Суд у Екацярынбургу арыштаваў жыхарку Лос-Анджэлеса праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе.
Як паведаміла расейская служба Радыё Свабода са спасылкай на Фэдэральную службу бясьпекі (ФСБ) Расеі, арыштаванай 33 гады, яна мае грамадзянства Расеі і ЗША.
Паводле інфармацыі ФСБ, зь лютага 2022 году падазраваная зьбірала грошы «ў інтарэсах украінскай арганізацыі», якія накіроўвала на патрэбы Ўзброеных сіл Украіны. У прыватнасьці, на гэтыя грошы набывалі «прадметы тактычнай мэдыцыны, рыштунак, сродкі паражэньня і боепрыпасы». Ёй таксама інкрымінуюць удзел у публічных акцыях у ЗША на падтрымку «кіеўскага рэжыму».
ФСБ не назвала імя затрыманай. Расейскія СМІ высьветлілі, што гэта Ксенія Карэліна, якая скончыла ўнівэрсытэт у Екацярынбургу і атрымала амэрыканскае грамадзянства пасьля таго, як выйшла замуж за амэрыканца.
За дзяржаўную здраду затрыманай пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Раней у Екацярынбургу затрымалі журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, якому інкрымінуюць шпіянаж. У кастрычніку 2023 году арыштавалі журналістку татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашавай — ёй інкрымінуюць непаведамленьне аб другім грамадзянстве і аб статусе іншаземнага агента.
Летась у жніўні стала вядома, што Расея і ЗША вядуць перамовы аб абмене Эвана Гершковіча і яшчэ некалькі грамадзян ЗША на зьняволеных расейцаў у амэрыканскіх турмах, але ў Маскве пакуль ня вызначыліся з кандыдатурамі для абмену.
Як паведамляла амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal, у фэдэральных турмах адбываюць пакараньне 25 расейскіх грамадзянаў, але Расея пачала таргавацца за вызваленьне расейцаў, затрыманых у іншых краінах.
Сёлета ў лютым Уладзімір Пуцін у інтэрвію амэрыканскаму журналісту Такеру Карлсану намякнуў на гатоўнасьць абмяняць Эвана Гершковіча на, як мяркуецца, супрацоўніка расейскіх спэцслужбаў Вадзіма Красікава (ён жа Вадзім Сакалоў), якога ў Нямеччыне асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства былога палявога камандзіра чачэнскіх сэпаратыстаў Зелімхана Хангашвілі. Суд у Нямеччыне высьветліў, што расеец дзейнічаў на заказ Масквы, і назваў забойства Хангашвілі ў Бэрліне ў 2019 годзе актам дзяржаўнага тэрарызму. Паводле журналісцкіх расьсьледаваньняў, Красікаў можа быць ветэранам спэцпадразьделу «Вымпел» і старшым афіцэрам ФСБ. Масква дачыненьне да забойства Хангашвілі адмаўляе.