Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны заявіў пра распрацоўку мэханізмаў прыцягненьня Пуціна і Лукашэнкі да адказнасьці за незаконны вываз дзяцей


Вывезеных з Украіны дзяцей вазілі на базы спэцыяльных вайсковых падразьдзелаў Беларусі. Архіўнае фота
Вывезеных з Украіны дзяцей вазілі на базы спэцыяльных вайсковых падразьдзелаў Беларусі. Архіўнае фота

Ва Ўкраіне патрабуюць ад Расеі сьпісы выкрадзеных украінскіх дзяцей.

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Украіны Ірына Верашчук заявіла, што трэба прыцягнуць да адказнасьці ня толькі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку, а і ўсіх, хто якім-небудзь чынам спрычыніўся да незаконнага вывазу дзяцей з Украіны.

«Мы пабачылі ўжо першыя крокі ўсясьветнай супольнасьці — Пуцін і Львова-Бялова атрымалі ордэры на арышт, а таксама бачым сытуацыю вакол Чырвонага Крыжа ў Беларусі й іншыя сыгналы для дыктатараў Беларусі і Расеі. Але мэханізмы сапраўды выпрацоўваюцца», — паведаміла Ірына Верашчук у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом пасьля свайго візыту ў ЗША.

Паводле яе, на сустрэчах у ЗША абмяркоўвалі пытаньні пошуку дзяцей, якія Расея вывезла і цяпер прыхоўвае ад Украіны.

«Калі Расея кажа, што мае базы і зьвесткі аб 700 тысячах, то няхай пакажуць гэтыя сьпісы. Расея павінна перадаць, прынамсі, праз міжнародныя арганізацыі, няхай гэта будзе, напрыклад, UNICEF (Дзіцячы фонд ААН. — РС), сьпісы, асабліва дзяцей-сірот на вяртаньне ва Ўкраіну або праз трэція краіны», — дадала яна.

Ірына Верашчук адзначыла, што найбольш у гэтай справе дапамагаюць ЗША, якія правялі «калясальную працу ў гэтым кірунку».

«Мы таксама хочам, каб тыя, хто незаконна ўсынаўляў, перамяшчаў і ўсяляк далучаўся да злачынных дзеяньняў у дачыненьні да ўкраінскіх дзяцей, панесьлі пакараньне», — падкрэсьліла віцэ-прэм’ер Украіны.

Чаму ў публічнай сфэры зьявілася новая лічба вывезеных з Украіны дзяцей

У ліпені 2023 году ўпаўнаважаная Расеі ў правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова апублікавала справаздачу аб сваёй дзейнасьці на пасадзе. З дакумэнту вынікала, што Расея з пачатку ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году «прыняла каля 4,8 мільёна жыхароў Украіны і рэспублік Данбасу, зь якіх больш за 700 тысяч — дзеці».

Марыя Львова-Бялова пераконвала, што «пераважная частка непаўналетніх прыбылі з бацькамі або іншымі сваякамі».

Сярод вывезеных Расеяй дзяцей — каля 1,5 тысячы выхаванцаў установаў для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у тым ліку 52 дзіцяці зь цяжкімі паталёгіямі.

Цягам 2022 году Марыя Львова-Бялова зрабіла 10 паездак на акупаваную Расеяй тэрыторыю Ўкраіны — у Данецкую, Луганскую, Запароскую і Херсонскую вобласьці.

Сярод памагатых у вывазе ўкраінскіх дзяцей назвалі «байкерскую супольнасьць»

Офіс генэральнай пракуратуры Ўкраіны распаўсюдзіў заяву амбасадара ЗША ў асаблівых даручэньнях у сфэры глябальнага крымінальнага правасудзьдзя Бэт Ван Скаак, у якой яна паведаміла аб датычнасьці да незаконнага вывазу дзяцей з Украіны «некаторых даволі жахлівых няўрадавых арганізацыяў, такіх, як ультраправыя суполкі байкераў».

Бэт Ван Скаак паведаміла пра гэта на канфэрэнцыі «United for Justice. War Crimes against Ukrainian Children» ў Таронта (Канада) у канцы лістапада 2023 году. Паводле яе, «байкерскія супольнасьці» удзельнічаюць у выкраданьні ўкраінскіх дзяцей на часова акупаванай тэрыторыі і вывазе іх праз Расею ў Беларусь.

Амбасадар ЗША ў асаблівых даручэньнях у сфэры глябальнага крымінальнага правасудзьдзя падкрэсьліла, што злачынства агрэсіі павінна быць пакарана, каб іншыя «аўтакраты ўва ўсім сьвеце не лічылі, што могуць рабіць тое самае».

Што папярэднічала

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны пачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторыяў Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай вобласьцяў у тым ліку ў Беларусь.

У канцы красавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. У ёй адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расьсьледавацца, а ўсе, хто мае да іх дачыненьне, — панесьці адказнасьць.

У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG