Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Беларусі накіраваў у суд справу «па факце генацыду» супраць украінца, які памёр у 1960-м


Генпракурор Беларусі Андрэй Швед
Генпракурор Беларусі Андрэй Швед

Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд крымінальную справу нябожчыка Канстанціна Смоўскага, якога абвінавачваюць паводле арт. 127 Крымінальнага кодэксу (генацыд), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Як заявіў кіраўнік сьледчай групы Генпракуратуры Валеры Талкачоў, гэтую справу «выдзелілі ў асобнае спэцыяльнае вядзеньне <...> па факце генацыду беларускага народу».

Паводле яго, у крымінальнай справе 49 тамоў, сьледчыя сабралі пратаколы допытаў таварышаў Смоўскага па службе, жыхароў вёсак, што выжылі, а таксама іншыя архіўныя дакумэнты, у тым ліку нямецкія.

«Устаноўлена 26 эпізодаў ягонай злачыннай дзейнасьці ў складзе 118-га ахоўнага батальёну, кіраўніком якога ён зьяўляўся. У тым ліку ўстаноўлены яго ўдзел у зьнішчэньні жыхароў вёскі Хатынь і іншых населеных пунктаў», — адзначыў прадстаўнік ведамства.

Канстанцін Смоўскі нарадзіўся ў 1892 годзе ў Палтаўскай губэрні (тады Расейская імпэрыя). Быў удзельнікам украінскага нацыянальнага руху, ва Ўзброеных сілах Украінскай Народнай Рэспублікі даслужыўся да званьня палкоўніка. Падчас Другой сусьветнай вайны спачатку ваяваў у польскай арміі, потым трапіў у нямецкі палон і пагадзіўся перайсьці на бок гітлераўскай Нямеччыны. Пасьля Другой сусьветнай вайны Смоўскі эміграваў у ЗША, дзе памёр у 1960 годзе.

Удзел Смоўскага ў спаленьні Хатыні ў складзе 118-га батальёну шуцманшафту 22 сакавіка 1943 году — не сакрэт, пра гэта было вядома задоўга да расьсьледаваньня Генпракуратуры.

18 сакавіка 2024 году Вярхоўны суд Беларусі асудзіў паводле арт. 127 Крымінальнага кодэксу ўкраінца Ўладзіміра Катрука, якога таксама абвінавацілі ў спаленьні Хатыні. З прычыны ягонай сьмерці ў 2015 годзе пакараньне прызначана не было. Судовы разбор пачаўся 8 лютага. У крымінальнай справе Катрука, паводле заяваў беларускіх уладаў, 35 тамоў.

26 сакавіка Швед анансаваў яшчэ пяць падобных судовых працэсаў над памерлымі.

  • Закон «Аб генацыдзе беларускага народу» быў прыняты ў 2021 годзе.
  • У Беларусі за «адмаўленьне генацыду беларускага народу» прадугледжаная крымінальная адказнасьць (арт. 130-2 КК) у выглядзе 5 гадоў зьняволеньня, за паўторнае парушэньне закону — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
  • 17 ліпеня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», які дазваляе перасьледаваць памерлых у крымінальным парадку.
  • Незалежныя гісторыкі і экспэрты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанэнтаў. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчыць зьмест кнігі «Генацыд беларускага народу», якая выйшла пад рэдакцыяй Шведа. У ёй сьцьвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году — спроба дзяржаўнага перавароту з выкарыстаньнем нацысцкай ідэалёгіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасьляваенныя гады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG