11 украінскіх дзяцей ва ўзросьце ад 2 да 16 гадоў 20 лютага вярнуліся на радзіму. Пасьля пачатку вайны іх вывезьлі ў Расею і на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, паведаміў Андрэй Ярмак і апублікаваў фота дзяцей.
Узьяднаньне сем’яў адбылося ва ўзаемадзеяньні з упаўнаважаным Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітрыем Лубінцом у рамках праграмы Bring Kids Back UA. Акрамя таго, вяртаньню ўкраінскіх дзяцей садзейнічаў Катар.
Дзяцей прывезьлі на радзіму празь Беларусь, вынікае з заявы дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай. Напярэдадні яна паведаміла, што дзяцей вывезьлі з Украіны ў Запароскую вобласьць, акупаваныя Марыюпаль, Луганск, Сімфэропаль і расейскі Краснаярск, іх «маршрут назад на радзіму пралягаў празь Беларусь». У сваёй заяве яна падзякавала Памежнаму камітэту Беларусі.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародныя ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх прызналі адказнымі за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей і іх незаконнае перамяшчэньне з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расеі.
- ПАРЭ 27 красавіка 2023 году прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
- Дэмакратычныя сілы Беларусі дамагаюцца прыцягненьня да адказнасьці рэжыму Лукашэнкі за незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей.
- Дзейнасьць беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны расьсьледуецца ў рамках крымінальнай справы, якую завяла пракуратура Ўкраіны.
- Паводле зьвестак упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінца на пачатак сьнежня, сама меней 19 546 украінскіх дзяцей былі незаконна дэпартаваныя ў Расейскую Фэдэрацыю. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расейскі бок, у сваю чаргу, заяўляе пра больш як 700 тысяч вывезеных дзяцей.