Пра гэта паведамляе гішпанскае выданьне 20minutos.es. Паводле выданьня арыштаваны грамадзянін Беларусі быў адным з галоўных адказных за інфраструктуру праграмы.
Цывільная гвардыя арыштавала ў аэрапорце Мадрыд-Барахас асобу, адказную за інфраструктуру LockBit — шкоднаснай праграмы, нібыта створанай у Расеі. Пры дапамозе гэтай праграмы былі ўчыненыя кібэратакі ў больш чым 120 краінах супраць 2500 кампаній, прыватных асоб і ўстаноў. Крыніцы, блізкія да сьледзтва, удакладнілі, што гэта грамадзянін Беларусі, які пражывае ў Дубаі, куды ён вяртаўся пасьля некалькіх дзён знаходжаньня ў Гшпаніі.
Яго арышт быў адным з чатырох нядаўніх рэйдаў на групоўку і яе філіялы, каардынаваных Эўраполам у Францыі, Вялікай Брытаніі і Гішпаніі. Акрамя таго, арышты і ператрусы прайшлі ў 12 краінах. Па словах Генэральнага ўпраўленьня цывільнай гвардыі, чалавек, арыштаваны ў гэтай краіне, лічыцца ключавым гульцом у інфраструктуры, якая выкарыстоўваецца групоўкай, паколькі ён быў адміністратарам інтэрнэт-правайдэра, які выкарыстоўваецца LockBit, і забясьпечваў ананімнасьць і прыватнасьць сваім кліентам.
У апэрацыі ўдзельнічалі ўлады з 12 краін, а таксама Эўрапол і Эўраюст з мэтай «эфэктыўнага спыненьня злачынных апэрацый групы праграм-вымагальнікаў LockBit на ўсіх узроўнях». У трэцяй фазе апэрацыі Cronos удзельнічалі Аўстралія, Канада, Францыя, Нямеччына, Японія, Гішпанія, Швэцыя, Швэйцарыя, Нідэрлянды, Румынія, Вялікая Брытанія і ЗША.
LockBit лічыцца адной з самых небясьпечных шкоднасных мадэляў праграмаў-вымагальнікаў, якія спрыяюць росту кіберзлачыннасьці, робячы іх даступнымі для людзей без перадавых тэхнічных ведаў. З канца 2019 года ён выкарыстоўваецца кіберзлачынцамі для пранікненьня ў камп’ютарныя сыстэмы ўстаноў і кампаній.
У траўні Злучаныя Штаты абвінавацілі яго меркаванага стваральніка, распрацоўшчыка і адміністратара расейца Дзьмітрыя Хорашава і прапанавалі ўзнагароду ў памеры да 10 мільёнаў долараў за інфармацыю, якая прывядзе да яго арышту або асуджэньня.
Форум