Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зонд NASA паставіў рэкорд па набліжэньні да Сонца


Сонечны зонд Parker Solar Probe
Сонечны зонд Parker Solar Probe

Дасьледчы зонд амэрыканскага аэракасьмічнага агенцтва NASA паставіў новы рэкорд, наблізіўшыся на адлегласьць 6,1 мільёна кілямэтраў да паверхні Сонца, піша Associated Press.

Зьвесткі, якія ён дасылае на Зямлю, павінны дапамагчы навукоўцам вывучаць фізыку матэрыі пры звышвысокіх тэмпэратурах і прыроду так званага сонечнага ветра — uànf рухі зараджаных элемэнтарных часьцінак ад Сонца ў космас на хуткасьці, блізкай да хуткасьці сьвятла.

Як паведамілі ў NASA, зонд Parker Solar Probe функцыянуе нармальна, хаця яму давялося працаваць у экстрэмальных умовах: пры тэмпэратуры ў сонечнай кароне да 980 градусаў Цэльсія, ва ўмовах жорсткага апраменьваньня і на хуткасьці каля 692 тысяч кілямэтраў у гадзіну. Дасьледчыкі чакаюць, што ўдакладненыя зьвесткі тэлемэтрыі ад яго будуць атрыманыя 1 студзеня.

Брытанскі астраном Джэніфэр Мілард у камэнтары ВВС падкрэсьліла, што дасьледаваньні Сонца маюць ня толькі тэарэтычнае значэньне. Сонечная карона на парадак гарачэйшая, чым само ядро Сонца, прычым у навукоўцаў пакуль няма тлумачэньня гэтаму факту. Сонечны вецер узаемадзейнічае з магнітным полем Зямлі, выклікаючы паўночныя зьзяньні, але яго актыўнасьць можа ўплываць на працу электрасетак, сыстэмаў сувязі і электронікі, гэта значыць на штодзённае жыцьцё людзей. Вывучэньне «сонечнага надвор’я» ў будучыні дазволіць навукоўцам складаць яго прагнозы і пазьбягаць зьвязаных зь ім аварыяў.

NASA запусьціла зонд Parker Solar Probe з касмадрома на мысе Канаверал у 2018 годзе. За сем гадоў ён зьдзейсьніў 24 віткі вакол Сонца, некалькі разоў пабіўшы свае ж папярэднія рэкорды па набліжэньні да яго. Зонд дасьледуе сонечны вецер, плазму, паходжаньне і рух элемэнтарных часьцінак і магнітныя палі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG