць за «гвалтоўную зьмену асноў канстытуцыйнага ладу» ў Расеі, фінансуюць тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасьць або ўдзельнічаюць у «несанкцыянаваных» акцыях, будуць «дэпартаваць і забараняць ім уезд у краіну», піша «Дождь».

Раней Савет Фэдэрацыі РФ ухваліў прынятыя Дзярждумай папраўкі да закону аб грамадзянстве, згодна зь якімі пазбаўляць набытага грамадзянства РФ будуць за «пагрозьлівыя для нацыянальнай бясьпекі дзеяньні», у тым ліку за ваенныя «фэйкі» і «дыскрэдытацыю» арміі РФ, нагадвае «Настоящее время». Сярод іншых парушэньняў, з-за якіх расейскія ўлады змогуць пазбаўляць набытага грамадзянства, — масавыя беспарадкі, неаднаразовае парушэньне закону аб мітынгах, ухіленьне ад вайсковай службы, дэзэрцірства, невыкананьне заканадаўства аб «замежных агентах».

  • Сёньня Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, якая асуджае прымусовую дэпартацыю ўкраінцаў у Расею і прызнае Аляксандра Лукашэнку датычным да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
  • У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Акрамя таго, ордэр выдадзены на ўпаўнаважаную па правах дзіцяці ў Расеі Марыю Львову-Бялову. МКС падазрае абаіх ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацый і перамяшчэньня насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG