Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля мяжы зь Літвой загінуў беларускі салдат тэрміновай службы. Міністэрства абароны маўчыць


Мікіта Ліцьвіновіч
Мікіта Ліцьвіновіч

Трагедыя адбылася ў Пастаўскім раёне 25 сакавіка.

Пра здарэньне «Люстэрку» расказалі дзьве не зьвязаныя паміж сабой крыніцы. Маладога чалавека звалі Мікіта Ліцьвіновіч. Ён служыў у 19-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе, дысьлякаванай у вёсцы Заслонава Віцебскай вобласьці.

У сярэдзіне сакавіка брыгаду ў ходзе праверкі боегатоўнасьці адправілі бліжэй да літоўскай мяжы.

Мікіта Ліцьвіновіч нарадзіўся ў 2003 годзе ў горадзе Паставы. Улетку 2022-га скончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж па спэцыяльнасьці «Тэхнічнае забесьпячэньне сельскагаспадарчых прац. Эксплюатацыя і рамонт аўтамабіляў». Увосень таго ж году хлопца прызвалі на тэрміновую вайсковую службу.

Малады чалавек трапіў у 19-ю асобную гвардзейскую мэханізаваную брыгаду, служыў памагатым гранатамётчыка.

15 сакавіка 2024 году прэс-служба Міністэрства абароны паведамляла, што ў рамках праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак гэтай брыгадзе «трэба выйсьці ў прызначаныя раёны і пасьля іх заняцьця быць у гатоўнасьці да правядзеньня сэрыі вучэньняў, у тым ліку з баявой стральбой».

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», 19-я брыгада павінна была выправіцца ў Ашмянскі раён. Але знаёмыя Мікіты Ліцьвіновіча сьцьвярджаюць, што маладзён апынуўся пад роднымі Паставамі, каля аграгарадка Камаі, за 10 кілямэтраў ад мяжы зь Літвой.

25 сакавіка малады чалавек скончыў жыцьцё самагубствам.

«Камандзіры не паведамілі бацькам ніякіх падрабязнасьцяў, — расказала „Люстэрку“ крыніца. — Бацьку ўдалося толькі даведацца, што разам са сваімі саслужыўцамі Мікіта „прыехаў на пункт“, выйшаў пакурыць і застрэліўся».

Ніякіх перадумоў да самагубства ў паводзінах хлопца не заўважылі:

«Мікіта быў вельмі добрым чалавекам, заўсёды трымаўся на пазытыве. Не магу ўявіць, што яго магло прымусіць зьдзейсьніць суіцыд».

Мікіту Ліцьвіновіча пахавалі 27 сакавіка ў ягоных родных Паставах.

Міністэрства абароны афіцыйна пра гэтае надзвычайнае здарэньне ў частцы нічога не паведамляла. Журналісту «Люстэрка» не ўдалося апэратыўна атрымаць камэнтар ні ў вайсковай частцы, дзе служыў Мікіта, ні ў Мінабароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG