Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тэлеграм-каналах агітавалі ствараць у Літве «ліцьвінскія» графіці. Разьбіраемся, што адбываецца


Лога тэлеграма. Ілюстратыўная выява
Лога тэлеграма. Ілюстратыўная выява

У telegram-чатах Літвы аб пошуку працы нехта прапанаваў плаціць 15 эўра за антыбеларускія графіці. Справай займаецца Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі краіны.

Літоўскі партал навінаў Delfi 4 сакавіка апублікаваў матэрыял аб правакацыйных графіці на тэму беларускага нацыяналізму. Паводле яго, у літоўскіх чатах прапаноўвалі за грошы маляваць графіці «Ліцьвіны ідуць, ліцьвіны ўжо побач» на літоўскай мове.

Надпісы, паводле аўтараў паведамленьняў, трэба было рабіць на бачных месцах у вялікіх гарадах.

Пад «ліцьвінізмам» у Літве звычайна разумеюць псэўданавуковую тэорыю аб выключна беларускай прыналежнасьці спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. Беларускія гісторыкі, палітыкі і актывісты лічаць гэтую зьяву малапашыранай і шкоднай.

Хто пісаў у чатах і пры чым тут «ліцьвіны»

Свабода атрымала арыгінал паведамленьня, якое распаўсюджвалася ў беларускіх чатах Літвы. Гэта допіс у адказ на запыт аб працы. Абвестка аб працы зьявілася ў мэтавым чаце. На гэты момант публікацыі выдаленыя, а адпраўнікам удзельнікі чатаў адразу паведамлялі пра адказнасьць за супрацу зь беларускім КДБ.

Вось што было напісана ў адным з такіх паведамленьняў:

«Добры дзень, праца заключаецца ў маляваньні графіці з пэўным тэкстам (Litvinai ateina. Litvinai jau salia), 15 эўра за 1 надпіс, надпісы трэба зрабіць у ноч з панядзелка на аўторак 03.03-04.03. Для тэсту можаце пачаць сёньня з 5 надпісаў, вы ўбачыце, што мы плацім, мы ўбачым, што вы працуеце. Фармат прыёму працы, фота + каардынаты, выплачваю адразу пасьля атрыманьня фатаграфій, аплаціць можам на любы крыптавалютны гаманец. Надпіс павінен быць на бачным месцы, пісаць можаце ў любым месцы. Галоўнае — не закранаючы культурныя каштоўнасьці, горад любы, пажадана зь як мага большым насельніцтвам», — гаварылася ў паведамленьні.

Акаўнт, зь якога пісалася паведамленьне, цяпер выдалены, ID карыстальніка ёсьць у рэдакцыі.

Як высьветлілася, паведамленьні заўважылі ўдзельнікі беларускага добраахвотнага клюбу «Ліцьвіны». Яны ж і зьвярнуліся ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы і перадалі інфармацыю пра допісы. Такіх выпадкаў было няшмат.

«Пра падзеі, пададзеныя ў артыкуле (нанясеньне ў горадзе графіці за 15 эўра), мы сабралі адпаведную інфармацыю і праінфармавалі адпаведныя інстытуцыі Літвы. Мы гэта зрабілі, усьведамляючы важнасьць барацьбы супраць агентурнай сеткі лукашысцкага КДБ ці расейскага ФСБ», — гаворыцца ў паведамленьні клюбу.

Кіраўнік клюбу Сяргей Шалыгін зьвязвае такія паведамленьні зь беларускімі ці расейскімі спэцслужбамі.

Сяргей Шалыгін
Сяргей Шалыгін

«Хутчэй, такі раздрай уносяць беларускія ці расейскія спэцслужбы, бо ў большасьці літоўцаў добрае стаўленьне да беларусаў.

Ня ведаю, ці мы першыя заўважылі гэтыя паведамленьні, але мы адразу перадалі інфармацыю ў адпаведныя органы Літвы», — сказаў Свабодзе кіраўнік клюбу.

Таксама кіраўнік клюбу зьвярнуўся да парталу Delfi з заклікам прыбраць з загалоўнай ілюстрацыі матэрыялу эмблему клюбу «Ліцьвіны».

«Я, Шалыгін Сяргей, кіраўнік VšĮ „Ліцвіны“, зьвяртаюся з адкрытым патрабаваньнем да рэдакцыі Delfi:

1. Прыбраць наш сьцяг з артыкула 2. Адкрыта выбачыцца за нанесеныя рэпутацыйныя выдаткі і падачу неправеранай інфармацыі 3. Чарговы раз прапаноўваем адкрыта пагутарыць пра дзейнасьць нашай арганізацыі, каб не дапушчаць такіх памылак у будучыні», — сказаў кіраўнік клюбу ў сваім звароце.

Клюб займаецца фізычным навучаньнем беларусаў на выпадак ваеннага канфлікту (многія ўдзельнікі клюбу ваююць на баку Ўкраіны), мае культурныя і сацыяльныя праекты. Удзельнікі клюбу выказваюцца за тэрытарыяльную цэласнасьць Літвы, ад пачатку дзейнасьці клюб меў кантакты са Зьвязам стральцоў Літвы і выступае за шчыльнейшую супрацу зь дзяржаўнымі арганізацыямі Літвы.

«Гэта беларускія спэцслужбы»

На думку ўдзельнікаў беларускага аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, падобныя правакацыі — справа спэцслужбаў Беларусі. Пра гэта Свабодзе сказаў прадстаўнік аб’яднаньня Ўладзімер Жыгар.

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

«На наш погляд, гэта дзейнасьць спэцслужбаў Лукашэнкі, якія аналізуюць інфармацыю і бачаць напружанасьць, бачаць нейкія асьцярогі і гуляюць на гэтым полі. Яны падкідваюць дровы і спрабуюць распаліць сытуацыю, выклікаць недавер. Як бараніцца ад гэтага? Трэба пераправяраць інфармацыю, не рабіць нейкіх хуткіх высноваў, не прымаць неадназначных рашэньняў.

У Літве ёсьць дзяржаўныя органы, якія могуць даць тлумачэньні ў нейкіх пытаньнях, калі яны ўзьніклі. Ёсьць беларускія арганізацыі і ў Польшчы, і ў Літве, якія могуць даць тлумачэньні і дапамагчы», — сказаў прадстаўнік BelPol.

28 лютага беларусам у Літве званілі з нумару, падобнага да нумару дэпартамэнту міграцыі, і папярэджвалі аб дэпартацыі. Пазьней дэпартамэнт міграцыі заявіў, што гэта дэзынфармацыя, да якой дэпартамэнт ня мае дачыненьня. Некаторыя беларусы зьвярнуліся ў паліцыю з гэтай нагоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG