Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбудсмэн Украіны: расейцы выкарыстоўваюць Беларусь, каб схаваць інфармацыю пра вывезеных украінскіх дзяцей


Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец. Архіўнае фота
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец. Архіўнае фота

Апроч таго, украінскі бок мае дакладную інфармацыю, як пры ўдзеле ўладаў Беларусі з тэрыторыі Ўкраіны расейцы вывозілі ўкраінскіх палонных вайскоўцаў.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што Расея сыстэмна перамяшчае ўкраінскіх дзяцей праз тэрыторыю Беларусі, каб утаіць іх рэальную колькасьць.

«Для іх Беларусь — гэта такі дадатковы чыньнік таго, каб схаваць інфармацыю аб дэпартаваных украінскіх дзецях. То бок пацьвярджэньне факту дэпартацыі і вэрыфікацыі дзіцяці — гэта карпатлівая праца. Нам трэба знайсьці, хто ўзяў дзяцей, адкуль, як ён іх прывёз на тэрыторыю РФ. А калі гэта адбываецца праз тэрыторыю Беларусі, то як знайсьці такую інфармацыю на яе тэрыторыі? Максымальна складана», — сказаў Дзьмітро Лубінец у інтэрвію ўкраінскаму інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».

Паводле яго, расейцы стала складаюць новыя сьпісы дзяцей, якія ўжо вывезены і знаходзяцца на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей і якіх далей будуць вывозіць празь Беларусь у Расею. «Напэўна, такім чынам расейцы намагаюцца максымальна закрыць інфармацыю пра тое, што дзеці знаходзяцца на тэрыторыі Расеі», — мяркуе ён.

Дзьмітро Лубінец дадаў, што на тэрыторыі Беларусі могуць знаходзіцца тысячы дзяцей. «Але, на маю думку, яны там знаходзяцца часова. То бок гэта прамежкавы пункт у лягістыцы перад транспартаваньнем у Расею», — патлумачыў украінскі амбудсмэн.

Паводле яго, Чырвоны Крыж Беларусі, які падтрымліваў працэс дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, працягвае іх вывозіць. Цяпер вядома, што сама меней 380 украінскіх дзяцей ужо перадалі пад так званую «часовую апеку» грамадзянам Расеі.

Раней Свабодзе ў сакратарыяце Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека паведамілі, што інфармацыю ад датычнасьці старшыні беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей ужо перадалі ў пракуратуру Ўкраіны.

Факты датычнасьці беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны ўжо далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы, якую расьсьледуюць паводле дзьвюх першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — парушэньне законаў і звычаяў вайны. Гэтыя крымінальныя правапарушэньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў або пажыцьцёвым зьняволеньнем. Справу завялі 21 сакавіка 2022 году па фактах усіх расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне, у тым ліку паводле фактаў забойства і расстрэлаў мірных жыхароў Марыюпалю і іншых гарадоў Украіны. Дзейнасьць Аляксея Талая — адзін з эпізодаў гэтай справы.

Дзьмітро Лубінец таксама дадаў, што ўкраінскі бок мае дакладную інфармацыю аб тым, як пры ўдзеле ўладаў Беларусі з тэрыторыі Ўкраіны расейцы вывозілі ўкраінскіх палонных вайскоўцаў.

«У мяне цяпер няма інфармацыі аб тым, што ўкраінскія ваеннапалонныя знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Але тое, што яны там часова знаходзіліся, што іх перамяшчалі праз тэрыторыю Беларусі, — такая інфармацыя ў нас ёсьць і яна пацьверджаная», — падкрэсьліў украінскі амбудсмэн.

  • Па афіцыйных дадзеных украінскіх уладаў на сьнежань 2023 году, з 24 лютага 2022 году з Украіны ў Расею дэпартавалі 19 546 дзяцей. Гэта толькі тыя выпадкі, якія ўдалося зафіксаваць афіцыйна. Расейскі бок, у сваю чаргу, заяўляе пра 700 тысяч вывезеных дзяцей.
  • Міжнародны крымінальны суд у Гаазе 17 сакавіка 2023 году выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
  • Дзейнасьць беларускага паралімпійца Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны расьсьледуецца ў рамках крымінальнай справы, якую завяла пракуратура Ўкраіны.
  • Цяпер ва Ўкраіну змаглі вярнуць 387 дзяцей, у той час як агульная колькасьць незаконна вывезеных дзяцей перавысіла 19 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG