Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вярнулася забытая хвароба, пры чым тут вайна, COVID-19 і Міністэрства здароўя. Запыталіся трох экспэртаў пра адзёр


Андрэй Вітушка, Вікторыя Дароніна і Ганна Барушка. Ілюстрацыйны каляж
Андрэй Вітушка, Вікторыя Дароніна і Ганна Барушка. Ілюстрацыйны каляж

Чаму вярнулася нібы забытая хвароба адзёр? Чым яна небясьпечная? Ці трэба рабіць аналізы на антыцелы і ці ў бясьпецы цяпер тыя, хто зрабілі прышчэпкі ў дзяцінстве?

Сытуацыю камэнтуюць беларускія экспэрты — алерголяг-імуноляг Ганна Барушка, якая жыве і працуе ў Францыі, супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту Вялікай Брытаніі, мікрабіёляг (PhD у малекулярнай біялёгіі) Вікторыя Дароніна і дзіцячы рэаніматоляг, кандыдат мэдычных навук Андрэй Вітушка, які жыве і працуе ў Польшчы.

Выпадак у Лідзе і афіцыйная статыстыка адру па Беларусі

У канцы студзеня 2024 году ў Лідзкім раёне Горадзенскай вобласьці 15 чалавек шпіталізавалі ў інфэкцыйнае аддзяленьне з падазрэньнем на адзёр. Усе яны кантактавалі з чалавекам, у якога адзёр дыягнаставалі лябараторна. Як адзначылі ў галоўным упраўленьні аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму ў камэнтары для «СБ. Беларусь сегодня» , у тых, хто раней не хварэў на адзёр і ня быў прышчэплены ад яго, рызыка заразіцца пасьля кантакту з хворым чалавекам амаль стопрацэнтная.

Тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя Беларусі цытуе намесьніка міністра — галоўнага дзяржаўнага санітарнага доктара Аляксандра Тарасенку, які гаворыць пра выпадкі захворваньня на адзёр, зарэгістраваныя ў розных рэгіёнах Беларусі.

— На сёньняшні дзень у рэспубліцы зарэгістравалі 204 выпадкі. Больш за ўсё ў Берасьцейскай вобласьці — 62% ад колькасьці зарэгістраваных, 16% — у Магілёўскай, на трэцім месцы — Горадзенская вобласьць. У Берасьцейскай вобласьці сытуацыя глыбока зьвязаная, у тым ліку, з рэлігійнымі грамадамі. Гаворка ідзе пра тых, хто зацята адмаўляецца ад прышчэпак. Што тычыцца ўзроставай групы, то 43% пацыентаў — гэта дзеці ад 7 да 17 гадоў і 30% — людзі ад 18 да 40 гадоў.

Дзіцячы доктар Андрэй Вітушка з асьцярогай ставіцца да афіцыйнай мэдычнай статыстыкі ў Беларусі як адносна колькасьці захворваньняў, так і лічбаў вакцынацыі.

— Бяда ў тым, што цяжка меркаваць, якая рэальная сытуацыя ў ахопе вакцынацыяй альбо ў захворваньні на тую ці іншую інфэкцыю. Не сакрэт, што ёсьць праблема з маніпуляцыяй тымі ж самымі прышчэпкамі. Напрыклад, на паперы высокія лічбы вакцынацыі ад грыпу, а высьвятляецца, што гэтыя дадзеныя не супадаюць з дадзенымі сацапытаньняў, якія паказваюць, што людзі ня вераць у прышчэпкі. А Міністэрства аховы здароўя рапартуе пра надзвычай высокія лічбы вакцынацыі. Ва ўсім цывілізаваным сьвеце гэта кантралюецца, адсочваецца, адпаведна робяцца неабходныя захады.

Чаму адзёр — вельмі небясьпечная хвароба

Адзёр — хвароба настолькі заразная, што, калі ёй захварэў адзін чалавек, да 90% яго блізкіх таксама заразяцца, тлумачыць алерголяг-імуноляг Ганна Барушка.

Ганна Барушка
Ганна Барушка

— Калі хворы чалавек быў у памяшканьні, вірус застаецца яшчэ дзьве-чатыры гадзіны ў паветры. Хвароба можа перадавацца ў грамадзкіх месцах, нават пры адсутнасьці кантакту ад чалавека да чалавека. Была апісана перадача адру паміж пасажырамі самалёта ў аэрапортах і падчас палёту. Вялікія ўспышкі могуць узьнікаць у месцах масавага знаходжаньня людзей, такіх як школы і густанаселеныя пункты. Інкубацыйны пэрыяд ад 6 да 21 дня. Адзёр пачынаецца з гарачкі. Неўзабаве пасьля гэтага зьяўляецца кашаль, катар і пачырваненьне вачэй. Затым зьяўляецца высыпка з малюсенькіх чырвоных плямак. Яна пачынаецца з галавы і распаўсюджваецца на астатнюю частку цела. Чалавек можа быць заразным ужо за 5 дзён да зьяўленьня сыпу і 4 дні пасьля. Але максымальна заразным лічыцца пэрыяд высокай тэмпэратуры і рэсьпіратарных сымптомаў. Праблема адру ў тым, што спэцыфічнага лячэньня няма. Існуе яшчэ і такое рэдкае ўскладненьне адру, як падвостры склеразуючы панэнцэфаліт (ПСП), які ўзьнікае празь некалькі гадоў пасьля першапачатковага заражэньня адром. Ён пачынаецца са зьмены паводзінаў, перш чым пераходзіць у цяжкія прыступы. ПСП заўсёды сьмяротны.

Працягвае мікрабіёляг Вікторыя Дароніна.

Вікторыя Дароніна
Вікторыя Дароніна

— Агульнапрызнаная колькасьць інфікаваных на аднаго пацыента — 12-18. Для параўнаньня, на вірус грыпу гэта каля 1,6, а ўсе мы ведаем, як цяжка не заразіцца грыпам зімой. Як і вірус грыпу, вірус адру перадаецца паветрана-кропельным шляхам або пры любым кантакце з выдзяленьнямі хворага. Хварэюць людзі ўсіх узростаў, але, паколькі большасьць людзей, старэйшых за 40 гадоў, у разьвітых краінах былі прышчэпленыя ў дзяцінстве, а імунітэт пасьля прышчэпкі звычайна захоўваецца на працягу ўсяго жыцьця, хварэюць у асноўным дзеці. Сымптомы — тэмпэратура да 40 градусаў, ускладненьні — дыярэя, запаленьне сярэдняга вуха, пнэўманія, але могуць разьвіцца сутаргі, запаленьне мазгавых абалонак і нават сьлепата. У цяперашні час не існуе прэпаратаў, якія палягчаюць цячэньне захворваньня, акрамя палягчэньня сымптомаў.

Хворы на адзёр. Ілюстрацыйнае фота.
Хворы на адзёр. Ілюстрацыйнае фота.

У агульнай папуляцыі сьмяротнасьць ад адру ня надта высокая. Паводле амэрыканскай статыстыкі , дзесьці да 20% ад колькасьці захварэлых рэгіструецца сыстэмай аховы здароўя (то бок далёка ня кожны трапляе да лекара і атрымлівае дыягназ). З зарэестраваных памірае 0,1%, тады як шпіталізуюцца 10%. Але ў пэўных групах гэты паказчык можа быць значна большы. Напрыклад, для цяжарных жанчын. Так, адно з дасьледаваньняў, праведзеных у Афрыцы, паказала сьмяротнасьць 12% сярод цяжарных.

«Славіцца» адзёр сваімі ўскладненьнямі, ад якіх цярпяць каля траціны пацыентаў, бо вірус адмоўна ўплывае на імунную сыстэму. Сярод ускладненьняў дыярэя, атыт, пнэўманія, а таксама цяжкія пашкоджаньні галаўнога мозгу, якія кепска лечацца і ўрэшце прыводзяць чалавека да інваліднасьці.

Чаму вярнулася нібы забытая хвароба адзёр

Паводле дзіцячага рэаніматоляга Андрэя Вітушкі, адказ вельмі просты: зьнізілася напружанасьць імунітэту, бо людзі пачалі адмаўляцца ад вакцынацыі. У нашым рэгіёне сваё дадала вайна, якая справакавала вялізную хвалю эміграцыі, і эпідэмія COVID-19, калі было не да вакцынацыі ад іншых інфэкцый.

Андрэй Вітушка
Андрэй Вітушка

— Рост адбыўся ня толькі ў Беларусі, але і ў ЗША, дзе ў 2019 годзе быў зафіксаваны ўсплёск захворваньня на адзёр, які тлумачыцца менавіта адмаўленьнем ад вакцынацыі. Адзёр — вельмі заразная інфэкцыя, таму, каб трымаць яе пад кантролем, трэба, каб ад 85% папуляцыі мелі імунітэт. Цяперашні рост захворваньня акурат нам і паказвае, што вакцынацыя рэальна працуе і інфэкцыі, якія ёй кантралююцца, нікуды ня зьніклі, а ня шкодзяць нам, як маглі б, толькі таму, што ёсьць напружаны калектыўны імунітэт... Калі я вучыўся ў мэдунівэрсытэце ў канцы 1990-х, нам адзёр паказвалі толькі на карцінках. Таксама толькі ў тэорыі расказвалі, што ёсьць такая інфэкцыя, як коклюш, казалі, што верагоднасьць сустрэцца з інфэкцыямі, якія кантралююцца вакцынацыяй, вельмі нізкая. Час паказаў, што гэта ня так. Апошнія дзесяць гадоў сур’ёзна вырасла колькасьць захворваньня на кохлік, адзёр стаў зноў актуальнай інфэкцыяй.

Калі пішуць, што ў ХІХ стагодзьдзі сярэдняя працягласьць жыцьця была 40 гадоў, гэта ня значыць, што людзі паміралі ў 40 гадоў: гэта значыць, што была высокая дзіцячая сьмяротнасьць, у тым ліку з прычыны дзіцячых хваробаў, такіх як сьвінка, адзёр, кохлік, адзначае супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту, мікрабіёляг Вікторыя Дароніна.

— Дастаткова зайсьці на старыя могілкі, каб убачыць, што большасьць магілаў — дзяцей да 5 гадоў. Адным з галоўных дасягненьняў мэдыцыны ХХ стагодзьдзя стала стварэньне вакцынаў супраць гэтых хвароб. Практычна паўсюдная вакцынацыя стварыла калектыўны імунітэт, і на працягу аднаго-двух пакаленьняў у разьвітых краінах людзі забыліся, што азначаюць гэтыя хваробы. Потым значная колькасьць людзей стала лічыць, што прышчэпкі не патрэбны і нават могуць быць шкоднымі. Але гэта падман. Адзіным вірусным захворваньнем, якое ўдалося зьнішчыць у жывой прыродзе, зьяўляецца вірус воспы, апошні выпадак захворваньня якой быў зафіксаваны ў 1978 годзе. Іншыя вірусы, у тым ліку вірус адру, працягваюць цыркуляваць у дзікай прыродзе. Як толькі падае калектыўны імунітэт, вірус пачынае распаўсюджвацца сярод людзей, у выпадку адру — сярод дзяцей. У выпадку захворваньня на адзёр для стварэньня калектыўнага імунітэту патрэбна 95% прышчэпленых.

Прычыны — ковід, вайна, рух антыпрышчэпачнікаў, недавер да дзяржавы

Імуноляг і алерголяг Ганна Барушка зьвязвае цяперашні рост захворваньня на адзёр у Беларусі і сьвеце зь некалькімі фактарамі. Адзін зь іх — эпідэмія COVID-19, празь якую многія не маглі зрабіць прышчэпкі своечасова ў адпаведнасьці з нацыянальным календаром прышчэпак. Але і недавер да вакцынацыі як практыкі наагул.

У 2022 годзе 74% дзяцей атрымалі абедзьве дозы вакцыны супраць адру, і каля 83% дзяцей у сьвеце атрымалі адну дозу вакцыны супраць адру да свайго першага дня нараджэньня. Для забесьпячэньня імунітэту і перадухіленьня ўспышак захворваньня рэкамэндуюцца дзьве дозы вакцыны, паколькі не ва ўсіх дзяцей імунітэт выпрацоўваецца зь першай дозы.

У 2022 годзе прыкладна 22 мільёны немаўлят прапусьцілі прынамсі адну дозу вакцыны супраць адру падчас плянавай імунізацыі, дадае Ганна Барушка.

Найбольшыя лічбы захворваньня ў ЭЗ на адзёр летась назіраліся ў Румыніі. Экспэрты мяркуюць, што да такога ўсплёску, падобна, прывёў нізкі ахоп вакцынацыяй сярод дзяцей з прычыны адмовы бацькоў рабіць прышчэпкі.

— У 2021-2022 гадах я працавала ва Ўкраіне ў ковідным аддзяленьні, пасьля пачатку поўнамасштабнай вайны стала адной з уцекачоў, таму магу падзяліцца назіраньнямі аб тым, як яно было ва ўкраінскай папуляцыі. Зараз, падчас вайны, ва Ўкраіне, зразумела, прышчапіцца своечасова вельмі складана: разбураны мэдычныя ўстановы, парушаюцца пастаўкі і магчымасьць захаваньня вакцынаў, не стае мэдпэрсаналу і г. д. Але для вакцынацыі існуюць і значныя інфармацыйныя перашкоды — як з боку пацыентаў, так і з боку мэдпэрсаналу.

Ганна Барушка згадвае буйны ўсплёск адру ў Румыніі ў 2023 годзе, праўдападобна, зьвязаны з уцекачамі.

— Падчас працы ў ковідным аддзяленьні даволі часта сустракаліся пацыенты, якія, трапіўшы на шпіталізацыю, прызнаваліся, што сэртыфікат аб вакцынацыі быў «куплены»: прышчэпкі насамрэч яны не рабілі. Пасьля пачатку поўнамасштабнай вайны я валянтэрыла ў цэнтры забору мазкоў на ковід і вакцынацыі ў Рыме для ўкраінскіх уцекачоў. Італьянскія дактары, якім я перакладала тое, што казалі ўкраінцы, не маглі да канца зразумець, чаму шмат хто зь іх сабе і дзецям адмаўляўся рабіць прышчэпкі. Нават калі прышчэпкі былі абавязковыя для наведваньня дзіцячых устаноў адукацыі, пэўны працэнт украінцаў не пагаджаўся іх рабіць. Існуе даволі вялікая колькасьць тых, хто чытаў (ці нават працягвае чытаць) нядобраякасныя расейскамоўныя крыніцы аб вакцынацыі, дзе шмат антыпрышчэпных страшылак. Нават украінскія студэнты-мэдыкі, у якіх я выкладала некаторы час, вельмі часта выкарыстоўвалі для падрыхтоўкі да заняткаў расейскамоўную інфармацыю «з гуглу», што не адпавядала сучаснаму ўзроўню мэдычных ведаў. Дэзынфармаванасьць, на жаль, сустракалася і сярод калег.

Паводле Ганны Барушкі, яшчэ адзін з жахаў для сьвядомасьці лекара — «адзёрныя вечарынкі», калі бацькі сьвядома адпраўляюць невакцынаванае дзіця заразіцца ад таго, хто захварэў... Пра магчымыя ўскладненьні «лёгкай» інфэкцыі, шпіталізацыю, энцэфаліт і сьмерць як вынік наведваньня такой імпрэзы мала хто сапраўды думае загадзя.

Паводле алерголяга-імуноляга Ганны Барушкі, да непрышчэпленых эўрапейцаў, украінскіх уцекачоў і мігрантаў дадаюцца і ўцекачы расейцы, якія ў асноўным маюць такое ж стаўленьне да прышчэпак, зрэшты, агульнае для постсавецкай прасторы. Дастаткова і беларусаў, якія адмоўна ставяцца да прышчэпак. Проста нас ня так шмат у параўнаньні зь пералічанымі суседзямі, адзначае экспэртка.

У Беларусі ёсьць і іншы аспэкт — агульны недавер да дзяржавы, які пашыраецца і на недавер да мэдычнай сыстэмы і для вакцынацыі, кажа Андрэй Вітушка.

— Бяда з даверам да дзяржавы, даверам да вакцынацыі. Нядаўна былі дадзеныя, што 40% насельніцтва не вакцынавалася ад грыпу і лічыць гэта не патрэбным. Падчас каранавіруснай інфэкцыі былі дасьледаваньні, якія паказалі вельмі малы давер (самы нізкі ў нашай частцы Эўропы) да прышчэпак ад каранавірусу. Гэта ў тым ліку і недапрацоўка органаў, адказных за гэтую вакцынацыю. Гэта паказчык крызісу даверу да дзяржавы ўвогуле і ў нейкай ступені сыстэмы аховы здароўя як праявы гэтай дзяржавы. Я не выключаю, што такім чынам людзі паказваюць, што там дзе можам, мы засьцерагаемся ад умяшаньня дзяржавы ў наш арганізм. І гэта мае такія наступствы.

У якіх краінах сьвету найгоршая сытуацыя і ў чым прычыны

Адзёр зьяўляецца адной з асноўных прычын дзіцячай сьмяротнасьці ад вірусаў у краінах Азіі і Афрыкі, канстатуе мікрабіёляг Вікторыя Дароніна.

У эўрапейскім рэгіёне з 30 000 выпадкаў (студзень—кастрычнік 2023 году) 21 000 шпіталізацый і 5 зьвязаных з хваробай сьмерцяў. Гэта 30-разовае павелічэньне ў параўнаньні з 2022-м (дадзеныя САЗ, 14 сьнежня 2023).

У Заходняй Эўропе гэта тлумачаць у асноўным падзеньнем узроўню вакцынацыі падчас COVID-19, але нельга ня ўлічваць і ўплыў «антываксэраў», лічыць мікрабіёляг.

Як зьявіліся «антываксэры»

Мікрабіёляг Вікторыя Дароніна расказвае, што антыпрышчэпачны рух першапачаткова зьяўляўся амэрыканскім фэномэнам, але актывізаваўся пасьля публікацыі ў 1998 годзе ў аўтарытэтным брытанскім мэдыцынскім часопісе The Lancet артыкулу брытанскага лекара Эндру Уэйкфілда аб нібы сувязі паміж трайной вакцынай супраць адру, паратыту і коклюшу і аўтызмам.

— Аднак паўтарыць «вынікі», якія былі зробленыя ў дасьледаваньні толькі 12 старанна адабраных дзяцей, нікому не ўдалося. Сьледзтва выявіла, што Уэйкфілд атрымліваў грошы за «дасьледаваньні», што ён разьлічваў зарабіць мільёны на дыягностыцы і што дадзеныя ў артыкуле былі сфальсыфікаваныя. Брытанская генэральная мэдычная рада пазбавіла Уэйкфілда званьня лекара і забараніла яму займацца мэдыцынскай дзейнасьцю ў Вялікай Брытаніі. Аднак Уэйкфілд пераехаў у ЗША, дзе стаў адным з гуру антыпрышчэпнікаў. Мала хто з антыпрышчэпачных «агітатараў» ведае імя Ўэйкфілда і можа расказаць, як усё пачалося, тым больш што ніякія факты іх не цікавяць. Пра тое, што вакцынацыя супраць адру — гэта дрэнна і лепш яе не рабіць, звычайныя бацькі чулі толькі ад маці/сяброўкі/калегі. А калі ў дзіцяці тэмпэратура 40 і ён пакрываецца плямамі адру, ужо позна, застаецца толькі спадзявацца, што хвароба ня скончыцца сьлепатой.

Як экспэрты ацэньваюць сьвядомую рызыку адмовы ад вакцынацыі дзяцей

Мікрабіёляг Вікторыя Дароніна прызнаецца, што ёй асабіста непрыемна чуць пра людзей, якія на падставе чутак сьвядома робяць выбар не вакцынаваць сваіх дзяцей.

— Мая маці нарадзілася пасьля Другой сусьветнай вайны, але ў яе была старэйшая сястра, якая памерла ад адру ў эвакуацыі ў Новасібірску, бо не хапала вакцынаў. Я вельмі шкадую, што ў мяне магла быць яшчэ адна цётка, магчыма, стрыечная сястра, але адзёр мяне гэтага пазбавіў. Ідэя, што людзі сьвядома падвяргаюць сваіх дзяцей рызыцы сур’ёзных хвароб і сьмерці пры наяўнасьці вельмі надзейнай вакцыны, якая працавала дзесяцігодзьдзямі, проста не ўкладаецца ў маёй галаве.

Ганна Барушка працягвае думку Вікторыі Даронінай.

— Вакцынацыя дазволіла зьнізіць колькасьць выпадкаў хваробы на 99% у параўнаньні з часам, калі вакцынацыі ад яе не існавала. Вось і памножце лічбы ў 100 разоў. Ці хацелі б бацькі страчваць дзяцей ад хваробы ў 100 разоў часьцей? Ёсьць і больш дакладныя лічбы: падчас успышкі ў Нідэрляндах верагоднасьць заражэньня ў невакцынаваных людзей была ў 224 разы вышэй, чым у вакцынаваных.

Пэдыятра Андрэя Вітушку палохае тэндэнцыя адмовы ад прышчэпак.

— Для мяне як для пэдыятра вельмі дзіўная сытуацыя — з аднаго боку, усё менш дзяцей нараджаецца ў нашай частцы сьвету, але мы ўсе часьцей разважаем, «а давайце ня будзем іх прышчапляць», паводзячы сябе так, быццам гэтых дзяцей не шкада, мы наробім новых. Трохі нелягічныя паводзіны для мяне, па шчырасьці.

Апытаныя намі беларускія экспэрты аднолькава адказваюць на пытаньне, што можа спыніць эпідэмію адру: павелічэньне агульнага ўзроўню вакцынацыі.

Што да прагнозаў разьвіцьця захворваньня, то мікрабіёляг Вікторыя Дароніна лічыць, што празь нізкі ўзровень вакцынацыі ў наступныя гады адзёр зможа «дацягнуцца» да ўсіх непрышчэпленых і людзей з аслабленым імунітэтам, «прайшоўшыся касой праз папуляцыю».

— Наколькі гэта мэханізм натуральнага адбору людзей, якія ўмеюць адрозьніваць надзейную інфармацыю ад фальшывай і не паддавацца на масавую гістэрыю, адкрытае пытаньне. Калі вы ведаеце ці падазраяце, што вы самі ці вашы дзеці любога ўзросту непрышчэпленыя, трэба зрабіць прышчэпку.

Важныя пытаньні і адказы пра вакцынацыю супраць адру

— Ці трэба рабіць аналіз на антыцелы і, калі іх няма, паўтараць прышчэпку, якую рабілі ў дзяцінстве?

Ганна Барушка: Звычайна не. Неабходна вакцынаваць, калі запіс аб прышчэпцы адсутнічае ў мэдычных запісах пацыента. Можна адправіць пацыента на дасьледаваньне IgG да інфэкцыі (паглядзець «імунную памяць»). І чалавека з нэгатыўнымі або сумнеўнымі вынікамі патрэбна адназначна вакцынаваць. Ці патрэбныя паўторныя прышчэпкі? Залежыць ад узросту. Дзеці атрымліваюць першую прышчэпку ў 12-15 месяцаў і ў 4-6 гадоў рэвакцынуюцца. Невакцынаваныя падлеткі і дарослыя атрымліваюць адну прышчэпку. Дзьве дозы даюць добрую імунную абарону ў 97% выпадкаў, адна — у 93%. .

— Ці ў бясьпецы цяпер тыя, хто зрабілі прышчэпкі ў дзяцінстве?

Ганна Барушка: Так. Калі зьвестак аб вакцынацыі няма, абавязкова трэба зрабіць прышчэпку.

— Чаму прышчэпка бясьпечная?

Ганна Барушка: Таму што яна дае магчымасьць напрацаваць антыцелы, падрыхтавацца да «вайны» з інфэкцыяй («ворагам») ва ўмовах паўнавартаснай трэніроўкі. Адная справа трапіць на вайну без якога-небудзь досьведу трыманьня зброі ў руках, і зусім іншая — прайшоўшы трэнінг і ведаючы, у каго, як і чым страляць, праводзячы алегарычнае параўнаньне з вайной. Безумоўна, і падчас трэніровак можна сабе прастрэліць што-небудзь, бываюць памылкі і сумныя выпадкі і падчас вакцынацыі. Але значна большая колькасьць стратаў адбываецца менавіта падчас «вайны» — хваробы. Асабліва сярод «непадрыхтаваных», невакцынаваных пацыентаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG