Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на Беларускім бізнэс-форуме ў ЗША: Беларусь будзе часткай глябальнай эканомікі, а не эканомікі Расеі


Выступ Ціханоўскай на Беларускім бізнэс-форуме ў ЗША
Выступ Ціханоўскай на Беларускім бізнэс-форуме ў ЗША

Сёньня ў Вашынгтоне пачаў працу першы Беларускі бізнэс-форум, які праводзіць Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) сумесна з Дэпартамэнтам гандлю Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Да яго ўдзельнікаў зьвярнулася дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

«Я заўсёды буду бараніць інтарэсы беларускага народу і сумленнага беларускага бізнэсу, незалежна ад таго, дзе яны працуюць — у Беларусі ці за мяжой. Я ганаруся беларускім бізнэсам. І я зраблю ўсё магчымае, каб вы адчувалі гонар быць беларускімі бізнэсоўцамі па ўсім сьвеце», — заявіла Ціханоўская.

«Сёньня вы дапамагаеце адзін аднаму ў вырашэньні бягучых бізнэс-праблемаў, абароне сваіх інтарэсаў і правоў, а заўтра вы станеце ўдзельнікамі будучых палітычных і эканамічных рэформаў у Беларусі», — сказала дэмакратычная лідэрка Беларусі.

Паводле слоў Ціханоўскай, «расейскія інвэстары і іх давераныя асобы» сёньня ключавыя на беларускім рынку.

«Расея стала адзіным замежным крэдыторам для беларускага рэжыму. Але так быць не павінна. Не такой мы бачым будучыню Беларусі. Я і мая каманда, а таксама мільёны беларусаў поўныя рашучасьці зьмяніць гэтую рэальнасьць. У мяне ёсьць вельмі дакладнае бачаньне таго, што Беларусь будзе часткай глябальнай эканомікі, а не эканомікі Расеі», — сказала палітык.

Як адзначае Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA), «прадстаўнікі бізнэсу, топ-мэнэджары, палітыкі, фінансісты і актыўныя дзеячы беларускай дыяспары» абмяркоўваюць на форуме «запыты і патрэбы беларускага бізнэсу ў ЗША і пытаньні фармаваньня беларускай бізнэс-супольнасьці за мяжой».

На сустрэчу запрошаныя прадпрымальнікі зь беларускімі каранямі за мяжой, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама буйныя бізнэсоўцы і інвэстары. Удзел бяруць беларусы ЗША, бізнэсоўцы з ЭЗ.

Мэтамі форуму заяўленыя «пашырэньне геаграфіі беларускіх бізнэсаў замежжа, абмен досьведам і стварэньне спрыяльных умоў для далейшага разьвіцьця эканамічнага сэктару Беларусі будучыні».

Заплянаваныя «бізнэс-панэлі зь міжнароднымі экспэртамі і прадстаўнікамі ўплывовых інстытуцый ЗША», а таксама «выступы сьпікераў, натхняльныя гісторыі посьпеху бізнэсоўцаў зь беларускімі каранямі; нэтворкінг».

Паведамляецца, што ў форуме «бярэ ўдзел больш за дваццаць сьпікераў з пасьпяховым досьведам у розных галінах разьвіцьця бізнэсу». На сустрэчы «будуць агучаныя пытаньні падтрымкі беларускіх бізнэсоўцаў замежжа з боку ЗША, будаваньня і разьвіцьця беларускай бізнэс-дыяспары».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG