Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіруе падпалкоўнік запасу, трэніруюцца з дронамі. Расказваем пра клюб «Ліцьвіны», які выклікаў крытыку ў Літве


Фотавыстава клюбу «Ліцьвіны», архіўнае фота прадастаўлена клюбам «Ліцьвіны»
Фотавыстава клюбу «Ліцьвіны», архіўнае фота прадастаўлена клюбам «Ліцьвіны»

«Я хачу, каб Пазьняк стаў пажыцьцёва пэрсонай нон-грата ў Літве», — кажа адзін з ініцыятараў антылітвінскай хвалі Жыльвінас Сьвітоюс.

«Добраахвотніцкае аб’яднаньне беларусаў Літвы», — так пазыцыянуе сам сябе клюб «Ліцьвіны», які быў утвораны ў Вільні ў 2022 годзе. На эмблеме «Ліцьвінаў» — стылізаваная Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг. Апошнім часам да іх дзейнасьці ўзьнікла шмат пытаньняў. Каб адказаць на частку зь іх, удзельнікі клюбу склікалі прэс-канфэрэнцыю.

Фотавыстава клюбу «Ліцьвіны», архіўнае фота прадастаўлена клюбам «Ліцьвіны»
Фотавыстава клюбу «Ліцьвіны», архіўнае фота прадастаўлена клюбам «Ліцьвіны»

Адкуль зьявілася цікавасьць да «Ліцьвінаў»

«Ліцьвіны» дзейнічаюць адразу ў некалькіх кірунках — гэта і фізычнае навучаньне беларусаў на выпадак ваеннага канфлікту (многія ўдзельнікі клюбу ваююць на баку Ўкраіны), і культурныя, і сацыяльныя праекты.

Ад свайго ўтварэньня «Ліцьвіны» ня надта прыцягвалі ўвагу да сваёй дзейнасьці, лічачы за лепшае заставацца ў цені. У жніўні 2023 году вялікую дыскусію адносна «Ліцьвінаў» ініцыяваў літоўскі грамадзкі актывіст Жыльвінас Сьвітоюс. «Яны проста прыйшлі да нас і прад’яўляюць да нас прэтэнзіі», — напісаў Сьвітоюс, абураючыся рухам «літвінства». Свой допіс, які сабраў сотні лайкаў і камэнтаў, актывіст праілюстраваў выявай людзей са сьцягам клюбу «Ліцьвіны».

Пасьля гэтага кейсу цікавасьць да «Ліцьвінаў» пачала павышацца. «Мы прыгрэлі зьмяю ў сябе на грудзях», — такія камэнты на літоўскай мове нярэдка пачалі зьяўляцца ў суполках «Ліцьвінаў» у сацыяльных сетках.

Кіраўнік — падпалкоўнік запасу

Каб адказаць на пытаньні, што зьявіліся ў беларускай і літоўскай грамадзкасьці, «Ліцьвіны» вырашылі правесьці 1 кастрычніка дзень адчыненых дзьвярэй. Першапачаткова мерапрыемства меркавалі правесьці ў Доме афіцэраў, які належыць літоўскай арміі, але дамову скасавалі. Саюз літоўскіх стралкоў, які зьбіраўся паўдзельнічаць у імпрэзе, таксама часова прыпыніў супрацу зь беларусамі.

У выніку мерапрыемства ў фармаце прэс-канфэрэнцыі прайшло ў памяшканьні Imaguru. На яго прыйшлі як беларусы, гэтак і літоўцы. На сцэне паставілі два сьцяжкі — бел-чырвона-белы і літоўскі. На сьцяне вісела мапа Ўкраіны з пазнакамі месцаў, дзе сябры «Ліцьвінаў» бралі ўдзел у баях. Па словах удзельнікаў арганізацыі, яны заходзілі на тэрыторыю Белгарадзкай вобласьці Расеі.

На прэс-канфэрэнцыі клюбу «Ліцьвіны» у Вільні, 1 кастрычніка 2023
На прэс-канфэрэнцыі клюбу «Ліцьвіны» у Вільні, 1 кастрычніка 2023

«Мы ня ворагі, мы сябры», — першае, што прагучала ад прадстаўніка клюбу, які вёў мерапрыемства. Многія людзі начэплівалі на сябе бэйджы з паведамленьнем аб забароне на здымкі.

Тым ня менш кіраўнік «Ліцьвінаў» назваўся — гэта падпалкоўнік запасу Ўзброеных сіл Беларусі Сяргей Шалыгін (у 2021 годзе Лукашэнка пазбавіў яго воінскага званьня за падтрымку пратэстаў). У мінулым Шалыгін таксама адзін з кіраўнікоў ініцыятывы «Зубр», што сачыла за прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году.

Сяргей Шалыгін
Сяргей Шалыгін

Уступнае слова ў онлайн-фармаце прамовіў кіраўнік Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў, які сказаў, што даўно ведае шмат каго з удзельнікаў «Ліцьвінаў».

«На жаль, цяпер ня самыя спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці беларускіх арганізацый у Літве. І для гэтага выкарыстоўваецца пудзіла „літвінізму“. „Літвінізм“ — гэта маргінальная і малая плынь, якая адмаўляе незалежнасьць беларускай нацыі. „Літвінізм“ лічыць існаваньне беларускай нацыі гістарычнай памылкай. Важна, каб уяўленьні аб гісторыі не заміналі цяперашнім адносінам між беларусамі і літоўцамі. Пакінем мінулае гісторыкам, давайце будаваць нашу супольную будучыню», — сказаў Ягораў.

Андрэй Ягораў выступае па відэасувязі
Андрэй Ягораў выступае па відэасувязі

Трэніруюцца не з сапраўднай зброяй, а з муляжамі

Сяргей Шалыгін каротка расказаў пра дзейнасьць «Ліцьвінаў». Фактычна ўсё пачалося ў сьнежні 2021 году, калі група беларусаў заявіла пра ідэю стварэньня Airlift-клюбу, які і стане ў будучыні ядром «Ліцьвінаў». Першы агульны сход «Ліцьвінаў» адбыўся ў жніўні 2022 году, быў зацьверджаны статут.

Фактычна ад самага моманту стварэньня клюб цесна кантактаваў з Саюзам стралкоў Літвы — гэта непалітычная ваенізаваная грамадзкая арганізацыя, якая знаходзіцца пад кіраўніцтвам літоўскага ўраду, заклікае навучаць цывільнае насельніцтва самаабароне і весьці партызанскую вайну. Шалыгін сказаў, што была нават прапанова, каб «Ліцьвіны» ўвайшлі ў склад «стралкоў».

Сяргей Шалыгін, кіраўнік “Ліцьвінаў”, падпалкоўнік запасу
Сяргей Шалыгін, кіраўнік “Ліцьвінаў”, падпалкоўнік запасу

Нейкі час «Ліцьвіны» ўваходзілі ў склад «Паспалітага рушэньня», але выйшлі ў жніўні сёлета. Галоўнай прычынай Сяргей Шалыгін назваў тое, што «Паспалітае рушэньне» адмаўлялася дзейнічаць больш празрыста і дэмакратычна. Цяпер арганізацыя цалкам самастойная.

Удзельнікі «Ліцьвінаў» падкрэсьліваюць, што яны сапраўды праходзяць вайсковую падрыхтоўку, але без сапраўднай зброі, з муляжамі.

«Мы выконваем заканадаўства краіны, у якой знаходзімся. Гэта таксама прапісана ў нашым статуце», — сказаў Шалыгін. Пры гэтым удзельнікі клюбу падкрэсьлілі, што для працы з рэальнай зброяй яны выяжджаюць у іншыя краіны, але не ўдакладнілі, у якія менавіта. Зь нядаўняга часу «Ліцьвіны» пачалі трэнавацца і для працы з дронамі, але ў закрытых памяшканьнях, а не на адкрытай прасторы. Ёсьць заняткі з ізраільскага адзінаборства краў-мага, а таксама з крос-фіту.

«Хацелі пазначыць нашу гістарычную еднасьць»

Галоўнымі плянамі на будучыню Сяргей Шалыгін назваў павелічэньне колькасьці ўдзельнікаў, рэстуктурызацыю арганізацыі, падвышэньне даверу з боку літоўскага грамадзтва, дапамогу добраахвотнікам, што былі на вайне, у адаптацыі і лекаваньні, дасьледаваньне і пошук гістарычных зьвестак пра беларусаў на тэрыторыі Літвы, у тым ліку пра вайскоўцаў міжваеннага пэрыяду.

На імпрэзе выступіў літоўскі бізнэсовец, які прасіў не называць яго імя і не фатаграфаваць.

«Мне шкада, што ў Літве ня ўсе разумеюць правакацыі Менску і Масквы. Мне было сорамна, што „Ліцьвіны“ былі вымушаныя апраўдвацца перад намі. Яны падымуцца на абарону Літвы ў выпадку вайны. Многія захочуць зьехаць у Гішпанію, а гэтыя людзі будуць тут», — сказаў бізнэсовец.

Людміла, удзельніца клюбу
Людміла, удзельніца клюбу

Журналістка літоўскага каналу LRT задала пытаньне, чаму менавіта такую назву клюбу абралі яго ўдзельнікі.

Журналістка LRT
Журналістка LRT

«Самой назвай мы спрабавалі паказаць, што зьяўляемся братэрскімі народамі, у нас агульная гісторыя. Мы ня думалі, што гэта такая балючая назва. Мы хацелі пазначыць нашу гістарычную еднасьць», — сказаў Сяргей Шалыгін.

Напярэдадні дня адчыненых дзьвярэй «Ліцьвіны» выступілі з заявай аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці Літвы.

На прэс-канфэрэнцыя клюбу
На прэс-канфэрэнцыя клюбу

«Маё стаўленьне да „Ліцьвінаў“ крыху зьмянілася»

Сярод удзельнікаў імпрэзы быў і Жыльвінас Сьвітоюс, які ініцыяваў у Літве дыскусію адносна клюбу. Напрыканцы Свабода задала актывісту некалькі пытаньняў.

Жыльвінас Сьвітоюс
Жыльвінас Сьвітоюс

— Ці зьмянілі вы сваё стаўленьне да клюбу «Ліцьвіны» пасьля гэтай сустрэчы?

— Так, крыху. Важны дыялёг, калі ты бачыш чалавека ў жыцьці. Нават мова цела можа нешта паказаць. Але я і так ня быў супраць гэтай арганізацыі. Проста ў мяне ўзьнікалі пэўныя пытаньні, на якія адказаў я не атрымаў.

— Якія гэта пытаньні?

— Глядзіце, арганізацыя парамілітарная, яна займаецца падрыхтоўкай воінаў самаабароны. Яны называюць сябе той жа назвай, як і тыя людзі, якія называюць літоўцаў «жмудамі». Пытаньні ёсьць. Пра арганізацыю было вядома толькі, што яны зарэгістраваныя ў Літве, а з кім размаўляць — не. Я напісаў допіс у фэйсбук, але ніхто ж не прапанаваў: «Давай паразмаўляем, мы табе ўсё патлумачым». Я думаў, што ўжо нейкі вораг. Паверце, сярод «літвіністаў» дастаткова шмат людзей, якія літоўцаў проста ненавідзяць. Я чытаю іхнія чаты. Маё імя цяпер нават і літоўскія нацыяналісты такімі словамі апісваюць, што я не хачу іх гаварыць.

— Кепскімі?

— Натуральна. Ёсьць шмат літоўскіх нацыяналістаў, якія зьвязаныя зь «літвіністамі». І лічаць, што такіх людзей, як я, пара караць. За мной ніхто не стаіць, ніхто не купляў мае пасты. Цяпер дыялёг пачаўся. Я сам прыйшоў на гэтую сустрэчу, нічога не баюся.

Жыльвінас Сьвітоюс на прэс-кафэрэнцыі клюбу «Ліцьвіны»
Жыльвінас Сьвітоюс на прэс-кафэрэнцыі клюбу «Ліцьвіны»

— Вы адчуваеце нейкую напружанасьць між беларусамі і літоўцамі ў Літве?

— Большасьці беларусаў, як і большасьці літоўцаў, гэтая тэма ўвогуле нецікавая. Я зь беларусамі ніякай напружанасьці не адчуваю, Ні яны мне нічога ня хочуць зрабіць кепскага, ні я ім. Па мне, то няхай яны жывуць, інтэгруюцца, узнаўляюцца, аднаўляюць Беларусь. І хай Беларусь жыве вечна. Але трэба помніць, што ня ўсе беларусы і ня ўсе літоўцы аднолькавыя. Ня ўсе ж беларусы «літвіністы». Я проста хачу, каб Зянону Пазьняку быў забаронены ўезд у Літву, каб ён тут быў пэрсонай нон-грата пажыцьцёва. Ёсьць людзі, якія зьвязаныя з ультраправымі, і зьвязаныя з Каардынацыйнай радай, з клюбам «Ліцьвіны». Яны таксама павінны даць адказы.

— Вы за тое, каб беларусы болей не выкарыстоўвалі слова «літвіны»/«ліцьвіны»?

— Глядзіце, калі гэта значыць, што сапраўдныя літоўцы ня мы, а беларусы, то я катэгарычна супраць. Калі ж гэтае слова значыць чыста палітонім, што мы ўсе жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім, то я праблемаў ня бачу.

Фотавыстава, прысьвечаная дзейнасьці клюбу
Фотавыстава, прысьвечаная дзейнасьці клюбу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG