Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як падзяліць спадчыну ВКЛ? І ці варта яе дзяліць? Дыскусія палітолягаў


Анджэй Пукшта і Андрэй Казакевіч, каляж
Анджэй Пукшта і Андрэй Казакевіч, каляж

Чаму ў Літве так занепакоіліся зьявай, якую там называюць літвінізмам? Ці лічаць літоўцы Лукашэнку прыхільнікам літвінізму? Кім зьяўляюцца агенты Масквы — крытыкамі літвінізму ці яго адэптамі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць палітолягі: кіраўнік інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і дацэнт Унівэрсытэту Вітаўтаса Вялікага Анджэй Пукшта.

— 2 кастрычніка ў Сейме Літвы адбылася дыскусія «Літвінізм: паходжаньне, уплыў і выклікі беларуска-літоўскім адносінам». У ёй узялі ўдзел беларускія і літоўскія дасьледчыкі і палітыкі, у прыватнасьці, дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Раней перасьцярогі наконт адпаведнай зьявы сярод беларусаў выказвалі палітыкі і дзяржаўныя ўстановы Літвы (кіраўнік сеймавай камісіі па бясьпецы Лаўрынас Кашчунас, Дэпартамэнт бясьпекі). Чаму ў Літве так занепакоіліся зьявай, якую літоўцы называюць літвінізмам?

Пукшта: Сытуацыя ў Літве напружаная. З аднаго боку, мы спакойныя, мы чальцы NATO, чальцы ЭЗ. Але тое, што адбываецца ва Ўкраіне, расейская агрэсія, блізкасьць Беларусі — усё гэта абвастрае сытуацыю ў Літве. Літва прыняла шмат эмігрантаў і зь Беларусі, і з Украіны. У Вільні ў цэнтры чутно даволі шмат расейскай мовы, чаго яшчэ гадоў пяць таму амаль не было. Вынік гэтай напружанасьці — тое, што мы бачым небясьпеку і там, дзе яна ёсьць, і дзе яе няма. Літва вельмі заангажаваная ў дэмакратызацыю Беларусі, і раней была заангажаваная — і 15, і 20 гадоў таму. Роля Літвы ў гэтым нават большая за яе палітычную і эканамічную моц.

Асабліва актыўнай Літва стала з 2020 году, калі ў Вільні разьмясьціўся офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Але непрапарцыйна вырастаюць і страхі, і перасьцярогі. Гісторыкам і публіцыстам тэрмін «літвінізм» быў вядомы, шараговым літоўцам гэтае слова ня кажа нічога. Як той казаў, апёкшыся на малацэ, дзьмуць на ваду. Я лічу, што гэтыя дыскусіі павінны весьціся паміж гісторыкамі, адмыслоўцамі ў палітычнай гісторыі. Не хацелася б, каб у гэтым былі асабліва актыўнымі палітыкі.

— Андрэй, вы ўдзельнічалі ў дыскусіі ў Сейме Літвы 2 кастрычніка. Ці ня ёсьць тое, што ў Літве называюць літвінізмам, проста беларускімі нацыянальнымі пачуцьцямі, беларускім нацыяналізмам? Вы ў сваім ФБ напісалі: літвінізм для літоўцаў — гэта любая цікавасьць беларусаў да спадчыны ВКЛ. Нацыяналізм любога народу часам ня вельмі прыемны суседзям.

Казакевіч: Я ў ФБ напісаў, што ў Літве пачалася дыскусія з крытыкай радыкальнай вэрсіі гістарычнага рэвізіянізму, адмаўленьня ўдзелу літоўцаў у фармаваньні ВКЛ, адмаўленьня іх спадчыны ў гэтай дзяржаве. Першыя тэксты на гэты конт былі менавіта пра гэтую радыкальную вэрсію. Але вельмі хутка гэты панятак перажыў пэўную інфляцыю, яго значэньне вельмі разьдзьмулася. Гэта тычыцца і публікацыяў у мэдыя, а яшчэ больш — акадэмічных публікацыяў.

Сярод гісторыкаў, сярод інтэлектуалаў гэты тэрмін інтэрпрэтуецца вельмі шырока, часам, сапраўды, ахопліваючы любую цікавасьць беларусаў да спадчыны ВКЛ. Прыгадваюць і помнікі літоўскім князям у Беларусі, тое, што мадэль беларускага тралейбуса называлася «Вітаўт». На жаль, гэты тэрмін цяпер ня вызначаны, ён выкарыстоўваецца ў вельмі розных значэньнях. Часам гэта вельмі заблытвае. Ужо ёсьць вэрсіі, што трэба адрозьніваць радыкальны і памяркоўны літвінізм.

У вузкім значэньні, зразумела, размова ідзе пра радыкальную вэрсію адмаўленьня літоўскай гісторыі, якая можа выходзіць на тэрытарыяльныя прэтэнзіі, на тое, што Вільня — беларускі горад, што яна належыць беларусам. Я падчас дыскусіі ў Сейме ЛР казаў пра неабходнасьць вызначыць паняцьце. Мая прапанова была: называць адмаўленьне літоўскага складніку ВКЛ гістарычным рэвізіянізмам.

— 17 верасьня 2021 году Аляксандар Лукашэнка ў публічным выступе заявіў, зьвяртаючыся да суседзяў: «Мы нават не нагадваем сёньня ім пра тое, што Беласток і Беласточчына — гэта беларускія землі, што Вільня — гэта таксама беларускі горад, і землі вакол. Мы ж пра гэта не гаворым». Ён дадаў, што Беларусь ня мае тэрытарыяльных прэтэнзіяў да суседзяў, але чыя Вільня, было сказана. Ці не ўспрымаюць літоўцы падобныя заявы як нешта аднолькавае, аднапарадкавае з заявамі некаторых зацятых апанэнтаў Лукашэнкі: «Вільня наша»?

Пукшта: У Літве даўно ніхто ўсур’ёз не ўспрымае заявы Лукашэнкі, яго ўспрымаюць як анэкдатычную асобу і авантурыста. Тыя, хто шчыльна займаецца беларуска-літоўскімі адносінамі, больш прыслухоўваюцца да голасу беларускай апазыцыі. Калі б нешта падобнае было сказана прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, рэакцыя была б іншая. А пра Лукашэнку ў Вільні вельмі любяць расказваць анэкдоты.

— Андрэй, вы ў допісе ў ФБ адзначылі, што ня ўсе ў Літве ставяцца да падобных заяваў Лукашэнкі як да анэкдатычных. Ён сам, можа, для некага і сьмешны, але Пуцін — ня сьмешны. Мы памятаем сцэнар 1990 году, калі старшыня ВС БССР Мікалай Дземянцей, таксама ў нечым камічны пэрсанаж, заявіў, што калі Літва хоча выйсьці са складу СССР, то без «савецкіх набыткаў» — бязь Вільні. «Вільня наша» з вуснаў і Лукашэнкі, і яго беларускіх апанэнтаў — гэта літоўцамі ўспрымаецца як адно і тое ж?

Казакевіч: Не адно і тое ж, але сугучча заўважаецца. Хаця да таго, што кажа Лукашэнка, звычайна ня ставяцца сурʼёзна. Але адзначаецца, што Лукашэнка, і шырэй — беларускія ўлады, гуляюць зь літвінізмам.Гэтую формулу мне часта даводзілася чуць. Яна гучала і падчас дыскусіі ў Сейме 2 кастрычніка з боку літоўскіх гісторыкаў. Гэта азначае, што беларускія ўлады таксама ўключаныя ў асваеньне спадчыны ВКЛ. Справа не адно ў заявах Лукашэнкі, падобных да тае, якую вы працытавалі. У Літве занепакоеныя тым, што пішацца ў беларускіх падручніках гісторыі, у Літве зьвяртаюць увагу на тое, што аднаўляюць літоўскія замкі і што ў гэта ўкладаюцца вялікія грошы.

Сярод часткі літоўскага грамадзтва, сярод часткі інтэлектуальнага асяродзьдзя ёсьць занепакоенасьць гэтымі працэсамі. Адны лічаць гэта пагрозай, іншыя — не. Раней у дыскусіях у Літве гаварылася, што Лукашэнка стрымлівае нацыяналістаў, але калі яны прыйдуць да ўлады, то невядома, што будзе і зь Вільняй, і зь беларускай гісторыяй. Маўляў, нацыяналісты ўсё пачнуць забіраць сабе, і гэта можа стаць праблемай. Іншы наратыў палягае ў тым, што ў гэта ўключаны і сам Лукашэнка. Я б не перабольшваў значэньня гэтых наратываў, бо думкі на гэты конт у Літве розныя, у тым ліку і сярод гісторыкаў. Але значную частку гэта непакоіць.

— Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі пра літвінізм кажуць, што размова ідзе аб зьяве выключна маргінальнай, маўляў, ці вартыя ўвагі балбатня ў віленскіх кавярнях і на інтэрнэт-форумах. Але вось заявы Зянона Пазьняка, якія прагучалі ў яго інтэрвію Мікіту Мелказёраву : «Літоўцы сталі нацыяй дзякуючы таму, што яны перанялі гісторыю ВКЛ... Гэта ўсё пабудавана на пяску... Прыйдзе час, і трэба будзе рабіць высновы з гэтага. Вільня — крывіцкі горад... Не абавязкова, каб Вільня вярталася. Яна можа стаць супольным горадам, вольным горадам». Хіба Пазьняк — маргінал?

Казакевіч: Ён не маргінал. Але яго падтрымка ўнутры Беларусі, ды і за яе межамі, вельмі невялікая. Ён мае пэўнае кола сваіх прыхільнікаў, але гэта невялікая колькасьць. І ягоныя гэтыя заявы — гэта адлюстраваньне радыкальнай візіі таго, што такое беларуская гісторыя, з гіпэркрытычным стаўленьнем да Літвы. Бо ясна, што літоўская нацыя паўстала ня толькі на спадчыне ВКЛ, але і на літоўскай мове і культуры. Я ня бачу, каб думкі, выказаныя Пазьняком на гэты конт, дамінавалі хоць у якім сэгмэнце беларускага грамадзтва, як сярод прыхільнікаў улады, гэтак і сярод яе апанэнтаў. Сярод беларускіх гісторыкаў гэты погляд не падзяляе ніхто.

— Падчас дыскусіі наконт літвінізму абодва бакі абвінавачваюць апанэнтаў у тым, што яны — агенты Масквы. Крытыкі кажуць, што літвінізм — траянскі конь Крамля; тыя, каго папракаюць літвінізмам, кажуць, што іхныя апанэнты адмаўляюць беларускі ўнёсак у ВКЛ, прыніжаюць беларускую нацыянальную сьвядомасьць, а значыць, яны агенты Масквы. Дык хто агенты Масквы насамрэч?

Пукшта: Агент Масквы — той, хто распальвае канфлікт. Распальваньне беларуска-літоўскага канфлікту на руку Маскве. Для мяне гэта відавочна. Але ёсьць і катэгорыя людзей, якіх называюць «карысныя ідыёты». Часам «карыснага ідыёта» цяжка адрозьніць ад агента Масквы. Амаль усё тое, што зараз узьнікае ў беларуска-літоўскіх адносінах, адбывалася ў адносінах паміж Польшчай і Літвой. Напрыканцы 80-х гадоў было шмат спробаў распаліць агонь польска-літоўскай варажнечы. І гучалі дакладна тыя ж аргумэнты — і пра слабасьць літоўскай нацыі, і што тут усё польскае, і што ніякай літоўскай гісторыі няма. І Масква гэта падтрымлівала і распальвала.

Мы такія словы і ад Гарбачова чулі: маўляў, не забывайце, ад каго Літва атрымала Вільню і Віленскі край. І мы нейкія літоўскія мускулы тут маем. І польскія мускулы ёсьць. На пачатку 90-х гістарычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту з прафэсарам Бумблаўскасам, Ковенскі ўнівэрсытэт з прафэсарамі Александравічусам і Кулакаўскасам зрабілі вельмі годную працу, каб захаваць польска-літоўскі гістарычны дыялёг. І я ўпэўнены, што знойдзецца крытычная маса літоўскіх і беларускіх гісторыкаў, якія, нягледзячы на палітыкаў, захаваюць крыштальны сасуд літоўска-беларускіх адносінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG