У Берасьцейскай вобласьці спагнаньне мясцовага збору за перасячэньне мяжы часова спынілі на пэрыяд з 1 па 31 студзеня. «Парадак спагнаньня мясцовага збору за перасячэньне мяжы з 1 лютага 2025 год будзе вызначаны дадаткова», — гаворыцца ў паведамленьні аблвыкнкаму.
У Горадзенскай вобласьці адмянілі збор за перасячэньне мяжы з 1 студзеня, але паабяцалі вярнуць яго ў першым квартале 2025 году, пра што «будзе паведамлена дадаткова».
Мясцовы збор на выезд зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу ўвялі ў 2021 годзе ў якасьці часовай меры для барацьбы з каранавірусам. Збор быў часовым, таму мясцовыя ўлады павінны былі прымаць рашэньне аб яго прадаўжэньні.
У сьнежні 2024 году абласныя саветы дэпутатаў атрымалі права зацьвярджаць збор на пастаяннай аснове (так будзе з 1 студзеня 2025 году).
Цяпер на тэрыторыі Віцебскай, Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцей збор за перасячэньне дзяржаўнай мяжы для транспартных сродкаў да 5 тон (зарэгістраваных як у Беларусі, так і за мяжой) устаноўлены ў памеры адной базавай велічыні незалежна ад колькасці пасажыраў. У 2024 годзе памер базавай велічыні ў Беларусі — 40 беларускіх рублёў, у 2025 годзе яна вырасьце да 42 рублёў.
Выплачваць збор можна як да перасячэньня мяжы праз АРІП, так і ў пункце пропуску.
Форум