Пра гэта ў этэры «Свабоды Premium» разважаюць літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс і прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі.
Юрконіс: Шчыра кажучы, я напружанасьці ня бачу. Я бачу пэўныя хваляваньні беларусаў у сацыяльных сетках. З аднаго боку, гэта зразумела, ёсьць пэўная стомленасьць, некаторым даводзілася двойчы або тройчы пераяжджаць. Але ёсьць і тое, што некаторыя беларусы не прызвычаіліся жыць у дэмакратычных дзяржавах. Калі адзін палітык нешта скажа, то ня трэба рэагаваць на гэта як на нейкае рашэньне. У Літве ёсьць падзел улады, ёсьць урад, ёсьць прэзыдэнт. Салідарнасьць Літвы як была ў 2020 годзе, так і не зьмяняецца. Колькасьць беларусаў у Літве толькі расьце. У Літве пастаянна пражывае каля 60 тысяч грамадзян Беларусі. Асноўную напружанасьць заўсёды стварае беларускі рэжым.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Валер Кавалеўскі заўважае пэўную зьмену грамадзкай думкі ў Літве адносна беларусаў.
Кавалеўскі: Вядома ж, ёсьць пэўная занепакоенасьць у беларусаў. Ёсьць шэраг паведамленьняў пра тое, што людзей просяць выехаць зь Літвы, не працягваюць ім дазвол на жыхарства. Гэта сапраўды стварае адчуваньне, што ў гэтых дзеяньнях ёсьць нацэленасьць. Але я падтрымаю Віціса, гэта дэмакратычныя сыстэма, працуюць інстытуты. Тыя рашэньні, якія прымаюцца ўладамі, мусяць мець нейкае абгрунтаваньне. Гэта месца, дзе спэцслужбы ня могуць працаваць без нагляду грамадзтва і парлямэнту. На маю думку, большасьць палітычных актараў у Літве згодная з тым, што трэба быць больш узважанымі наконт прыняцьця рашэньняў адносна беларусаў.