Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі праблемы з вакцынамі супраць адру падчас уздыму захворваньня


Вакцынацыя. Ілюстрацыйнае фота
Вакцынацыя. Ілюстрацыйнае фота

Паводле Міністэрства аховы здароўя, сёлета зарэгістравалі 140 выпадкаў заражэньня адром. Зь лістапада назіраецца ўздым захворваньня — зарэгістравана больш за 90 выпадкаў. Мэдыкі нагадваюць бацькам аб вакцынацыі, а чытачы скардзяцца на перабоі з вакцынамі ў дзіцячых паліклініках, піша Onliner.

Цяпер адзёр рэгіструюць у Берасьцейскай, Гомельскай, Менскай абласьцях і Менску. На дзяцей прыпадае 48 працэнтаў выпадкаў заражэньня. Такія зьвесткі ўчора апублікавала Міністэрства аховы здароўя.

Мэдыкі адзначаюць, што ў зоне рызыкі — непрышчэпленыя. На іх прыпадае 74 працэнты выпадкаў захворваньня. А сярод хворых дзяцей гэты паказьнік узьлятае да 90 працэнтаў. Аднак у статыстыку трапляюць ня толькі дзеці, прышчэпку якім вырашылі не рабіць бацькі. Уключаюць і тых, каму яе рабіць яшчэ рана (да аднаго году).

Міністэрсва аховы здароўя падкрэсьлівае, што вакцынацыя — «самы бясьпечны і эфэктыўны спосаб абароны» ад хваробы. Камбінаваная вакцына ад адру, паратыту і краснухі ўваходзіць у Нацыянальны каляндар прафіляктычных прышчэпак, яе робяць бясплатна. Дзяцей прышчапляюць двойчы: у 1 год і 6 гадоў. Лічыцца, што пасьля ўвядзеньня адной дозы ў больш як 95% дзяцей фармуецца доўгачасовы імунітэт, пасьля другой — амаль у 100%.

Пры гэтым чытачы выданьня Onliner паведамляюць аб перабоях з пастаўкамі вакцыны ў паліклініках і прыватных цэнтрах. Журналісты выданьня таксама абзванілі 12 дзіцячых паліклінік гораду. У васьмі зь іх вакцына ёсьць, у адну паступіць сёньня. А вось у трох установах прышчапіцца пакуль нельга. У прыватных мэдцэнтрах сытуацыя больш складаная. Журналісты зьвярнуліся ў тры — вакцыны няма ні ў адным зь іх. Дакладных тэрмінаў паступленьня прэпаратаў не назвалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG