Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадаваць, купляць, выпісвацца? Ці можна вярнуць адабранае? Парады экспэрткі пра тое, што рабіць зь нерухомасьцю ў Беларусі


Марына Гірын, кіраўніца Альянсу беларускіх бізнэс-лэдзі, сузаснавальніца Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой, экспэртка ў сфэры нерухомасьці. Ілюстрацыйны каляж.
Марына Гірын, кіраўніца Альянсу беларускіх бізнэс-лэдзі, сузаснавальніца Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой, экспэртка ў сфэры нерухомасьці. Ілюстрацыйны каляж.

Як зьмяніўся рынак нерухомасьці ў Беларусі праз масавы ад’езд з краіны, у тым ліку людзей з грашыма? Хто больш пасьпяховы ў бізнэсе за мяжой — жанчыны ці мужчыны? Ці можна лічыць бізнэсоўцамі жанчын, на якіх перапісалі бізнэс урадоўцы ці высокія чыноўнікі, і як выявіць такія карупцыйныя схемы па-за межамі Беларусі? Пра гэта ды іншае гаворым з Марынай Гірын, кіраўніцай Альянсу беларускіх бізнэс-лэдзі, сузаснавальніцай Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой, экспэрткай у сфэры нерухомасьці.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Сьцісла

  • Мая парада людзям у Беларусі, якія лічаць, што яны могуць трапіць пад перасьлед, — падстрахуйцеся загадзя. Калі маеце нерухомасьць, перааформіце яе на нейкіх родных, на бацькоў. Падумайце, каб выпісацца з гэтай нерухомасьці, бо будзе цяжка яе прадаць, калі вы там будзеце прапісаныя.
  • Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, дастаткова было продажаў грамадзянам Расеі. Яны больш куплялі жытло ў Менску, у новых дамах, кшталту «Минск Мир». На другасным рынку продажаў грамадзянам Расеі было меней.
  • На сёньняшні момант, паводле заканадаўства, на працягу 10 гадоў можна аспрэчваць угоды зь нерухомасьцю. Калі пройдзе доўгі час, у кватэры будуць жыць розныя людзі, то, можа, не захочацца самой Сьвятлане Ціханоўскай вярнуцца туды, але кампэнсацыю сумы, за якую была прададзеная кватэра, можна разглядаць.

«Гэта ня проста бізнэс-асацыяцыя, якая вырашае бізнэс-пытаньні»

— Марына, пачаць хацела б з актуальнай навіны, стварэньня Альянсу беларускіх бізнэс-лэдзі, пра што было абвешчана на мінулым тыдні. Якая мэта альянсу, каго вы хочаце далучыць да яго, як бы вы ацанілі колькасьць жанчын-прадпрымальніц за мяжой — зь нядаўняй і ранейшай эміграцыі?

— Мы ня проста бізнэс-асацыяцыя, якая вырашае бізнэс-пытаньні. Бізнэсоўцы, якія да нас далучаліся, — гэта людзі, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, якія страцілі бізнэс. Гэтыя бізнэсоўцы маюць трошкі іншыя мэты, чым проста разьвіць бізнэс. Жанчыны-бізнэсоўцы, акрамя разьвіцьця сваёй справы, хочуць быць больш запатрабаванымі ў будучай эканоміцы Беларусі, хочуць выкарыстоўваць свае веды і дапамагаць у стварэньні пераменаў у Беларусі. Частка каманды АВВА (Аляхновіч, Наўроцкі) працуе менавіта над эканамічнымі рэформамі новай Беларусі. Мы ня проста клюб, каб пасядзець і кавы папіць. У нас больш высокія, глябальныя мэты. У нас прадстаўленыя розныя бізнэсы. Калі мы ствараліся, не было мэтаў, каб далучаліся бізнэсы толькі з пэўным абаротамі. Мы аб’ядноўваем розныя бізнэсы — рэстаранныя, ІТ, у сфэры нерухомасьці ў Польшчы і ЗША. У рамках асацыяцыі АВВА (Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой) альянс бізнэс-лэдзі — першы створаны, але мы якраз хацелі б сэктаральна разьбіваць.

— Раскажыце пра тое, чым вы займаліся ў Беларусі. А цяпер, за мяжой, якія вашыя кампэтэнцыі і экспэртыза?

— Апошнія 7–8 гадоў у Беларусі я працавала ў сфэры нерухомасьці. Доўгі час я была намесьніцай дырэктара буйной кампаніі «Арэса Сэрвіс Нерухомасьць». Гэта і кампанія-забудоўнік, і агенцтва нерухомасьці. Паралельна я мела ІП, вяла свой бізнэс, зьвязаны зь нерухомасьцю (продаж, арэнда), мела ва ўласнасьці памяшканьне для арэнды. Я займалася гэтай сфэрай ня толькі ў Беларусі, але і ў некаторых эўрапейскіх краінах.

Я была атэставаным рыэлтарам у Беларусі. Адукацыя ў мяне эканамічная. Я выехала зь Беларусі ў канцы 2020 году з палітычных прычынаў. Гэта было больш зьвязана з маім мужам. У яго была небясьпека перасьледу, і мы прынялі рашэньне ехаць. Калі мы прыехалі ў Польшчу, я хацела займацца сфэрай нерухомасьці. Але думаю, што гэта наперадзе. У выніку я не пачала гэтым займацца. Мы пачалі разьвіваць Асацыяцыю беларускага бізнэсу за мяжой, бо ў гэтым была патрэба.

«Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, грамадзяне Расеі сталі болей купляць жытло ў Беларусі»

— Што адбываецца цяпер з рынкам нерухомасьці ў Беларусі, якія тэндэнцыі, хто купляе жытло людзей, якія выехалі? Якія тут небясьпекі хаваюцца?

— Калі мы бачым карціну ў цэлым, усё ж не такая вялікая колькасьць людзей зь Беларусі выехала. Кватэры, дамы прадаюцца. Мы гэта бачым. Былі некаторыя ваганьні, скачкі. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, дастаткова было продажаў грамадзянам Расеі, яны куплялі жытло ў Беларусі. Яны больш куплялі жытло ў Менску, у новых дамах кшталту «Минск Мир». На другасным рынку продажаў грамадзянам Расеі было меней.

У Беларусі ў большасьці купляюць нерухомасьць самі беларусы. Тут шмат розных фактараў. Для многіх беларусаў купля жытла — добрая інвэстыцыя, мера, каб захаваць свае грошы. Нягледзячы на ўсе ваганьні рынку, беларусы ўсё роўна ўкладаюцца ў жытло. Большасьць лічаць, што няхай страцім на паніжэньні цаны, ці не прададзім, як хочацца, але ўсё ж свой капітал, які цяжка зарабілі, захаваем. Я заўважаю, што цана кватэраў больш-менш расьце (квадратны мэтар на кароткі пэрыяд становіцца таньнейшы, потым трошкі паднімаецца). Наколькі я бачу, дамы ў цане ўпалі. Менавіта продажы.

Я, напэўна, хацела б даць некалькі парадаў. Мы ведаем, што шмат людзей зьяжджаюць, укладаюцца ў нерухомасьць за межамі Беларусі. Тыя, хто мае грошы, могуць жыць яшчэ на дзьве краіны. Мая парада людзям, якія цяпер жывуць у Беларусі, якія лічаць, што да іх могуць прыйсьці, што яны могуць трапіць пад перасьлед, — падстрахуйцеся загадзя, калі ласка. Калі маеце нерухомасьць, перааформіце яе на нейкіх родных. На бацькоў. Падумайце, каб выпісацца з гэтай нерухомасьці, бо будзе цяжка яе прадаць, калі вы там будзеце прапісаныя.

Мы бачым, што цяпер адбываюцца розныя перасьледы, прыходзяць і да родных, прыходзяць па месцы прапіскі людзей. Ёсьць такая працэдура — калі кватэра ня ваша, а вы прапісаныя ў родных ці знаёмых, вас могуць выпісаць «па суду». Прапануйце гэта людзям, якія засталіся ў Беларусі. Гэта адносна нескладаная працэдура. Яна робіцца дастаткова хутка, невялікая па цане, але ў вас ня будзе прапіскі, і вашых родных, можа, будуць менш чапаць.

«Галоўнае — гэта жыцьцё. Кватэры — гэта матэрыяльнае»

— Ёсьць людзі, якія не пасьпелі, чыю маёмасьць апячаталі. Мы ня ведаем рэальных маштабаў, але гэта могуць быць сотні людзей. Некаторыя кватэры ўжо прададзеныя праз аўкцыён, як кватэра Ціханоўскіх. І гэты працэс толькі набірае абароты, як выглядае. Якія парады вы б маглі ў такіх сытуацыях даць як спэцыялістка ў нерухомасьці?

— Добра, што такіх выпадкаў ня так шмат, але, на жаль, такая сытуацыя ў Беларусі існуе. Калі проста адбыўся арышт, то, калі заканадаўства не адмянялася, кватэру можна здаваць і атрымліваць нейкі прыбытак. Грошы можна зарабіць у любой другой краіне. Галоўнае — гэта жыцьцё. Кватэры — гэта матэрыяльнае.

— Які можа быць мэханізм, каб вярнуць тую ж кватэру Ціханоўскіх? Там можа быць другі, трэці ўладальнік. Ці магчымы мэханізм рэстытуцыі ў будучыні?

— На сёньняшні момант, паводле заканадаўства, на працягу 10 гадоў можна аспрэчваць угоды зь нерухомасьцю. Калі пройдзе пэўны час, можна будзе нешта рабіць. Можа, нейкая кампэнсацыя. Калі пройдзе доўгі час, у кватэры будуць жыць розныя людзі, то, можа, не захочацца самой Сьвятлане вярнуцца туды. Але кампэнсацыю сумы, за якую была прададзеная кватэра, можна разглядаць. Гэта павінна быць.

— Вы казалі пра тое, што людзі ўкладаюць грошы ў нерухомасьць за мяжой. Які маштаб угодаў зь нерухомасьцю беларусаў за мяжой?

— Ня так даўно ў мяне была размова з адным фінансавым кансультантам, і я гэтае пытаньне яму задавала — пра колькасьць людзей, якія купляюць нерухомасьць у Польшчы. Ён сказаў, што гэта дастаткова высокі адсотак. Многа ўкраінцаў, дастаткова багатых людзей, прыехала ў Польшчу, але і беларусаў таксама хапае. Працэнт складана назваць, нават тыя ж польскія кансультанты гэтага працэнту ня ведаюць. Але думаю, што менавіта з гэтай прычыны адбываецца рост цэнаў на жытло ў Польшчы з кожным годам. Купля неграмадзянамі Польшчы гэтага жытла спрыяе росту.

— Дык ці можна сказаць, што дзякуючы ўкраінцам і беларусам растуць цэны на нерухомасьць у Польшчы, магчыма, і ў Літве?

— Можа, палякі і ня ўдзячныя нам за гэта, але гэта так.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG