Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчая камісія ААН ня выявіла доказаў учыненьня Расеяй генацыду ў вайне супраць Украіны, але заявіла пра ваенныя злачынствы


Кіраўнік незалежнай міжнароднай камісіі ААН па расьсьледаваньні парушэньняў ва Ўкраіне Эрык Мёсэ.
Кіраўнік незалежнай міжнароднай камісіі ААН па расьсьледаваньні парушэньняў ва Ўкраіне Эрык Мёсэ.

У цяперашні час у расьсьледаваньні парушэньняў правоў чалавека ва Ўкраіне не знойдзеныя доказы ўчыненьня расейскім войскам генацыду ў краіне, заявіў падчас прэс-канфэрэнцыі кіраўнік незалежнай міжнароднай камісіі ААН па расьсьледаваньні парушэньняў ва Ўкраіне Эрык Мёсэ.

«Мы ня выявілі, што ва Ўкраіне быў генацыд», —цытуе Эрыка Мёсэ «Настоящее время». Адначасна ён дадаў, што камісія працягвае вывучаць доказы, паколькі ёсьць «некаторыя аспэкты, якія могуць выклікаць пытаньне» аб магчымым генацыдзе.

Камэнтуючы даклад ААН аб ваенных злачынствах Расеі ва Украіне, які выйшаў 16 сакавіка, Мёсе падкрэсьліў, што камісія «выявіла шырокі спэктар ваенных злачынстваў РФ».

У ходзе падрыхтоўкі даклада ўдзельнікі камісіі ААН наведалі 56 населеных пунктаў Украіны, дзе апыталі 348 жанчын і 247 мужчын. У ліку іншага сьледчыя інспэктавалі месцы ўтрыманьня пад вартай і катаваньняў, масавых пахаваньняў.

У дакладзе, у прыватнасьці, гаворыцца, што камісія задакумэнтавала выпадкі нявыбарчых нападаў, падчас якіх у населеных раёнах, якія падвергліся ўдарам з боку войскаў РФ, прымянялася зброя выбуховага дзеяньня.

Таксама камісія задакумэнтавала выпадкі пакараньняў сьмерцю, незаконнага ўтрыманьня пад вартай, катаваньняў, жорсткага абыходжаньня, згвалтаваньня і іншых формаў сэксуальнага гвалту, учыненых у акупаваных раёнах чатырох абласьцей: Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Сумскай.

У дакладзе таксама адзначаюцца выпадкі незаконнага затрыманьня і дэпартацыі мірных грамадзян Украіны ў РФ, многія зь якіх да гэтага часу лічацца зьніклымі без зьвестак.

«Сэксуальны гвалт закранае ахвяраў усіх узростаў. Члены сям’і, уключаючы дзяцей, часам прымушаліся да таго, каб стаць сьведкамі злачынстваў», — гаворыцца ў дакладзе.

«Наступствы гэтых парушэньняў для цывільнага насельніцтва Ўкраіны велізарныя. Гібель людзей вылічаецца тысячамі. Разбурэньне інфраструктуры жудаснае», — паведаміў Мёсэ.

Таксама было ўстаноўлена, што напады расейскіх вайскоўцаў па энэргетычнай структуры Ўкраіны могуць прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасьці.

За пераважную большасьць выяўленых парушэньняў гуманітарнага права, у тым ліку ваенныя злачынствы, нясуць адказнасьць Узброеныя сілы РФ, гаворыцца ў дакладзе. Разам з тым камісія зазначае, што задакумэнтавала «невялікую колькасьць парушэньняў», учыненых ваеннаслужачымі ЎСУ, уключаючы верагодныя нявыбарчыя напады і два інцыдэнты, якія кваліфікуюцца як ваенныя злачынствы, калі па расейскіх ваеннапалонных стралялі, паранілі і катавалі.

Камісія рэкамэндавала расьсьледаваць усе выяўленыя парушэньні і злачынствы і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасьці як на нацыянальным, гэтак і на міжнародным узроўні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG