«Гэта мая радзіма. Я перастала б сябе паважаць, калі б не далучылася», — Вольга Філатчанкава, фігурантка «справы студэнтаў», у фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць» расказала пра разлуку зь дзецьмі, пра тое, што падтрымлівала яе ў турме, і пра жыцьцё ў Варшаве.
Вользе Філатчанкавай — 45 гадоў, яна былая выкладчыца БДУІР. У 2017 годзе Вольга стала асыстэнткай катэдры праграмнага забесьпячэньня інфармацыйных тэхналёгій БДУІР.
Яна ўдзельнічала ў відэазвароце выкладчыкаў супраць гвалту, у забастоўцы. 12 лістапада 2020 году яе затрымалі і прысудзілі два з паловай гады турмы. Яна цалкам адбыла свой тэрмін.
На волі заставаліся яе дзеці — 7-гадовая Марыя і 18-гадовы Іван.
«Самае складанае — расстаньне зь дзецьмі. Вельмі шкада гэтага страчанага часу, таму што дзіцё вельмі моцна зьмяняецца. Нават за месяц дзіцё можа дастаткова моцна зьмяніцца, а тут два гады», — кажа Вольга.
Вольга даўно займаецца танцамі, і гэта падтрымлівала яе ў турме.
«Нас называлі „танцуючая камэра“. Мы заўсёды танцавалі на шпацырах. Я хутка замярзаю на вуліцы, таму пачала танцаваць. Потым да мяне далучыліся іншыя сукамэрніцы. Пад танцы мы сьпявалі прыпеўкі. Некаторыя крымінальніцы часам прасілі мяне засьпяваць і вельмі радаваліся. Гэта такі штуршок, каб жыць. Глыток сьвежага паветра», — кажа Вольга.
Пакараньне Філатчанкава адбывала ў гомельскай калёніі № 4. У лістападзе 2022 году Вольга выйшла на волю і яшчэ больш за год заставалася ў Беларусі. У красавіку 2024-га стала вядома, што яе эвакуаваў BySol. Цяпер Вольга жыве зь дзецьмі ў Варшаве, вучыць польскую мову і навучаецца на IT-курсах.
«Я ні пра што не шкадую. Я перастала б сябе паважаць, калі б не далучылася. Бо гэта мая радзіма. Я хачу жыць і дыхаць нармальна ў сваёй краіне, не баяцца, што да цябе прыйдуць, што ты штосьці ня тое сказаў ці апрануўся ня так. Я чэсная і хачу, каб усё было па-чэснаму», — кажа Вольга.
Вольга Філатчанкава — фігурантка «справы студэнтаў». Цалкам яе гісторыю глядзіце ў фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць».
Дакумэнтальны праект Свабоды «Скрадзеная маладосьць: справа студэнтаў» — гэта шэсьць гісторый студэнтаў, выпускніцы і выкладчыцы, якія правялі больш за два гады ў турме за тое, што далучыліся да пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Ася Булыбенка, Алана Гебрэмарыям, Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Ільля Трахтэнбэрг, Вольга Філатчанкава расказваюць свае гісторыі — ад затрыманьня да эвакуацыі і жыцьця на эміграцыі.
Форум